Яе мацярынскае шчасце

Общество

Нядаўна Кацярына Анатольеўна ШАСТАК з Сугваздаў атрымала высокую дзяржаўную ўзнагароду, якой можа быць удастоена жанчына – ордэн Маці. А ёй толькі 27 гадоў!

Быць шматдзетнай матуляй закладзена як у яе, так і ў мужавым родзе: Кацярына вырасла ў сям’і, дзе выхоўвалася шасцёра дзяцей, у Валеравай іх было пяцёра. Столькі ж дзетак зараз падрастаюць і ў іх сям’і – два хлопчыкі і тры дзяўчынкі: самая старэйшая Маша – другакласніца, а малодшай Анюце ў верасні споўнілася два. Усе дзеці – пагодкі, і бацькам яны ў радасць, хоць дастаўляюць нямала клопатаў і турбот. Аднак маці сцвярджае, што пакуль была ў доўгатэрміновым дэкрэтным водпуску – сем гадоў, нават не заўважала, што дзеці ёсць у хаце: яны і спалі, і елі, і гулялі добра. Цяпер гэтак жа паводзяць яны сябе і ў Сугваздаўскім дзіцячым садку сямейнага тыпу “Светлячок”: сярод васьмі выхаванцаў – трое з сям’і Шастак, у хуткім часе сюды пойдзе і маленькая Анюта, пакуль жа яе даглядаюць бабуля Лёдзя ці цётка Юля, а маці зарабляе грошы. Яны вельмі патрэбны ў сямейным бюджэце Шастакоў.

Летась сельгаспрадпрыемства “Сугвазды-агра”, дзе шматдзетны бацька працуе трактарыстам, выдзеліла двухпавярховы катэдж з усімі выгодамі. Маладая сям’я стараецца абставіць кватэру новай мэбляй і сучаснай тэхнікай: так, нядаўна набылі плазменны тэлевізар, а зараз, калі Кацярыне Анатольеўне разам з ордэнам уручылі значную грашовую дапамогу, плануюць купіць для Машы прыгожы пісьмовы стол, на якім яна будзе рабіць урокі. Астатнія сродкі пойдуць на зімовае адзенне, кожнаму купяць па патрэбе і неабходнасці.

Ужо сёмы месяц К. А. Шастак працуе санітаркай у дзіцячым санаторыі “Налібоцкая пушча”, таму раніцай яе графік пачынаецца а палове шостай: адразу надае ўвагу сабе – памыцца-апрануцца, абавязкова падмалявацца, кавы папіць. У 6.40 – пад’ём у Машы, Вікі і Анюты, бо кожнай трэба косы заплесці і самой не спазніцца на аўтобус. У сем гадзін Валерый Валер’евіч будзіць Мікіту і Мішу, а пасля вядзе іх у дзіцячы сад. Дарэчы, выхавальнікі сцвярджаюць, што заўсёды ў 7.30 маленькія Шастакі ўжо ў іх установе, акуратненькія, прыбраныя. А ўвечары, пасля працоўнага дня, маладая матуля прыступае да працы ў другую змену: абавязкаў гаспадыні, жонкі, маці з яе ніхто не знімаў. І так – кожны дзень. Як жа спраўляецца гэта жанчына з усімі ролямі? А сакрэт зусім просты – дапамагаюць маладосць і вялікае мацярынскае шчасце!

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий