Ахоўнiкi даўнiны

Культура

Прызнайцеся, валожынцы, ці часта вы бываеце ў нашым раённым музеі? А між тым, колькі цікавых экспанатаў сабраў калектыў аднадумцаў пад кіраўніцтвам дырэктара гэтай установы культуры Н. П. Лоўчай!

Ад густой канцэнтрацыі самабытных рэчаў, якімі карысталіся нашы продкі, ствараецца такая атмасфера, што, здаецца, падарожнічаеш на машыне часу. Да таго ж, кожны прадмет – побач, яго можна разгледзіць і нават дакрануцца.

Праўда, калі дасць дазвол экскурсавод У. М. Пучкоў. Пра Уладзіміра Міхалавіча ўспомніць трэба асобна, бо так цікава, як ён, вам не раскажа ні адзін сталічны музейны работнік. І нават калі вы – знаўца мясцовай гісторыі, то ўсё адно даведаецеся ад яго нешта новае.

Сёлета, да 70-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адзін з пакояў музея адведзены пад ваенную экспазіцыю. Цэлы стэнд займаюць дакументы тых вогненных гадоў: розныя “аўсвайсы” і харчовыя карткі, дазволы на гандаль і прадпісанні аб нормах здачы прадуктаў калгасамі, бо да 1943 года захопнікі не распускалі агульныя гаспадаркі і былі зацікаўлены ў іх функцыянаванні.

На сцяне за шклом размяшчаецца карпатлівая праца У. М. Пучкова і яго саратнікаў – карта баявых дзеянняў на тэрыторыі раёна. Яна настолькі падрабязная, што спецыялісты дзіву даюцца: на ёй паказаны дыслакацыі нават нешматлікіх вайсковых падраздзяленняў. Элементы зброі, абмундзіраванне, узнагароды і іншая ваенная атрыбутыка – чаго толькі, аказваецца, не захавалася на Валожыншчыне! Вось толькі каб адшукаць усё гэта, трэба мець і талент, і своеасаблівае чуццё, і глыбокія веды.

Адна з залаў музея адведзена пад часовыя выставы. Зараз там размяшчаюцца старыя фатаграфіі з выявамі нашага горада, некаторыя датуюцца пачаткам мінулага стагоддзя. Але і Валожын 60-70-х гадоў ужо настолькі далёкі і непадобны да сучаснага, што сэрца зашчыміць і ў пажылога чалавека, і ў юнага.

Вялікія магчымасці для атрымання цікавых гістарычных звестак дае музейным работнікам Інтэрнэт. Адшукаўся там і ўнікальны даведнік пра населеныя пункты Ашмянскага павету, да якога за польскім часам адносіўся Валожын. Пераклад кожнай старонкі з гэтай кнігі радуе супрацоўнікаў музея новымі фактамі, якія ў хуткім часе стануць даступнымі для ўсіх, хто любіць свой край і вывучае яго мінуўшчыну.

Алена ЗБІРЭНКА,

 фота з архіва музея



Добавить комментарий