Семестр завяршылi з гонарам

Официально

Маладзёжны форум “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”, прымеркаваны да закрыцця трэцяга працоўнага семестра, 96-годдзя ВЛКСМ прайшоў на мінулым тыдні ў сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі. Ён сабраў юнакоў і дзяўчат, якія на працягу трох месяцаў шчыравалі ў складзе раённых студэнцкіх атрадаў.

Сярод моладзі, якая сабралася ў актавай зале ліцэя, былі не толькі навучэнцы гэтай ўстановы адукацыі, але і вучні іншых школ горада. Сёлета быў плённы год для развіцця студатрадаўскага руху на Валожыншчыне. Летась дзейнічалі 6 маладзёжных працоўных атрадаў, сёлета гэта лічба дасягнула 16-і, а колькасць членаў вырасла з 72 да 179-і.

Маладзёжныя атрады працавалі па чатырох накірунках: сельскагаспадарчым, будаўнічым, экалагічным і сэрвісным. Напрыклад, сэрвісны атрад “Школьнік” працаваў на базе райспажыўтаварыства, дапамагаў прадаўцам гандлёвых кропак Валожына рабіць выкладку тавараў. На базе ліцэя былі створаны два экалагічныя студэнцкія атрады “Грэнада” і “Ліцэіст”, якія аб’ядналі 15 маладых аднадумцаў. Яны шчыравалі на добраўпарадкаванні раённага цэнтра, на гарадскіх могілках. Удзельнікі атрадаў выканалі аб’ём работ на тэрыторыі 5 тысяч квадратных метраў.

На раённым мерапрыемстве добрым словам адзначылі не толькі юных будатрадаўцаў, але і іх камандзіраў – педагога-арганізатара сельгасліцэя Дануту Іванаўну Аляксандраву і выкладчыка замежнай мовы Яраслава Іосіфавіча Чаховіча, камісараў з ліку навучэнцаў сельгасліцэя Паўла Язерскага і Яўгена Гаспарэвіча. Яшчэ адзін экалагічны атрад “ЭкаДом” быў створаны ў СШ № 2 райцэнтра, яго ўдзельнікі працавалі ў гадавальніку лясгаса.

Адзначылі і працу двух будаўнічых студэнцкіх атрадаў, якія аказалі істотную дапамогу ААТ “ПМК-188”. Прыемна было за сваіх падапечных камандзірам – майстру вытворчага навучання Мікалаю Антонавічу Камінскаму і загадчыку вучэбнага аддзялення Алегу Валер’евічу Янковічу.

Сёлета на палетках раёна працавалі 6 сельскагаспадарчых атрадаў. Палова з іх былі створаны ў вучэбна-педагагічным комплексе Пяршаяў. Работа для іх удзельнікаў знайшлася ў сельгаспрадпрыемстве: напачатку яны палолі буракі, а падчас уборкі працавалі на зернясховішчах СВК “Пяршаі-2003”. Яшчэ адзін такі атрад з гучнай назвай “Сяброўства” ўтварылі навучэнцы Гародзькаўскага сада-школы падчас уборачнай кампаніі ў ААТ “Лоск”. Атрады “Крута” з Вішнева і “БЭМС” з Багданава шчыравалі ў сваіх гаспадарках.

За перыяд працоўнай занятасці юнакі і дзяўчаты добра зарэкамендавалі сябе. Работа некаторых актывістаў была прыведзена ў прыклад на ўрачыстых лінейках, прысвечаных пачатку навучальнага года.

нагароджаны сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй і Пяршайскі дзіцячы сад-сярэдняя школа. 30 удзельнікаў студатрадаў атрымалі Падзякі і каштоўныя падарункі ад райкама БРСМ. Кіраўніцтва ліцэя прэміравала 22 членаў атрадаў экалагічнага і будаўнічага ўхілу бясплатнай паездкай у аквапарк Маладзечна.

Удзельніца атрада “ЭкаДом”, вучаніца 9 класа СШ № 2 райцэнтра Алеся Аноп:

– У гадавальніку лясгаса нам было даверна даглядаць 20-сантыметровыя саджанцы дубкоў. Дрэўцы займаюць дастаткова вялікую плошчу, і за кожным патрэбны належны догляд. У асноўным, даводзілася чысціць ад травы месца прарастання саджанца. Працавала з задавальненнем. Разам з тым парадавала і магчымасць зарабіць уласныя грошы – гэта куды лепш, чым проста тлумна бавіць вольны час.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий