Iнiцыятыўнасць i старанне – надзейныя ключы поспеху

Общество

29 кастрычніка прадстаўнічы журналісцкі дэсант рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ накіраваўся ў Вілейскі  раён. У гэты дзень тут прайшла і прэс-канферэнцыя старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Барысавіча Шапіры.

А па традыцыі рабочы дзень пачаўся з наведвання найбольш значных і стабільна працуючых аб’ектаў сацыяльнай сферы, прадпрыемстваў Вілейшчыны.

Наш маршрут пралёг і дарогамі гістарычнай памяці…

Своеасаблівая творчая камандзіроўка ўразіла, зарадзіла аптымізмам з самага пачатку. Бо першым суразмоўцам карэспандэнтаў стаў сапраўдны прафесіянал, чалавек зайздроснай эрудыцыі, кіраўнік-падзвіжнік Вячаслаў Макушынскі.

Ён працуе дырэктарам беларуска-германскага СТАА “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Надзея”. Тут аздараўляюцца дзеці з розных куточкаў Беларусі, якія пацярпелі ад паследкаў Чарнобыльскай АЭС. Умовы створаны максімальна камфортныя. За змену, якая цягнецца 24 дні, выхаванцы праходзяць эфектыўны курс рэабілітацыі. Аздараўленне звязана з паўнавартасным навучаннем па школьнай праграме.

Адначасова ўстанова прымае 310 дзяцей. А ў летні перыяд гэта гаманлівая сям’я значна павялічваецца. Тут адпачываюць хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з праблемным здароўем, але і падлеткі з нядобранадзейных сем’яў, дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў суправаджэнні бацькоў ці валанцёраў.

Заснаваннем установы лічыцца далёкі 1989 год. За гэты час “Надзея” дасягнула прэстыжнага статусу адной з лепшых падобных устаноў краіны. Тут ужо прайшлі санаторна-курортнае лячэнне амаль 70 тысяч школьнікаў. У развіццё цэнтра ўкладзена каля 16,5 мільёна еўра, у тым ліку 8,5 мільёна сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Абсталяваны сучасныя карпусы, узведзены комплексныя пляцоўкі, якія ўдала ўпісаліся ў прыродны лясны ландшафт. На ўласным сельскагаспадарчым участку па тэхналогіях экалагічнага земляробства вырошчваюцца агародніна, збожжавыя культуры. Узведзены прасторныя цяпліцы. Ёсць нават свой пчальнік на 22 вуллі. Вырошчваюцца лекавыя расліны для фітатэрапіі.

Не менш уразіў нас і наступны аб’ект – прыдарожнае кафэ “Украінскі дворык”, дзе гаспадарыць Людміла Шушкевіч.

Утульныя абедзенныя залы для наведвальнікаў, каларытны дызайн інтэр’еру, добрая кухня, высокая культура абслугоўвання – асноўныя паказчыкі папулярнасці гэтай установы не толькі сярод жыхароў раёна.

Па традыцыі ўсе, хто прыязджае на Вілейшчыну, стараюцца наведаць знакавае не толькі ў гісторыі раёна, але і ўсёй Беларусі месца – мемарыяльны комплекс памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” ў вёсцы Заброддзе.

Асабіста я з калегамі-рэпарцёрамі была тут ужо двойчы. Але заўсёды ўспрымаеш гэты аб’ект па-новаму, зноў адкрываеш для сябе шмат невядомых дагэтуль звестак. І заўсёды не перастаеш захапляцца вялікім энтузіязмам, працавітасцю Барыса і Валянціны Цітовічаў. Менавіта яны стаялі ля вытокаў стварэння гэтага комплексу, далучыўшы потым да гэтай высакароднай працы сотні іншых людзей-энтузіястаў. Наведваюць гэта месца на Вілейшчыне і шматлікія замежныя турысты, якія цікавяцца гісторыяй, нашым агульным гістарычным мінулым.

Сям’я Цітовічаў – гэта прыклад выключнай інтэлігентнасці. Яны – былыя выпускнікі тэатральна-мастацкага інстытута. Муж – мастак, жонка – таленавіты рэжысёр. Дзякуючы падзвіжніцтву гэтых нераўнадушных, творчых людзей, сціплая вёсачка Заброддзе набыла шырокую вядомасць не толькі на постсавецкай прасторы. Тут шмат зроблена па ўвекавечанні ахвяр самай спусташальнай, самай трагічнай па колькасці загінуўшых – Першай сусветнай вайны. Прыведзены ў парадак шматлікія пахаванні былых адважных змагароў. На месцы, дзе ў ваеннае ліхалецце размяшчаўся франтавы шпіталь, цяпер устаноўлены памятны знак. Сіламі Цітовічаў сабрана ўнікальная калекцыя экспанатаў – сведчанне таго трагічнага і гераічнага часу.

Па ініцыятыве Цітовічаў і з блаславення мітрапаліта ў Заброддзі ўзведзена драўляная капліца ў гонар святых рускіх князёў Барыса і Глеба, якія прынялі пакутніцкую смерць, каб спыніць войны паміж рускімі княствамі. У прытворы капліцы пакуль захоўваюцца і музейныя экспанаты.

У гэтай лясной вілейскай вёсцы закладзена Алея памяці ў гонар землякоў, якія загінулі на вайне. 9 Мая тут штогод праводзяцца ўрачысты малебен і Хрэсны ход. Сотні людзей прыязджаюць сюды. Мемарыяльны комплекс у асноўным узводзіўся на сродкі энтузіястаў. На высакародную мэту аддаў Барыс Цітовіч і сваю рэспубліканскую прэмію “За духоўнае адраджэнне”.

Наведванне гэтага гістарычнага месца ў Заброддзі, безумоўна, аказвае на кожнага чалавека вялікае эмацыянальнае, псіхалагічнае ўздзеянне. Гэты стан няпроста перадаць словамі.

Не выпадкова, што, пакінуўшы мемарыял Першай сусветнай вайны, затым было цяжка настроіць свой розум на ўспрыняцце інфармацыі матэрыяльнага характару. Маю на ўвазе прамысловыя будні аднаго з буйных прадпрыемстваў Вілейшчыны ў сферы дрэваапрацоўкі –ААТ “Буддэталі”, якое размешчана ў раённым цэнтры, куды мы неўзабаве і наведаліся. Гэта прадпрыемства займаецца лесанарыхтоўкай, перапрацоўкай драўніны, выпускам высакаякасных дзвярных блокаў. Не так даўно яно выйшла на рынак з новай гандлёвай маркай “YILARIO”. Усе мерапрыемствы па мадэрнізацыі вядуцца за кошт уласных сродкаў. Экспарт прадукцыі тут у чатыры разы пераўзыходзіць імпарт.

У высокай арганізацыі вытворчага працэсу журналісты пераканаліся і на Вілейскай мэблевай фабрыцы. Яна адгружае сваю канкурэнтную прадукцыю ў Расію, іншыя краіны постсавецкай прасторы, а таксама ў Чэхію, Турцыю, Польшчу. А ў Францыі вялікай папулярнасцю карыстаецца вілейская мэбля з модным цяпер дызайнерскім рашэннем – эфектам “старэння”. Сёлета на фабрыцы праведзены комплекс мерапрыемстваў па эканоміі энергетычных рэсурсаў, завершана тэхнічнае пераабсталяванне вытворчасці. Сёлета запланавана інвеставаць у вытворчасць у агульным аб’ёме 8655 мільёнаў рублёў уласных сродкаў.

Вытворчая тэма, эканамічны аналіз дасягненняў і пралікаў, але ўжо не ў маштабах раёна, а Мінскай вобласці ў цэлым, знайшлі свой лагічны працяг у час прэс-канферэнцыі старшыні аблвыканкама Сямёна Барысавіча Шапіры, якая прайшла ў актавай зале Вілейскага райвыканкама.

Першае пытанне рэпарцёраў тычылася эканомікі, у прыватнасці, забеспячэння сталічнай вобласцю паказчыка ўнутранага валавога прадукту. Тут, як зазначыў старшыня аблвыканкама, Міншчына лідзіруе ў рэспубліцы. Добры тэмп УВП перш-наперш забяспечаны дзякуючы прыкметнаму росту прамысловай прадукцыі. Рашаючую ролю тут іграе, вядома ж, такі гігант, як салігорскі “Беларуськалій”. На жаль, збавіў абароты жодзінскі “БелАЗ”. Не ўсё гладка сёлета складваецца і на Барысаўскіх прадпрыемствах.

Сямён Барысавіч з задавальненнем зазначыў, што на тэрыторыі вобласці з’явілася шмат новых прадпрыемстваў. Актыўна развіваецца прыватны бізнес, і дадаў, што 60 працэнтаў жыхароў сталічнага рэгіёна працуе ў прыватных структурах. А здаровая канкурэнцыя толькі на карысць! Гэта тычыцца не толькі прамысловай галіны, але і гандлёвай сферы, сектара абслугоўвання.

Зайшла размова і пра справы ў сельскай гаспадарцы. На жаль, у некаторых раёнах стараюцца эканамічную сітуацыю паправіць дзякуючы лёгкаму спосабу – прыпіскам. Гэта недапушчальна! Па выяўленых негатыўных фактах будуць прымацца кардынальныя меры. С. Б. Шапіра прывёў прыклад, як пасля таго, калі аптымальныя тэрміны сяўбы азімых ужо закончыліся і ўсе адрапартавалі аб зробленым,  у некаторых раёнах усё яшчэ працягвалі дасяваць. І такіх ілжывых гектараў пасля праверкі на месцах сабралася аж каля 6 тысяч. Вінаватыя панясуць адказнасць. Будуць рашуча выкараняцца і прыпіскі ў малочнай галіне. Статыстычная справаздачнасць заўсёды павінна быць дакладнай, аб’ектыўнай!

Безумоўна, закраналася і актуальная цяпер тэма – увядзенне адказнасці за дармаедства. Старшыня аблвыканкама прытрымліваецца такой пазіцыі: чалавек, які свядома нідзе афіцыйна не працуе, не папаўняе казну падаткамі, не павінен нароўні з астатнімі членамі нашага грамадства карыстацца і бясплатным медыцынскім абслугоўваннем, іншымі распаўсюджанымі сацыяльнымі льготамі…

Характарызуючы сітуацыю ў аграрным сектары эканомікі, С. Б. Шапіра прывёў прыклады паспяховай работы інвестараў. Капітал ідзе найперш туды, дзе яму выгадна. Добры прыбытак дае вырошчванне агародніны. Смялей бяруцца некаторыя інвестары і за працаёмкую жывёлагадоўчую галіну. Быў прыведзены прыклад будаўніцтва буйнога свінагадоўчага комплексу ля вёскі Даўгулёўшчына нашага раёна. Ёсць у Мінскай вобласці і станоўчыя прыклады паспяховага развіцця фермерства.

У некаторых раёнах, у прыватнасці, Мядзельскім, Маладзечанскім, Нясвіжскім, Слуцкім і іншых “гуляе” нямала свабоднай зямлі. Калі ёсць жаданне ў фермераў забраць яе, то іх ініцыятыву нельга стрымліваць. Расказаў С. Б. Шапіра журналістам і пра мерапрыемствы, якія будуць рэалізаваны ў Мінскай вобласці па аднаўленні свінапагалоўя ў выніку негатыўных паследкаў эпідэміі афрыканскай чумы.

Закраналася і тэма выканання рамонтных работ гаспадарчым спосабам ва ўстановах сацыяльнай сферы. Гэты вопыт апраўдвае сябе цалкам, і яго варта настойліва пашыраць. У наступным годзе плануецца такім чынам у належны стан прывесці запатрабаваныя ўстановы культуры.

У час прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанні журналістаў, С. Б. Шапіра выказаў сваю занепакоенасць станам некаторых гарадоў, раённых цэнтраў, пасёлкаў, у прыватнасці, Дзяржынска, Мар’інай Горкі, Стоўбцаў, Заслаўя, Бараўлянаў і інш. А “лідарам” па адсутнасці належнага добраўпарадкавання стаў Барысаў. У лік гарадоў, з якіх можна браць прыклад, трапілі Маладзечна, Слуцк, Узда, Салігорск, Старыя Дарогі і інш. Няблага выглядае, як было зазначана, і наш Валожын.

На сустрэчы са старшынёй аблвыканкама абмяркоўвалася таксама тэма даўгабудаў, прычыны павелічэння квадратнага метра жылля ў некаторых ЖБК, іншыя надзённыя тэмы з жыцця вобласці.

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий