Праца пашанай аплачана

Официально

Суботні дзень выдаўся крыху хмурным. Але толькі не ў Вішневе! Прыўзняты настрой людзей, іскрыстыя мелодыі народных песень, задорныя гукі баянаў і іншых музычных інструментаў зліліся тут у адну эмацыянальную плынь – СВЯТА. Лепшыя з лепшых працаўнікі сельскай гаспадаркі з усяго раёна сабраліся ў аграгарадок Вішнева.

…Свята штогадовае. Аднак сёлета змяніўся фармат яго правядзення, бо гэта не проста звыклая прафесіянальная ўрачыстасць, а раённы кірмаш-фестываль “Дажынкі”. Дагэтуль яны грандыёзна адзначаліся на рэспубліканскім узроўні. А з гэтага года любімае свята хлебаробаў прапісалася ў рэгіёнах, аграгарадках.

Арганізатары валожынскага мерапрыемства – раённы выканаўчы камітэт і яго службы – пастараліся, каб сёлетнія “Дажынкі” ў аграгарадку стартавалі ўдала, каб яны распачалі дастойную эстафету ўрачыстага ўшанавання тых, хто самааддана працуе дзеля эканамічнай бяспекі нашай краіны, хто ведае сапраўдную цану хлеба на нашым стале…

Хоць у Вішневе не было звыклай “чырвонай дарожкі”, як гэта практыкуецца цяпер на ўсіх прэстыжных фестывалях, але віталі ў аграгарадку герояў працы шчыра, сардэчна, як сапраўдных трыумфатараў. Віталі апладысментамі, ухвальным словам, узнёслай песняй. І гэтыя людзі спаўна заслужылі такіх адносін –  залішне сціплыя ў жыцці і вялікія ў працы хлебаробы, жывёлаводы, механізатары, галоўныя спецыялісты, кіраўнікі гаспадарак і інш.

Каля васьмідзесяці пераможцаў раённага спаборніцтва ў некалькіх вытворчых намінацыях на сцэне Вішнеўскага сельскага дома культуры з рук старшыні райвыканкама Уладзіміра Антонавіча Наумовіча атрымалі Ганаровыя дыпломы пераможцаў. Не выпадкова цырымонія ўзнагароджання была самая працяглая з усіх шматлікіх складаемых святочнага сцэнарыя.

Перадавікі адзначаліся не толькі на рэгіянальным узроўні. Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Эдуардавіч Ліпніцкі спецыяльна завітаў на раённыя “Дажынкі”, каб ад кіраўніцтва  аблвыканкама, сябе асабіста сардэчна падзякаваць працаўнікам Валожыншчыны за працу, павіншаваць іх з прафесіянальным святам. І. Э. Ліпніцкі ўручыў Ганаровую грамату Мінскага абласнога выканаўчага камітэта дырэктару “Валожынрайгаз” В. І. Бычкоўскаму за шматгадовую працу, прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё раёна. Гэтай узнагароды ўдастоены і трактарыст-машыніст ААТ “Багданаўскае” А. І. Мігановіч, аператар машыннага даення СВК “Пяршаі-2003”  Т. І.  Падвальнікава. Падзякай старшыні Мінаблвыканкама адзначаны трактарыст-машыніст СГУ “Бабровічы”  В. У. Зянько і яго калега з ААТ “Агра-Вішнеўскі” І. І. Каланцэр, а таксама тэхнік штучнага асемянення жывёлы ААТ “Манькаўшчына” Р. Г. Рыбінская,  аператар па абслугоўванні цялят ААТ “Агра-Дубінское” Д. К. Сапач.

…Цяпер, калі на геапалітычнай прасторы не ўсё так спакойна, як ніколі актуальна гучаць словы “патрыятызм”, “любоў да сваёй Радзімы” і г. д. Выказваць гэту любоў можна па-рознаму. Але найлепш даказваць адданасць любімай Айчыне руплівай, стваральнай працай! І нашы валожынскія хлебаробы гэта робяць аддана, з гонарам. У гэтым пераконваюць агульныя здабыткі.

Сёлета на палетках гаспадарак сабраны неблагі ўраджай – намалочана амаль 90 тысяч тон зерневых і зернебабовых культур.  З аднаго гектара атрымана больш за 35 цэнтнераў зерня. Умеюць у раёне вырошчваць рапс. Намалот гэтай маслянічнай культуры таксама парадаваў – 24 цэнтнеры з гектара. Нарыхтавана больш за 10 тысяч тон масласемя. Сабраны і нядрэнны ўраджай цукровых буракоў. Сваю эканамічную мэтазгоднасць даказала вытворчасць харчовага алею і тэхнічнага масла на ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Сёлетнія здабыткі гэтага калектыву адметныя: выпушчана 100 тон ільнянога алею. Каб так упэўнена і далей развіваць гэту вытворчасць, неабходна мець для перапрацоўкі ў год не менш за 800 тон ільнасемя.

Няпроста працаваць і ў жывёлагадоўлі. Але і тут нам ёсць чым ганарыцца!

Сённяшнія дасягненні бяруць свой пачатак у мінулым. З пакалення ў пакаленне, як залатыя зярняткі, беражліва перадаецца вопыт, назапашаны папярэднікамі. У пераемнасці працоўных традыцый – вялікая сіла. Гэта бясконцая школа вопыту, мудрасці, сялянскай разважлівасці. Добра робяць арганізатары раённага свята, калі разам з цяперашнімі перадавікамі, кіраўнікамі гаспадарак на мерапрыемства запрашаюць і тых, хто некалі працаваў у гаспадарках на кіраўніцкіх і  іншых пасадах. Былыя старшыні гаспадарак у свой час з’яўляліся мудрымі выхавацелямі маладога племя, сваіх перспектыўных паслядоўнікаў. І сённяшнія поспехі – іх агульныя поспехі! І гэта пацвердзіў у сваім выступленні на свяце Станіслаў Антонавіч Лужынскі, які на працягу трыццаці гадоў узначальваў СВК “Пугачы”, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання.

…Тое, з якім вялікім стараннем рыхтаваліся раённыя “Дажынкі”, галоўныя героі гэтага свята адчулі, ледзь толькі выйшаўшы з салона аўтобуса на цэнтральную вуліцу аграгарадка Вішнева. Ачагамі сапраўднай гасціннасці сталі тут імправізаваныя сялянскія падворкі, якія занялі вялікую плошчу. І трэба было знайсці не адну гадзіну, каб уважліва разгледзіць, ацаніць усё, што хацелі паказаць гасцям гаспадары гэтых падворкаў. Кожны сельсавет удала прэзентаваў сябе. Адчувалася міжвольнае спаборніцтва паміж імі. Але лідараў вызначыць было няпроста.  Бо ўсе, як на падбор, выглядалі дастойна, каларытна. Столькі фантазіі, выдумкі трэба было праявіць, каб увасобіць усё ў яркую кірмашовую палітру. Адчувалася, што ўсе ўстановы, размешчаныя на тэрыторыі сельсаветаў раёна, з зайздросным стараннем рыхтаваліся да раённых “Дажынак”. Ініцыятарамі, завадатарамі забаўляльнай праграмы былі, вядома ж, культработнкі, педагагічныя калектывы. Цешыла, што шырока далучаны былі да гэтай справы і школьнікі розных узростаў.

…Дужы, важкі колас, духмяны хлеб на стале – гэта самы дарагі скарб, які жывіцца сіламі роднай зямлі. Асабіста мяне кранула выстава экапасялення Росы, што ля Падневічаў. Яны на раённых “Дажынках” на сваім падворку разам з паказам сакрэтаў розных старажытных рамёстваў дзяліліся і рэцэптамі выпечкі хлеба на натуральнай заквасцы, частавалі ўсіх жадаючых гэтым каштоўным прадуктам.

У той суботні дзень паняцце хлеба надзённага як матэрыяльнай субстанцыі і духоўнай субстанцыі цесна перапляліся. Літаратурна-музычная кампазіцыя, з якой пачалося ўрачыстае адкрыццё “Дажынак-2014”, настроіла душы прысутных на камертоне духоўнасці, як толькі з мікрафона ў залу паліліся знаёмыя яшчэ са школьнай парты вершаваныя радкі, напісаныя слаўнай паэткай, ураджэнкай Вішнева Канстанцыяй Буйло:

Люблю наш край,старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла…

На працягу некалькіх хвілін рэжысёры “Дажынак” і аўтары сцэнарыя правялі прысутных на свяце шматлікіх гледачоў па сцяжынках гістарычнай памяці і славы Вішнеўскай зямлі. Былі згаданы знакавыя постаці летапісу гэтага краю. Усё гэта пакінула адпаведны эмацыянальны водгук у душах людзей!

З вялікім стараннем самадзейныя мастацкія калектывы культработнікаў, педагогаў рыхтавалі канцэртную праграму. Прыгожыя касцюмы артыстаў, майстэрства выканаўцаў, прадуманая лагічная паслядоўнасць нумароў – усё сведчыла пра высокі ўзровень падрыхтоўкі раённага фестывалю, прысвечанага працаўнікам вёскі.

У суботні дзень, калі ва ўсёй нашай рэспубліцы праводзіліся рэгіянальныя “Дажынкі-2014”, надзвычай запатрабаванымі былі і папулярныя беларускія артысты. Нават папярэдне зрабіць заяўку-запрашэнне на  іх выступленне было няпроста. Але валожынскім працаўнікам сельскай гаспадаркі пашанцавала. Павіншаваць у Вішнева прыехаў Беларускі Дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”. Без фанаграмы, з пранікнёнай душой 40 хвілін знакамітыя артысты спявалі для сваёй аўдыторыі. Іх майстэрства тычылася не толькі вакалу, і танцавальныя нумары таксама пасылалі ў залу іскрамётную энергію, задор, светлыя эмоцыі. На сцэне працавалі прафесіяналы! І шчыра апладзіравалі ім ў зале таксама прафесіяналы – лепшыя вяскоўцы раёна, для якіх праца на роднай зямлі таксама стала песняй, якая нараджаецца толькі ў сэрцы тых, хто ўлюбёны ў родны край… І стваральная праца гэтаму самы яскравы доказ!

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *