Першыя –спартсмены ў пагонах

Официально

На базе СШ № 2 прайшла раённая спартакіяда. У спаборніцтвах прынялі ўдзел  каманды навучальных устаноў, сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, іншых арганізацый раёна.

Асноўная мэта, якую ставілі перад сабой арганізатары мерапрыемства, – папулярызацыя фізічнай культуры і спорту ў працоўных калектывах; выяўленне лепшых каманд, здольных абараняць гонар раёна на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Згодна з палажэннем аб правядзенні спартакіяды, у склад каманд увайшлі мужчыны і жанчыны. Узрост удзельнікаў быў вельмі разнастайны. Напрыклад, каманду вайсковай часці  ў асноўным склала моладзь,  у каманды ЖКГ  і “ДРБУ-167” увайшлі сталыя спартсмены Міхаіл Міхайлавіч Унучак,  Уладзімір Іванавіч Патапенкаў, Вячаслаў Вітальевіч Косік,  Дзмітрый Васільевіч Ажарэльеў. Хочацца адзначыць, што ні фізічнай формай, ні жаданнем перамагаць яны не адрозніваліся ад маладых ігракоў.

У праграму спартакіяды былі ўключаны стральба, настольны тэніс, шахматы і валейбол. Барацьба за  прызавыя месцы разгарнулася паміж трыма камандамі і была напружанай. Лепшымі стралкамі, як, напэўна, і павінна быць, аказаліся вайскоўцы. Яны ж перамаглі і ў спаборніцтвах па валейболе. Як адзначыў начальнік фізічнай падрыхтоўкі і спорту  брыгады Аляксандр Юр’евіч Аўсіенка, на якога быў ускладзены абавязак сфарміраваць каманду, кіраўніцтва вайсковай часці  вельмі сур’ёзна ставіцца да спартыўнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых і стараецца ствараць для гэтага ўсе ўмовы. А старшы лейтэнант Дзмітрый Чэрнік, лейтэнант Міхаіл Карчэўскі і радавы Віталь Кулажанкаў сваімі дасягненнямі падаюць добры прыклад моладзі. Вынік намаганняў спартсменаў у пагонах – першае месца ў агульным заліку. Настольны тэніс і шахматы аказаліся “каньком” каманды “ДРБУ-167”, у іх другое месца.  Трэцімі сталі спартсмены з ЖКГ. Спадабаліся балельшчыкам  каманды лясгаса і СВК “Пяршаі-2003”, якія, хоць і не занялі прызавых месц, але выглядалі вельмі прывабна і трымаліся стойка.

Галоўны суддзя спаборніцтваў Аксана Аляксандраўна Гладчанка заўважыла, што ўзровень падрыхтоўкі  каманд расце. Аднак сярод удзельнікаў амаль штогод аказваюцца  адны і тыя ж прадпрыемствы. Таму будзем спадзявацца, што  ў наступным годзе заяўкі на ўдзел у спартакіядзе пададуць нават тыя ўстановы, якія пакуль на гэта не адважыліся.

Валянціна Краўневіч,

фота аўтара



Добавить комментарий