З музыкай па жыццi

Молодежный курьер

Мікіта БАЖКО – самы малады выкладчык Валожынскай школы мастацтваў. Выпускніку Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага толькі 19 гадоў. Працуе ў Валожыне па размеркаванні з верасня. Некалькі разоў на тыдзень прыязджае з роднага Маладзечна, каб даваць дзецям урокі ігры на скрыпцы.

З гэтым струнна-смычковым інструментам Мікіта пасябраваў у шасцігадовым узросце, калі паступіў у музычную школу. Гукі скрыпкі валодалі чымсьці магічным, краналі, хвалявалі сэрца. Хлопчык, надзелены добрым слыхам і тонкім успрыманнем свету, не мог не ўлюбіцца ў гэты інструмент. У падлеткавым узросце асвоіў альт, які мае такое ж устройства, што і скрыпка, але трохі большых памераў.

Захапляючыся віртуознай ігрой Юрыя Башмета, Кім Кашкаш’ян, Юрыя Крамарава і іншых таленавітых альтыстаў, у каледж М. Бажко паступіў на аддзяленне альта. Прычынай гэтаму паслужыў і двухметровы рост юнака, на фоне якога скрыпка стала выглядаць зусім цацачнай. Музыканты дужага целаскладу з моцнымі рукамі часта пераходзяць на альт.

Скрыпка і альт выхавалі любоў да мастацтва. Мікіта паралельна асвоіў ігру на гітары, пачаў пісаць уласныя песні, з сябрамі збіраецца арганізаваць музычную групу, а ў вольны час любіць маляваць. Але смычковыя інструменты па-ранейшаму не адпускаюць. Чароўнае сола скрыпкі ў сімфанічнай сюіце “Шахеразады” Рымскага-Корсакава натхняе на творчасць. І на сямейных святах – калі дзядуля бярэ ў рукі акардэон, а старэйшая сястра садзіцца за фартэпіяна – без любімага альта не абысціся…

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий