Агляд падзей у раённай газеце за лістапад 1969 года

Культура

СЛАВА НА ЎСЮ МIНШЧЫНУ

За дасягненне найлепшых паказчыкаў па вытворчасці малака і мяса на абласную Дошку гонару занесены перадавыя жывёлаводы вобласці. У ліку пераможцаў ленінскага спаборніцтва за дзевяць месяцаў ідуць і многія працаўнікі нашага раёна.

Сярод іх Яніна Станіславаўна Карпук, якая надаіла ад кожнай замацаванай каровы па 4025 кілаграмаў малака і выйшла на чацвёртае месца ў вобласці, Стэфанія Аркадзьеўна Таўгень і Вера Антонаўна Балашка з калгаса “17 верасня”, Софія Антонаўна Варанецкая з саўгаса “Праца”.

У шарэнзе правафланговых спаборніцтва ёсць і свінаркі Юлія Паўлаўна Адахоўская з калгаса “Краіна Саветаў” і Валянціна Захараўна Сабіла з калгаса “Верны шлях”.

Выдатных поспехаў дасягнулі свінаркі па гадоўлі парасят з сельгасарцелі імя М.Горкага Марыя Іванаўна Давідовіч (выгадавала ў сярэднім па 21,7 парасяці да двухмесячнага ўзросту ад кожнай асноўнай свінаматкі), Ніна Іванаўна Турло і Юзэфа Іванаўна Шайцер.

Сярод птушніц Міншчыны першае месца заняла птушніца Івянецкай птушкафабрыкі Яніна Ігнатаўна Сакалоўская, яна атрымала па 215 яек ад кожнай з 3500 курыц-нясушак.

НА ЯГО РАЎНЯЮЦЦА КАЛЕГI

Ганарацца ў саўгасе “Залескі” рабочым Васілём Ждановічам. Гэта добрасумленны, чулы і працавіты чалавек. З любоўю і стараннем адносіцца ён да сваёй работы. Вось ужо 16 гадоў бяззменна працуе ён на аўтамашыне, атрымаў мноства падзяк ад дырэкцыі саўгаса.

Поспех В. Ждановіча не выпадковы. Гэта вынік уважлівых адносін да замацаванай за ім тэхнікі, высокага шафёрскага майстэрства. Ён заўсёды ў тэрмін праводзіць тэхнічнае абслугоўванне аўтамашыны. Вялікую ўвагу надае Васіль Ждановіч і выкананню сваіх індывідуальных сацыялістычных абавязацельстваў, узятых у гонар 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна.

За дзесяць месяцаў на яго рахунку – каля двухсот кілаграмаў зэканомленых гаруча-змазачных матэрыялаў, на некалькі дзясяткаў рублёў запасных частак. На ветэрана раўняюцца таварышы па працы.

ПА ЗАКЛIКУ СЭРЦА

Пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкія людзі накіроўвалі ўсе свае намаганні на аднаўленне разбуранай гаспадаркі, органы міліцыі вялі напружаную барацьбу са спекулянтамі, раскрадальнікамі сацыялістычнай уласнасці, якія спрабавалі выкарыстаць часовыя цяжкасці, напаткаўшыя краіну, у сваіх злачынных мэтах.

Шмат чалавечых ахвяр патрабавала ліквідацыя бандыцкіх груп, якія дзейнічалі тады на тэрыторыі вызваленай краіны, у тым ліку і на Валожыншчыне. У нашым раёне ў пасляваенны тэрмін за кароткі час было ліквідавана каля дзясятка бандыцкіх груп. У барацьбе з імі загінулі многія лепшыя работнікі міліцыі: Андрэй Арцёмавіч Перагуд, Пётр Уладзіміравіч Кудлач, Якаў Ізраілевіч Каждан, Мікалай Аляксандравіч Рэуцкі і іншыя.

І зараз супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама прыкладаюць максімум намаганняў у барацьбе за ўзорны грамадскі парадак у раёне. Невыпадкова 26 міліцыянераў удастоены высокіх узнагарод. Напрыклад, інспектар крымінальнага вышуку М. М. Станцэль загадам міністра ўнутраных спраў Саюза ССР узнагароджаны Ганаровай граматай, старшы інспектар службы В. С. Польшчыкаў атрымаў імянны наручны гадзіннік. Ганаровай граматы Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай ССР удастоены ўчастковы інспектар У. Ф. Багданаў.

ВОДГУКI ДАЎНIНЫ

Калі ехаць з Івянца ў Валожын, то абавязкова трэба праязджаць праз Пяршай. Гаваркі шафёр тут жа растлумачыў карэспандэнту газеты паходжанне назвы:

– Зірніце па баках!.. Дрымучыя лясы, нібы ў Мураме. А што тут было гадоў трыста назад? Уяўляеце? Ну, вось, купцы ды розныя багацеі, што ехалі з захаду ў Івянец, не адважваліся на ноч ехаць праз гэты лес. Гулялі тады ў пушчы вольныя людзі. Помсцілі за слёзы беднякоў. Купцы спыняліся на бальшаку, у карчме. Гэта быў першы прыпынак пасля Валожына. Адсюль і назва – Пяршай…

ЗIМОЎКАПАД АДКРЫТЫМ НЕБАМ

Калі набліжаецца самая халодная пара года, у народзе кажуць: “Зіма стукаецца ў дзверы”. А вось у саўгасе “Залескі” сёлета так не гавораць. Чаму?

Бо на жывёлагадоўчай ферме, што ў вёсцы Пялікшты, няма гэтых дзвярэй. Ды і вокны тут адсутнічаюць таксама. Не лепш ідуць справы з падрыхтоўкай да зімоўкі і на ферме, што ў вёсцы Гіравічы. Не надта турбуе дырэкцыю саўгаса тое, што дах кароўніка праваліўся. Свінні ж размешчаны ў прыстасаваным для летняга ўтрымання жывёлы памяшканні, але ні ў якім разе не для зімоўкі.

Не лепшыя справы і ў калгасе “Запаветы Ільіча”. Тут зусім дрэнна з водазабеспячэннем. На ферме ў вёсцы Яршэвічы ўся сістэма выйшла са строю, а займацца яе рамонтам ніхто не збіраецца. Не ўцеплена ў вёсцы Навіны гэтай жа гаспадаркі воданапорная вежа. Ці не пара ўжо ўхіліць недахопы, таварышы кіраўнікі гаспадарак?

ШКОЛЬНIКIДАЛI ФОРУ ЎРАЧАМ

Спаборніцтвы па кулявой стральбе, падняццю цяжкасцей, перацягванні каната праводзіліся на тэрыторыі Вішнеўскай сярэдняй школы.

На пляцоўцы выстраіліся члены каманд Вішнеўскай СШ, будаўнічай брыгады сельгасарцелі імя М. Горкага, паляводчай брыгады № 2 гэтай жа гаспадаркі, Вішнеўскага сельскага спажывецкага таварыства, участковай бальніцы, лясніцтва, механізаванай устаноўкі “Клім”.

У кулявой стральбе перамагла каманда спартсменаў Вішнеўскага лясніцтва. У індывідуальным заліку мацнейшым быў настаўнік Вішнеўскай СШ К. Б. Юша.

Пасля паядынку па перацягванні каната паміж камандамі ўчастковай бальніцы і сярэдняй школы лепшымі ў гэтым відзе спорту сталі вучні-спартсмены.

ВЫРАТАВАЛI ЖЫЦЦЁ

У рэдакцыю газеты звяртаецца жыхар вёскі Лоск Гародзькаўскага сельсавета М. Лабецкі:

– Выпадкова я прастудзіўся і захварэў, спатрэбілася медыцынская дапамога. Вырашыў з’ездзіць на праверку ў Забрэзскую ўчастковую бальніцу. “Прагаласаваў”, сеў на першую трапіўшую спадарожную машыну. Праз некаторы час адчуў сябе вельмі дрэнна, папрасіў шафёра спыніцца. Пайшоў пешшу. Аднак праз хвілін дваццаць страціў прытомнасць.

Не ведаю, ці застаўся б я жывы, калі б мяне не нагнаў аўтобус Валожынскай аўтабазы № 14. Вадзіцель Анатоль Васільевіч Бацян разам з кандуктарам унеслі мяне ў аўтобус і даставілі ў цэнтральную раённую бальніцу.

Шчыра ўдзячны за чуласць і уважлівасць, праяўленыя да мяне сапраўднымі савецкімі людзьмі, зусім незнаёмымі, якія не пакінулі хворага чалавека ў бядзе ў цяжкую хвіліну.

КАШТОЎНЫ ФЛАКОН

Пра гэта пісала раённая газеты з паметкай “ТАСС”:

Пенсіянер І. А. Басалаеў рашыў уцяпліць свой старэнькі домік, што знаходзіцца на ўскраіне горада Магачы Чыцінскай вобласці. Прырода ў Забайкаллі суровая, і на зіму людзі каля дамоў насыпаюць прызбы.

Дастаткова папрацаваўшы, мужчына падумаў пра адпачынак. Ён тыкнуў рыдлёўку пад корань старой сасны. Рыдлёўка скрыпнула, быццам наткнулася на камень. Якое ж было здзіўленне гаспадара, калі ён дастаў з зямлі цяжкі флакон незвычайнай формы.

Як толькі флакон быў ачышчаны ад бруду, пад шклом заіскрыўся жоўты метал. Скарб узважылі. У старэнькім флаконе захоўвалася кілаграм і трыста грамаў золата. Па форме флакона можна меркаваць, што скарб праляжаў у зямлі больш за паўвека.

НАЎРОКДА КЛЕТКI З НУТРЫЯМI

Карыснай і цікавай справай займаюцца юннаты Валмянскай сярэдняй дапаможнай школы-інтэрната. Яны вырошчваюць дзіўных звяркоў – нутрый.

Пушніна нутрый даволі высока цэніцца нарыхтоўчымі арганізацыямі. Але гэта, як гавораць, камерцыйны бок справы. Самым жа галоўным тут з’яўляецца тое, што веды, атрыманыя на ўроках заалогіі, вучні маюць магчымасць падмацаваць на практыцы.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

4218 юнакоў і дзяўчат, якія заняты на самых розных участках грамадскай вытворчасці або вучацца ў школах, налічвае раённая камсамольская арганізацыя. У іх ліку 681 – малады рабочы і 766 – калгаснікаў.

Павялічылася колькасць членаў ВЛКСМ сярод механізатараў і работнікаў жывёлагадоўлі. Зараз у калгасах і саўгасах Валожыншчыны працуюць 273 трактарысты і камбайнеры, 38 жывёлаводаў, 10 брыгадзіраў паляводчых брыгад і загадчыкаў жывёлаводчых фермаў. Усе яны камсамольцы.

На Забрэзчыне падчас месячніку па азеляненні сельскіх населеных пунктаў высаджана 340 пладовых і дэкаратыўных дрэў, каля 200 кустоў. Асабліва шмат пладовых саджанцаў на сваіх прысядзібных участках высадзілі санітарка ўчастковай бальніцы Валянціна Савельеўна Чумакова і работніца сельскага спажывецкага таварыства Юзэфа Антонаўна Петрусевіч.

У саўгасе “Ракаўскі” выдатных паказчыкаў у сацыялістычным спаборніцтве дабіваюцца камсамольцы. На найбольш адказных участках вытворчасці працуюць і спраўляюцца з любымі даручэннямі механізатары Павел Цімашэнка, Віктар Кадлубовіч, Эдуард Міхневіч. Аўтарытэтам і павагай сярод паляводаў саўгаса карыстаюцца Віктар Маціеўскі і Вячаслаў Яцына.

Вучні Узбалацкай васьмігадовай школы заўсёды з нецярплівасцю чакаюць вестак з Калінінграда ад штурмана дальняга плавання В. Ф. Карагіна, бацька якога загінуў у гады вайны на тэрыторыі сельсавета. У верасні Валянцін Фёдаравіч прыязджаў у школу. У адным з пісьмаў ён запрасіў рабят да сябе ў госці. У Калінградзе іх чакалі піянеры 41-й школы горада. Тры дні, праведзеныя ў час канікулаў з калінінградскай моладдзю, надоўга запомняцца дзецям. Хіба можна забыць паездку на мора, сумесны піянерскі збор, экскурсію ў гандлёвы порт?!

Старонкі газеты гарталаАлена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий