Тэлефон міліцыі — 102

Закон и порядок

ПЕРАЙШЛА ДАЗВОЛЕНЫЯ МЕЖЫ

Жыхар Мінска, ураджэнец вёскі Даманоўшчына, паведаміў у міліцыю пра крадзеж маёмасці з яго дачнага дома на малой радзіме. Як выявілася, галоўнай дзеючай асобай у гэтай крымінальнай гісторыі аказалася жыхарка вёскі Чабаі 1962 года нараджэння, раней неаднаразова судзімая. Пашкодзіўшы акно, яна пранікла ў дом заяўніка і ўкрала адтуль трохлітровы слоік памідораў, бляшанку шпротаў, гумовыя сланцы на агульную суму 210 тысяч рублёў. На момант афармлення заявы жанчына ўжо знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання за здзейсненае раней злачынства. Неўзабаве яе адправілі ў турму горада Жодзіна: следчыя даказалі, што менавіта яна вінаватая ў крадзяжы маёмасці з дачнага дома ў вёсцы Леснікі і яшчэ адной сядзібы ў Даманоўшчыне.

 

ТРЫВОГА Ў МАГАЗІНЕ

Сігнал трывогі ахоўнай сігналізацыі паступіў ў аператыўна-дзяжурную часць РАУС з магазіна № 4 райспажыўтаварыства, размешчанага ў Багданаве. На пачатку другой гадзіны ночы невядомы паспрабаваў пранікнуць праз дзверы ў гандлёвую залу, але не змог іх адчыніць. Тады злодзей “скумекаў” узламаць шклопакет, прабрацца ў памяшканне і вывесці са строю блок упраўлення ахоўнай сігналізацыі. Затым паспрабаваў украсці 120 бутэлек гарэлкі, 12 бутэлек шампанскага і 2 каньяку, 242 пачкі цыгарэт, 4 упакоўкі кавы. Яго крымінальнаму азарту перашкодзіў нарад міліцыі, які прыбыў на месца здарэння. Застаўшыся “з носам”, зламыснік усё ж паспеў уцячы. Вінаватага шукаюць.

 

ПАКВАПІЎСЯ НА… ШВАБРУ!

Матывы, які падштурхнулі беспрацоўнага жыхара Валожына на злачынства, не паддаюцца разуменню. Тым не менш, менавіта ён вінаваты ў крадзяжы швабры з анучай і вядра, якімі пажывіўся ў адной з гарадскіх кватэр. Уладальніца ацаніла ўрон у 80 тысяч рублёў. Ці варта было псаваць біяграфію з-за гэтакага “набытку”, мужчына будзе разважаць, маючы на сумленні заведзеную крымінальную справу.

 

МАЛАДЫ, ДЫ НЕСУМЛЕННЫ

Паступіла ў міліцыю і паведамленне пра крадзеж маёмасці з дома з вёскі Бурнейкі. Невядомы, разбіўшы шкло ў акне, пранік у сядзібу і ўкраў адтуль накідку на крэсла коштам 100 тысяч рублёў і пілу на такую ж суму. У здзяйсненні гэтага злачынства абгрунтавана падазраваецца раней не судзімы 15-гадовы школьнік, які стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС.

 

ТРАГЕДЫЯНА НАЧНОЙ ТРАСЕ

11 лістапада каля 10 гадзін вечара вадзіцель фуры “МАН” праязджаў 50-ы кіламетр аўтадарогі Мінск-Гродна. Нечакана па ходу руху на праезную частку выйшаў пешаход без святлоадбівальных элементаў. Вадзіцель наехаў на чалавека, і той у выніку ДТЗ ад атрыманых траўм памёр на месцы. Нягледзячы на тое, што дальнабойшчык быў цвярозы (гэта пацвердзіла экспертыза), ён чамусьці спыніўся толькі праз 7 кіламетраў, пад’ехаўшы да паста вагагабарытнага кантролю ў Шараях. У адносінах да вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса. Згодна з ёй, прадугледжваецца адказнасць аж да пазбаўлення волі да 5 гадоў.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий