Калi працуеш з людзьмi, то i жыць весялей!

Общество

У гэтыя восеньскія дні трактарыст-машыніст КСУП “Сугвазды-агра” А. С. Матус адзначыў 76-ты год нараджэння, аднак такая лічба не стала для яго падставай, каб пайсці на заслужаны адпачынак. Наадварот, як сказаў старшыня гаспадаркі Валерый Фёдаравіч Селівон, і ў сваім узросце перадавы механізатар дасць фору любому маладому. Якую б справу яму не даверылі, добра ведаюць, што ўсё будзе выканана “на выдатна”.

Яго працавітасці і вялікай прагі да жыцця можна не толькі пазайздросціць, але і павучыцца.

“Родам я з Каліварыі, – распавядае мой суразмоўца. –  Нас чатырох было ў сям’і. Бацька з вайны не вярнуўся, маці адна гадавала. Таму ў 15 гадоў пайшоў працаваць прычэпшчыкам на МТС. Браць жа не хацелі: маўляў, гадоў не хапае. А ў мяне цяга да тэхнікі вялікая была. Паглядзелі, што вялікае жаданне маю, ды і пакінулі. Праўда, афіцыйны запіс аб працаўладкаванні зрабілі толькі ў 1957 годзе – працаваў на ленінскім трактары “Універсал”. Ён быў без кабіны, аднак мне, маладому юнаку, было за гонар сядзець за рулём такой магутнай тэхнікі. І калі ў арміі служыў, то з машынамі не расставаўся. А за пяцьдзясят два гады, што працую ў Сугваздах, былі розныя трактары: і “Беларусы”, і “Кіраўцы”, і “Т-150”, і гусенічныя трактары, цяпер мой памочнік – пагрузчык “ТО-18”.

Вось такі кароткі аповед майго суразмоўцы. І ніводнага слова “цяжка”, “стаміўся”, “трэба адпачыць”. А ў дадатак да штодзённай працы ў гаспадарцы яшчэ і дома, як кажуць, поўны камплект: конь, карова, іншая жыўнасць – усё патрабуе догляду.

“Трэба заўсёды быць у руху, старацца, працаваць. У мяне няма такога паняцця, як выхадныя ці святочныя дні. Дома скаціне не скажаш, што я сёння адпачываю. У маладосці мог застацца ў горадзе, аднак не любіў я той мітусні і цяпер не люблю, – працягвае А. С. Матус. – На вёсцы ж жыццё іншае: устаў заранёў, пахадзіў, папрацаваў, прысеў пад дрэвам, адпачыў, у лес схадзіў, ягад-грыбоў назбіраў – вось так цэлы дзень на прыродзе…”

Мабыць, прырода, шчырая праца, сумленнае жыццё і дапамагаюць Анатолію Станіслававічу Матусу не старыцца душой, ды і выглядае ён куды маладзей свайго ўзросту. Усё, што павінен зрабіць у жыцці сапраўдны мужчына, ён выканаў: дом уласнымі рукамі пабудаваў, сад добры пасадзіў, сыноў талковых выгадаваў. Праўда, жонка ўсім гэтым пацешыцца доўга не змагла – дваццаць гадоў таму пайшла з жыцця. Жыць без гаспадыні на вёсцы цяжка, і, пабыўшы колькі гадоў удаўцом, Анатолій Станіслававіч ажаніўся другі раз. Цяпер цешаць дзядулю тры ўнукі і шасцёра ўнучак, амаль усе яны ўжо пайшлі на свой хлеб, адна ўнучка выйшла замуж у Італію. Нашчадкі часта прыязджаюць у бацькоўскі дом, дапамагаюць бульбу садзіць і капаць, палоць грады. А дзядуля з бабуляй рады пачаставаць іх вясковымі прыпасамі, ёсць што і ў сумку з сабой пакласці, ды і рубель ніколі лішнім не бывае. Так што, жыць і працаваць ёсць для каго, а ў гэтым і асноўны сэнс прызначэння чалавека на зямлі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий