«Толькi там, дзе душа начуе i прачынаецца, жывеш…»

Культура

Данута Сямёнаўна ВЯРШЫЦКАЯ кожныя выхадныя прыязджае з Маладзечна ў вёску Гірбіняты Вішнеўскага сельсавета. Тут яе чакае бацькоўская хата. Ля брамкі дачку ніхто не сустракае – бацькоў ужо няма на свеце, ды і сцяжынка, сляды на якой за тыдзень паспяваюць знікнуць, ужо не так цёпла запрашае на родны парог.

Хата вітаецца цішынёй. А вось лістоўніца, прывезеная мамай Юзэфай шмат гадоў таму назад з Латвіі і пасаджаная побач з хатай, заўсёды сустракае Дануту Сямёнаўну птушынымі галасамі. Усё лета на дрэве кватаруюць буслы. Але і з наступленнем халадоў вялікае гняздо не пустуе. У густых перапляценнях галінак знаходзяць прытулак вераб’і і сініцы.

Буслы пасяліліся на лістоўніцы 8 гадоў назад. У народзе вераць, што белыя грацыёзныя птушкі прыносяць шчасце, але ў сям’і Дануты Сямёнаўны ўсё аказалася наадварот.

Першага бусла ўбачылі на лістоўніцы 8 мая. Звычайна яны на гэтых дрэвах не гняздзяцца. Птушка пакалыхалася на калючай галінцы і паляцела. А на наступны дзень пайшла з жыцця маці Дануты Сямёнаўны.

Неўзабаве вецер зламаў верхавіну лістоўніцы, і дрэва пачало хіліцца да сцяны дома, нібы жадала абняць яго размашыстымі лапкамі, суцешыць асірацелых родных.

Праз год на лістоўніцы зноў з’явіўся бусел. Родныя насцярожыліся, падсвядома зноў чакаючы бяды. Але ў крылатых быў свой інтарэс. На зрэзе верхавіны яны вырашылі звіць гняздо…

Паступова буслы сталі нібы новымі членамі сям’і. Назіраць за жыццём буслянкі адна ўцеха. Дачка Дануты Станіславаўны штогод робіць мноства маляўнічых фатаграфій аб жыцці крылатых суседзяў. Асабліва шчымлівы момант адлёту птушак у вырай: буслы кружаць над родным гняздом, развітваючыся з ім гучным клёкатам.

Сёлета на гняздзе было 6 (!) буслоў, і ў вырай адправілася “шматдзетная” птушыная сям’я.

Не апусцела матчына хата…

Данута Сямёнаўна – на пенсіі, шмат гадоў працавала на Маладзечанскім заводзе “Спадарожнік”, зараз падзарабляе вартаўніком на Івянецкай кандытарскай фабрыцы. Але сэрца і думкі не адлучаюцца з роднага дому ніколі. У бацькоўскай хаце шмат спраў. Вось задумала старую печ “ператрэсці”, зрабіць больш кампактнай, наняла майстра для гэтай справы. Бо покуль печкі цепляцца, лавачкі не будуць пуставаць…

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий