Жыццё раёна

Общество

Ні для каго не сакрэт: працаваць у сельскай гаспадарцы нялёгка. Асабліва падчас уборачнай кампаніі. У гарачую пару і пра выхадныя забываеш, і ненарміраваны працоўны дзень успрымаеш як належнае. Такая работа абібоку не па плячы. Самааддана ўбіраць хлеб для агульнага каравая краіны можа толькі той, хто любіць зямлю больш, чым самога сябе. Як, напрыклад, 30-гадовы механізатар Віктар Анатольевіч БІТЭЛЬ з ААТ “Багданаўскае”. На сёлетнім жніве яго магутны “МАЗ” перавёз больш за 2500 тон збожжа, наматаўшы на спідометр сотні кіламетраў. Дзякуючы старанню, Віктар Анатольевіч стаў лепшым маладым вадзіцелем раёна на “Жніве-2014”. Скончыў Ашмянскае “СПТВ-192” па спецыяльнасці майстра сельскай гаспадаркі. У ААТ “Багданаўскае” перадавік працуе 7 гадоў. Пасля ўборачнай кампаніі некалькі тыдняў у гэтага механізатара ідзе на рамонт тэхнікі, і зноў пачынаюцца палявыя работы. І так да глыбокай восені: адна сельскагаспадарчая кампанія змяняе папярэднюю – малады механізатар знаходзіцца ў бясконцым віры будзённых спраў.  А на вёсцы інакш і быць не можа… Віктар Анатольевіч вучыць і сваіх дваіх дзяцей бачыць прыгажосць роднай зямлі. Тата старанна тлумачыць малышам многія цуды: як з залацістых зярнятак з’яўляецца на стале  духмяны  і смачны хлеб. І спадзяецца, калі дзеці вырастуць, галоўны сакрэт зразумеюць самі: парасткі працавітасці таксама даюць глыбокія карані. Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий