З гісторыі вескі Дарагунь

Культура

ПАЛОННІЦА ІСЛАЧЫ 

Вёска Дарагунь Валожынскага сельсавета зусім невялічкая: адзінаццаць дамоў размяшчаюцца на пагорку над Іслаччу. Да вайны дамоў таксама было няшмат, мо 10-12. Усе яны былі спалены фашыстамі ў пачатку 1943 года. Жыхары на той час пакінулі Дарагунь і разышліся жыць па сваяках з іншых населеных пунктаў. Людзі баяліся, што іх можа напаткаць лёс сям’і Сымона Бацяна.

Дом Сымона Бацяна стаяў справа, на самым ускрайку лесу. Вядома, партызаны не раз заходзілі сюды перакусіць, абагрэцца. Ды і да іншых дарагунцаў народныя мсціўцы дарогу ведалі. Зімой 1942 года ў вёску прыехалі карнікі і загадалі гаспадару сабраць усю сям’ю ў хаце. Сымон, яго жонка Антаніна, Сымонаў брат і чацвёра маленькіх Сымонавых дачок (меншым, блізнятам Вользе і Ірэне, было па два гады) згарэлі зажыва ў роднай хаце. Іх астанкі пахавалі на мясцовых могілках у адной магіле. На месцы, дзе стаяў будынак, дзве старэйшыя Сымонавы дачкі, якія ў той жудасны дзень былі ў Валожыне, паставілі вялізны камень. Быў на камені і надпіс, але час сцёр літары. А памяць усё яшчэ жыве…

СВОЕАСАБЛІВЫ ТАЛЕНТ

Калі якая з жанчын імкнецца стаць добрай гаспадыняй, то ёй карысна будзе прайсці майстар-клас у жыхаркі вёскі Дарагунь Ганны Міхайлаўны Бацян.

Сяброўка і былая суседка Ганны Міхайлаўны, Леакадзія Ігараўна Жудрык, расказвае, што ідэальны парадак у Бацяноў на двары, у доме, агародзе і гаспадарчых пабудовах застаецца нязменным вось ужо больш за паўстагоддзя. Падлога, столь, вокны, мэбля заўсёды блішчаць так, быццам пыл на іх ніколі і не лажыцца. З бялюткіх занавесак, іскрыстых і свежых, хоць бяры і вэлюмы шый. У Ганны Міхайлаўны нават чыгункі на прыпечку зіхацяць, быццам бы іх ніколі на агонь не ставілі. Хаця на самой справе карыстаюцца імі актыўна, бо дзеці і ўнукі просяць гатаваць толькі ў гаршках, кажуць, што так любая страва смачнейшай атрымоўваецца.

А як лёгка дыхаецца ў гэтым доме! Ні кандыцыянеры, ні асвяжальнікі паветра не ствараюць такога свежага духу.

Як дабіцца ўзорнай чысціні без водаправода, прыроднага газу, каналізацыі? Відаць, выключнай акуратнасцю, прыроднай цягай душы ствараюць вакол сябе эстэтыку і гармонію.

Ганна Міхайлаўна, у дзявоцтве Байраш, нарадзілася ў Стайках. Навучылася ад маці вышываць, прасці, ткаць прыгожыя посцілкі «ў іголачку» і ўсім іншым жаночым навукам, якія ў сялянскіх сем’ях лічыліся галоўнымі. Яны спаўна спатрэбіліся ёй і ў сямейным жыцці, і тады, калі працавала ў калгасе.

 

УСЁ СЭРЦУ ДОРАГА

Мясцовыя жыхары лічаць, што назва вёскі Дарагунь утварылася ад словазлучэння «дарагая рунь».

Рунню, як вядома, называлі ўсходы, пасевы азімых. У гэтых мясцінах Іслач у паводку часам разлівалася на некалькі сотняў метраў, таму земляробчая справа тут была рызыкоўнай, а значыцца, і сапраўды дарагой. Але ёсць і іншае меркаванне. Рунню маглі звацца і навакольныя сенажаці, якія вызначаліся сакавітай і густой травой. Асабліва славілася ўрочышча Цякава. Кажуць, што атавы тут можна было ўзяць больш, чым на якіх лугах першым укосам.

Ураджэнец Дарагуні, а зараз жыхар Валожына Мікалай Бацян лічыць, што ў назве «закадзіравана» галоўная рыса мясцовых жыхароў. Да каго звычайна звяртаюцца з эпітэтам «дарагі»? Да добрага, шчырага чалавека. Менавіта такія тут і жывуць…

 

ЧЫМ НЕ АРТЫСТ

ВАЙСКОВЫ АКТЫВІСТ?

У глухую пушчанскую вёску Дарагунь у пачатку мінулага стагоддзя на пастаяннае месца жыхарства перабралася дзяўчына-ленінградка Васіліса. Закахалася ў маладога, прыгожага артыста Лявонція Чабая, якога ўбачыла на сцэне. Пазней даведалася, што яе кумір служыць не Мельпамене, а ў войску. Ён звычайны салдат, хоць і таленавіты. Але гэты факт, відаць, не вельмі расчараваў ленінградку. Бо дзяўчына кінула бацькоў, радню і паехала на радзіму мужа. Была шчаслівай жонкай, маці васьмярых дзяцей, дачакалася ўнукаў і праўнукаў. Толькі працоўная кар’ера ў перасяленкі не склалася: у калгас працаваць не пайшла, бо цалкам прысвяціла сябе ролі хатняй гаспадыні. Зусім, як абранніца якога-небудзь славутага артыста…

 

ЛЮДЗІ НА ВАДЗЕ

У 1976 годзе пачалося будаўніцтва аўтадарогі Мінск-Гродна, і каля вёскі з’явіліся масты праз Іслач, а да таго часу існавала толькі вузенькая кладка. Таму кожную вясну Дарагунь і яе жыхароў у палон брала рака. Бывала, што паводка не спадала цэлы месяц. Да цывілізацыі дабіраліся на лодках. Так і дзяцей у школу і назад дастаўлялі. Некаторыя школьнікі на такі час сяліліся ў сваякоў у Цаюнах ці Руме. Нязручна, але хіба на раку каму скардзіцца будзеш?..

 

ГАРАДКІ

Вёска заўсёды была невялікай, але дзетвары хапала. Летам іх вясёлыя галасы можна было пачуць ля ракі, дзе купаліся і загаралі, у лесе, калі збіралі грыбы ці ягады. Любілі вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі гуляць у розныя камандныя гульні на вуліцы: пікара, выбівалу.

Летам 1962 года ў Дарагуні з’явіліся восем інжынераў-меліяратараў з Масквы. Ім была пастаўлена задача наладзіць працэс асушэння балота. Многія прыехалі разам з сем’ямі і жылі па хатах дарагунцаў.

Пасля працы масквічы гулялі ў гарадкі і навучылі гэтай гульні мясцовую дзетвару. Біты ад пікара для гарадкоў падышлі, а вось 20-сантыметровыя цуркі для фігур выразалі новыя.

Пазней гарадошны спорт з’явіўся ў Валожыне. Раённая каманда была адной з самых паспяховых у рэспубліцы.

 

ЛЯСНЫЯ ГОСЦІ

Зацяжная і марозная зіма 2002-2003 гадоў прымусіла зуброў прыблукаць бліжэй да чалавечага жытла.

За статкам у сорак асобін можна было назіраць з вокнаў дамоў. Лясныя волаты спакойна ласаваліся сенам са стагоў, прыгатаваных для свойскай жывёлы. Не грэбавалі і саломай. Людзі спрабавалі адагнаць нахабнікаў крыкамі, стукам, стрэламі. Але зубры не звярталі на шум ніякай увагі, толькі ўтваралі цеснае кола, у сярэдзіне якога хавалі сваіх нованароджаных цялят. Візіты зуброў у вёску скончыліся тады, калі ад назапашаных летам кармоў засталіся толькі ўспаміны…

У Дарагуні нават палахлівыя казулі адчуваюць сябе вальготна. Калі на градах пачынаюць закручвацца качаны капусты, «дэсант» спрытных і танклявых лясных козачак атакуе агароды. Не ўпільнуеш няпрошаных гасцей – замест капусты толькі абгрызеныя качарэжкі застанеш.

У летнюю спёку паляжаць у халадку веранды ці склепа любяць вужы. Мясцовыя людзі прывычныя да такіх з’яў, а вось госці, асабліва жанчыны, паўзучых гадаў вельмі палохаюцца. Пішчаць, крычаць, а вуж ляжыць і ніяк не рэагуе, пакуль хтосьці не паварушыць яго галіной. Такі раздражняльнік – як сігнал, што пара «матаць вуды» і паўзці назад у сваю нару.

Часам з лясным сенам у вёску прывозяцца гадзюкі. Але і да іх вяскоўцы ставяцца памяркоўна. Ну што зробіш, калі такое суседства выдалася? Трэба ж неяк мірыцца…

 

ПОМНІК КЛЁНУ

З высокага падворка Г. М. Бацяна як на далоні відаць бераг Іслачы, які скрозь усланы астаткамі магутных дрэў. Вялізазныя, выбеленыя часам і вадою пні, трэснутыя ствалы размяшчаюцца ў строгім парадку, відаць, нейкі далёкі прашчур наўмысна пасадзіў дрэвы. Кажуць, што гэта былі вязы. Зараз нават немагчыма назваць дакладны год, калі тыя вязы былі спілаваны.

У вакольных да Дарагуні лясах можна сустрэць дубы. Мясцовыя жыхары спрабавалі развесці цар-дрэва ў вёсцы, але нічога не атрымалася. А вось клёны прыжываюцца адразу і хутка ўбіраюцца ў прыгажосць і сілу.

Каля вясковага крыжа рос стары клён, ствол – як абхапіць. Калі дрэва спілавалі, то Мікалай Бацян з сынам Віталем паклалі на пень два камяні. Выйшаў своеасаблівы помнік дрэву…

 

БЕЛАЕ І ЧОРНАЕ

Белыя козачкі і казляняткі, што скачуць па двары Веры Якаўлеўны Петрачэнкі, вельмі смелыя і дружалюбныя істоты. Вострымі пыскамі яны наравілі праціснуцца між плацінаў, дацягнуцца да чужакоў. Але на гасцінцы ніхто з гасцей не расшчодрыўся, і козачкі паспакайнелі.

Раптам праз парог хлява, рэзва гарцуючы, выскачыў вараны конь-прыгажун. Бы вітаючыся з намі, паківаў галавой, паказаў прыгожую чорную грыву і знерухомеў, як статуя.

«Гэта наш Орлік. Ён вельмі хлеб любіць. Усе яго хлебам частуюць. Застыў вось у чаканні…» – растлумачыла Г. М. Бацян.

Аказваецца, конь па дакументах належыць адной з арганізацый, але дарагунцы і жыхары Рума па чарзе яго даглядаюць і потым з чыстым сумленнем «эксплуатуюць» на сваіх дзялках.

Так павялося яшчэ з тых часоў, калі мець каня ў прыватнай уласнасці забаранялася. Абысціся ж на вёсцы без жывой цяглавай сілы складана, і сялянская кемлівасць падказала выйсце. Людзі дамаўляліся з якім-небудзь згаворлівым начальнікам, і жывёла па паперах лічылася грамадскай, а фактычна жыла і працавала на карысць індывідуальных гаспадароў.

Летась уся вёска сумавала па буслянятах, якія вываліліся з гнязда падчас буры. Тры бела-чорныя птушкі моцна пакалечыліся і хутка сканалі. Іх Мікалай Бацян пахаваў. А адзін буслік выкарабкаўся. Усе вяскоўцы яго кармілі і аберагалі. Да восені буслік зусім ачуняў і паляцеў разам з сародзічамі ў вырай. Цікава, ці вернецца ён на радзіму? Гняздо, хоць і пашкоджанае, яшчэ вісіць на слупе…

Успаміны Мікалая Бацяна,Леакадзіі Жудрык, Ганны Бацян

запісала Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий