Ёй праца толькі ў радасць

Молодежный курьер

Гледзячы на гэту жыццярадасную, аптымістычна настроеную дзяўчыну спартыўнага выгляду, не адразу і скажаш, якую працоўную сцяжыну для сябе яна абрала. А яе шлях у прафесію далёка не просты. Кацярына Лугоўская – вядучы заатэхнік вытворчага ўчастка “Доры” ТАА “Тарасава”.

Пад апекай спецыяліста статак агульнай колькасцю 1908 галоў, які размяшчаецца на жывёлагадоўчых аб’ектах “Нелюбы”, “Слабада”, “Сярэдняе Сяло” і “Дварэц”.

Ураджэнка горада Чэрвеня першапачаткова хацела звязаць жыццё са спортам. 6 гадоў яна прафесійна займалася баскетболам і ў гэтай дысцыпліне падавала надзеі. Нават калі паступіла ў Смілавіцкі аграрны каледж, гэту справу не закінула. Але паступова прыйшло разуменне, што сельская гаспадарка і жывёлагадоўля тояць у сабе не менш цікавага, чым вялікі спорт. І з той пары прачнуўся азарт да будучай новай прафесіі…

2 гады пасля каледжа Кацярына адпрацавала заатэхнікам у Бярэзінскім раёне. Затым яе запрасілі  ў наш раён, прапанавалі цяперашнюю пасаду. Згадзілася адразу: па ўласным перакананні, ужо не ўяўляе жыцця, не звязанага з жывёлагадоўляй. Яна сочыць за станам здароўя і прадукцыйнасцю 595 кароў з дойнага статку, 430 цялушак, 278 бычкоў на адкорме і 620 галоў будучага папаўнення гаспадарчага статка буйной рагатай жывёлы, якія знаходзяцца на дарошчванні. Як прызнаецца Кацярына, атрыманыя ў каледжы веды не былі лішнія. Яны паслужылі трывалым падмуркам для ўмацавання прафесіяналізму. Цяпер спецыяліст паглыбляе свае ўменні падчас завочнай вучобы ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Заатэхнік павінен добра ведаць анатомію, эмбрыялогію, фізіялогію і нават генетыку буйной рагатай жывёлы. Таму студэнтка асабліва “насядае” на біялагічныя дысцыпліны, збірае і штудзіруе неабходную літаратуру і дома. А ўсё гэта яна робіць для таго, каб умець граматна разлічыць неабходную колькасць і склад кармоў для жывёлы, вызначаць аптымальны тэмпературна-паветраны рэжым для ўтрымання статка, арганізоўваць працу па доглядзе за каровамі і цялятамі, беспамылкова адбіраць жывёл на племя… Адным словам, клопатаў хапае на кожны працоўны дзень. Да слова, у Кацярыны ён пачынаецца ў сем гадзін раніцы і доўжыцца звычайна да дзявятай гадзіны вечара.

Нягледзячы на маладосць, заатэхнік К. Лугоўская ўжо прызнаны спецыяліст на ўвесь дорскі вытворчы ўчастак. Тут на 100 працэнтаў выконваецца план асемянення буйной рагатай жывёлы, вядзецца аператыўнае лячэнне пагалоўя. Дэманструюць пярэстыя “падапечныя” нядрэнныя паказчыкі вагавага прыросту і малочнай прадукцыйнасці. Гэта радуе і гаспадарку, і асабіста спецыяліста. Калі бачны вынік працы, то ёсць для чаго і старацца!

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий