Схавацца ад чужых вачэй

Молодежный курьер

Малышам, якія толькі пачынаюць хадзіць у дзіцячы садок і прывыкаюць да незнаёмай абстаноўкі, часам неабходна пабыць у адзіноце, схавацца ад шумнай кампаніі аднагодкаў. Але куды падзецца ад цікаўных вачэй, калі ты не дома?

Педагог валожынскага дзіцячага садка № 2 “Вясёлка” Марына Мечыславаўна Гарбачэўская падышла да гэтай праблемы творча. У яе ясельнай групе з’явілася месца для рэлаксу.  

Уяўляе яно сабой лёгкую каркасную хатку, абцягнутую тканінай з вясёлымі малюнкамі свойскіх жывёл. Уваход у домік зачыняюць дзверцы-занавеска. Такі зацішны куток вельмі зручны. Да таго ж, ён не займае шмат месца, упрыгожвае інтэр’ер дзіцячага пакоя. Набыць яго дапамаглі бацькі дашкольнікаў.

Унутры хаткі няма нічога, акрамя вялікай сэнсарна-маторнай падушкі, якую спецыяльна пашыла выхавальніца. Падушку ўпрыгожваюць рознакаляровыя засцежкі-маланкі, гузікі, ліпучкі, геаметрычныя фігуры. Усё гэта служыць для развіцця дробнай маторыкі малышоў. 2-3-гадовыя непаседы з радасцю і цікаўнасцю бяруць у рукі гэту яркую мяккую цацку. Такая падушка дапамагае зняць стрэс. Цярэбячы ў руках гузікі, маніпулюючы ліпучкамі, дзіця міжволі супакойваецца.

Побач з домікам аформлены Куток настрою. Тут ёсць вялікае люстэрка, побач з якім налеплены малюнкі-сонейкі, што дэманструюць усмешку, здзіўленне, сум і задавальненне. Дзеці нярэдка падыходзяць да іх, вызначаюць свой настрой і глядзяцца ў люстэрка. Ацаніўшы ўласнае адлюстраванне, нават той, хто журыўся, пачынае ўсміхацца, стараючыся быць падобным на першае сонейка.

Плюс да ўсяго М. М. Гарбачэўская на дах незвычайнай хаткі гарызантальна нашыла рознакаляровыя стужкі. Да іх дзеці могуць прывязваць іншыя стужачкі і шнуркі, завязваць з іх банцікі ці заплятаць коскі. Усё гэта таксама развівае пальчыкі, а значыць, і мазгавую актыўнасць дзіцяці.

Па словах педагога, некаторыя дзеці любяць адасабляцца. Такое зацішнае мястэчка – сапраўдны пакой псіхалагічнай разгрузкі для малыша. У хатку юныя гарэзы бяруць з сабой цацкі і там, стаіўшыся, вядуць сваё творчае жыццё.

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий