За што я люблю раённую газету?

Общество

Падпiска

Таццяна Рыгораўна САБАЛЕЎСКАЯ, жыхарка вёскі Дубоўцы:

– Для мяне раённая газета даўно стала шчырай сяброўкай. Кожная сустрэча з ёй жаданая, радасная і такая ж неабходная, як глыток вады ў спёку. Варта было б журналістам раёнкі пад’ехаць да нас у вёску і паслухаць, як горача мы абмяркоўваем усе заметкі. Падзеі, што адбываюцца побач, у суседзяў, нас хвалююць, а кожнае знаёмае імя ў газеце ці фота выклікае цэлы ўсплёск эмоцый. Падабаецца, як сцісла, але даступна ў “Працоўнай славе” перадаюцца рэспубліканскія навіны, падзеі сусветнага маштабу. Патрэбны нам і кулінарныя парады, кансультацыі медыкаў. Усё можна знайсці ў раёнцы, але асаблівую цікавасць выклікаюць розныя жыццёвыя гісторыі. Пачытаеш іх, і як бы у гасцях пабываў, паспачуваў некаму ці за каго парадаваўся! 

Марына Казіміраўна ШОКАЛЬ, эканаміст філіяла “Валожынскі РБУ” ААТ “Універсалрамбуд”:

– Раённую газету чыталі ў бацькоўскім доме, а калі наша сям’я адасобілася, то таксама сталі яе падпісчыкамі. Прыемна чытаць добрыя словы пра калектыў, дзе цяпер працую, пра асобных працаўнікоў. Гэта заўсёды заахвочвае. Люблю рубрыку “Сустрэчы па пятніцах”, з якой больш даведваюся пра людзей, чые прозвішчы на слыху. Сачу за інфармацыяй пра апошнія тэндэнцыі ў модзе. І мне, і мужу цікавыя ўсе матэрыялы. Зразумела, больш уважліва чытаем тыя, дзе размова вядзецца пра выхаванне, пра мнагадзетныя сем’і. Дзецям абавязкова паказваем, калі пішуць пра іх школу, дзіцячы сад, настаўнікаў і іх равеснікаў, аднакласнікаў. Дарэчы, наша сям’я таксама неаднаразова станавілася героем публікацый у “Працоўнай славе”.



Добавить комментарий