НЕ РАСТРАЦІЦЬ ЗАПАС ДАБРЫНІ

Общество

    Супрацоўнікі сацыяльнай сферы раёна сёння акружаюць увагай і клопатам амаль 2000 інвалідаў. Як ідзе гэта работа, мы папрасілі расказаць дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Г. Ф. РАЙ.

    –  Галіна Фадзееўна, пад апекай Вашай службы знаходзяцца ўсе, хто мае тыя ці іншыя фізічныя абмежаванні?

    – Так, абавязкова. Іншая справа, што некаторыя па розных прычынах не жадаюць прымаць нашу дапамогу. Сярод людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, гэтак жа як і сярод здаровых, нярэдка сустракаюцца характары моцныя, здольныя змагацца з нападкамі лёсу. Яны асвойваюць новыя спецыяльнасці, растуць па службовай лесвіцы, ствараюць сем’і і ўмеюць так радавацца самым простым зямным рэчам, што ў іх і здаровыя могуць павучыцца.    

    Працаўладкавацца ім дапамагаюць спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Напрыклад, не так даўно ўладкавалі дзяўчыну-інваліда бухгалтарам. За кошт упраўлення абсталявалі ёй працоўнае месца,  расходы па аплаце працы цалкам леглі на плечы аддзела занятасці. Ёсць пастаянны “запас” працоўных месцаў для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Прадпрыемства ці арганізацыя заключае кантракт з аддзелам занятасці, па якому абавязана год ці болей забяспечваць работай інвалідаў.

    – Добра, калі чалавек мае работу, а як жывуць тыя, хто не можа працаваць?

    – Яны атрымліваюць пенсію, гуманітарную дапамогу, абслугу сацыяльных работнікаў, ільготныя лекі.

    – Адкрыццё дзённых аддзяленняў прабывання інвалідаў апраўдала сябе?

    – У вобласці зараз толькі два раёны не маюць такіх аддзяленняў. Мы сваім аддзяленнем ганарымся і глыбока перакананы, што яно прынесла карысці інвалідам і іх сем’ям нават больш, чым планавалася. Нашы наведвальнікі не толькі хутка адаптуюцца да новай абстаноўкі, але і паспяхова авалодваюць разнастайнымі навыкамі самаабслугоўвання.

    – Што можаце сказаць пра матэрыяльную базу падтрымкі інвалідаў у раёне?

    – Яна багацее, расшыраецца. РТЦСАН мае ўтульныя памяшканні, чатыры аўтамабілі, пры аддзеле адукацыі створаны выдатны карэкцыйны цэнтр для дзяцей, там таксама ёсць аўтамабіль, спецыяльна абсталяваны для інвалідаў-калясачнікаў, адкрыты бясплатны пункт пракату сродкаў рэабілітацыі, і, самае галоўнае, у раёне ёсць вопытныя спецыялісты: медыкі, педагогі, псіхолагі. Безумоўна, многае яшчэ не вырашаецца ў сілу тых ці іншых прычын, але з кожным годам станоўчыя змены адчуваюцца. Значна зменшылася колькасць бацькоў, якія адмаўляюцца ад нованароджанага дзіцяці з паталогіяй. Значыць, людзі паверылі ў падтрымку з боку дзяржавы, ведаюць, што хоць і нялёгка спраўляцца з бядой, але не застануцца з ёй сам-насам. Хачу адзначыць, што ў нашым раёне людзі ахвотна аказваюць спонсарскую і маральную падтрымку інвалідам. Прадпрыемствы і арганізацыі заўсёды ўдзельнічаюць у марафонах, якія накіраваны на збор сродкаў для дзяцей-інвалідаў, маладых інвалідаў.      

    – А якія здабыткі сусветнага вопыту ў накірунку забеспячэння дастойнай жыццядзейнасці інвалідаў варта было б пераняць нам?

    – За мяжой адразу заўважаеш, якое актыўнае жыццё могуць весці інваліды. Там дзейнічае безбар’ернае асяроддзе, якое ў нас пакуль што толькі ствараецца. Не зусім правільна, што інваліды павінны праходзіць медкамісію, каб пацвердзіць свой дыягназ… Так што ёсць чаму павучыцца, і я веру: у перспектыве мы абавязкова выйдзем на больш высокі ўзровень, галоўнае, не растраціць той запас дабрыні і спагады, які маем у сэрцы…

Гутарыла

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий