Жыве такі чалавек

Общество

Каля года  таму ў народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” раённага Цэнтра культуры  завітаў чалавек, якога да гэтага некаторыя з нас бачылі на  сцэне, калі ён спяваў пад гармонік  на  раённым фестывалі “Залаты шлягер” і падчас агляду-конкурсу  мастацкай самадзейнасці сельсаветаў раёна.

Як прызнаўся сам Станіслаў Міхайлавіч Пупко, калі вярнуўся пасля дваццаціпяцігадовага пражывання ў Расіі на сваю малую радзіму, у рэпертуары яго было некалькі дзясяткаў рускамоўных песень розных кампазітараў. Там, на Валагодчыне, ён удзельнічаў  у розных песенных конкурсах і займаў прызавыя месцы.

Калі ж вярнуўся на Валожыншчыну, у бацькоўскі куток, сам пачаў пісаць вершы і песні, у тым ліку і на роднай мове, якую любіць усёй душой. Відаць, родная зямля так аддзячвае яму натхненнем за вяртанне, за сыноўнюю любоў і адданасць.

Станіслаў Міхайлавіч стаў актыўным удзельнікам   літаратурнай суполкі. Прыемна, што і яго жонка Тамара Аляксандраўна (дарэчы, расіянка) горача падтрымлівае мужа ў яго творчасці,  з задавальненнем і цікавасцю бывае ўсюды разам з ім. А трэба сказаць, ніводзін канцэрт, ні адно мерапрыемства “Руні” не праходзіць без Пупко, нягледзечы на тое, што жыве ён не так блізка ад райцэнтра – у вёсцы Часнакі  Івянецкага сельсавета. Ездзіць на ўласнай аўтамашыне, а калі трэба, і іншых рунеўцаў, ды і не толькі, падвязе.

Валожынцы вельмі палюбілі яго голас, які так прыгожа і вольна льецца са сцэны пад уласны акампанемент, яго песні пра  родныя мясціны, Валожыншчыну, Беларусь.

Гэты творца клапоціцца, каб неяк разнастаіць жыццё вяскоўцаў, асабліва ў малых аддаленых населеных пунктах. Ён вырашыў наведацца ў некаторыя вёскі з уласнымі канцэртамі. Яго ідэю ахвотна падтрымала мясцовае кіраўніцтва. Напрыклад, з нагоды Дня пажылых людзей  і Тыдня маці разам са старшынёй Івянецкага сельвыканкама Інай Раманаўнай Яновіч і сацыяльным інспектарам Алай Чаславаўнай Руцько Станіслаў Міхайлавіч Пупко пабываў у вёсках Раднікі, Проўжалы, Баравікі, а таксама выступаў перад жыхарамі Старынак, Пральнікаў, Курдуноў, Пяршаяў.

Па паўтары гадзіны, а дзе і значна больш, не адпускалі вяскоўцы творцу, які цешыў іх душы і сэрцы як песнямі іншых аўтараў, так і ўласнымі творамі, перамяжоўваючы іх сваімі ж, пераважна жартоўнымі, вершамі.

У многіх мясцінах са шчырай падзякай   запрашалі Станіслава Міхайлавіча прыехаць  яшчэ. Так што  наперадзе ў яго яшчэ нямала творчых сустрэч, як сумесна з удзельнікамі “Руні”, так і асабістых. Хочацца ад шчырага сэрца пажадаць гэтаму таленавітаму творцу, няўрымсліваму чалавеку здзяйснення ўсіх задумаў і мар. І, вядома ж, нязгаснага творчага натхнення.

Валянціна РУСАКЕВІЧ



Добавить комментарий