Прафсаюзы ўшануюць лепшых

Общество

Другі год Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў праводзіць абласны міжгаліновы конкурс прафесійнага майстэрства «Майстар Мінскай вобласці».

Асноўнай мэтай конкурсу з’яўляецца павышэнне прэстыжу чалавека працы, стымуляванне росту кваліфікацыі працаўнікоў, прыцягненне моладзі ў рэальны сектар эканомікі, актывізацыя дзейнасці працоўных калектываў, прафсаюзных арганізацый вобласці па прапагандзе дасягненняў перадавога вопыту, фарміраванне пазітыўных грамадскіх адносін да прафесій, якія пашыраны ў гаспадарцы, аднаўленне кадравага патэнцыялу прадпрыемстваў вобласці.

Конкурс традыцыйна праходзіць на працягу года ў два этапы. Першы этап праводзіцца адміністрацыяй і прафсаюзнымі камітэтамі ў арганізацыях, на прадпрыемствах вобласці.

На другім этапе абласныя (гарадскія) арганізацыі галіновых прафсаюзаў вызначаюць сярод пераможцаў першага этапу лепшых для ўдзелу ў фінальным этапе.

Сёлета ў фінал выйшлі прадстаўнікі 12 прафесій: вальшчык лесу, медсястра, настаўнік, прадавец, вадзіцель, машыніст вежавага крана і інш. Гэта сапраўдныя майстры сваёй справы!

Ушаноўванне пераможцаў конкурсу «Майстар Мінскай вобласці-2014» і канцэрт для іх адбудзецца 28 лістапада 2014 года ў 15.00 у Валожынскім раённым цэнтры культуры.

Мерапрыемства пройдзе ў рамках святкавання 110-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі.

Запрашаем усіх  жадаючых прыйсці на наш канцэрт,  павіншаваць з перамогай сапраўдных прафесіяналаў, тых, хто штодзённай карпатлівай працай прымнажае багацце Мінскай вобласці, стварае ёй славу прыгожага, эканамічна развітага рэгіёна, у якім жывуць сапраўдныя працаўнікі.

Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў



Добавить комментарий