Лаўка для бяседы…

Культура

Яшчэ ў недалёкія часы ўздоўж плоту амаль у кожнай вёсцы абавязкова ставілі зручную драўляную лаўку. Для калектыўных пасядзелак. Хаця адпачыць у кампаніі вяскоўцаў і тады выдавалася не часта. Звычайна гэта здаралася толькі цёплымі летнімі вечарамі, калі вёска заціхала, вызваленая да раніцы ад звыклай сялянскай працы. Збіраліся моладзь ды сталыя жыхары на любімай лаўцы нярэдка і па выхадных днях. А цяпер лаўкі пры плоце ўздоўж  вуліцы сустрэнеш рэдка. Змяніла яна сваю ранейшую прапіску. Стаяць цяпер гэтыя атрыбуты адпачынку пры сцяне жылога будынка ці недзе адзінока сумуюць пад дрэўцам на падворку. А ў Сярэднім Сяле Дорскага сельсавета мы пераканаліся, што і цяпер лаўка на вуліцы не пустуе.  

…Залатая восень шчодра аддавала людзям сваё ўжо скупое развітальнае цяпло, і пажылыя сярэднясельцы наталялі душы гэтым камфортам прыроды.  Даведаўшыся, што мы карэспандэнты, тройка пенсіянераў тут жа паспешліва падхапілася з лаўкі і чамусьці пачала сарамліва апраўдвацца: “Гультаямі мы сталі. Сядзім вось тут склаўшы рукі. Байкі баем…”

Слова за слова – міжволі пачалася гутарка. Аказалася, што гультаямі яны сябе дарэмна назвалі. Бо бульбачку выкапалі амаль у канцы жніўня. Зерне таксама змалацілі і ўпарадкавалі. Караняплоды ўбралі. Агарод перааралі. Цыбулі масіўныя вянкі наплялі. Засталося толькі ўпарадкаваць шчодры ўраджай садоў. І зноў спакойна чакай наступлення зімы. А там з надзеяй – прыходу вясны, каб ізноў круціць калаўрот гэтых адвечных спраў.

Людзі сялянскай закваскі, нават пайшоўшы на заслужаную  пенсію, адчуваюць сябе няўтульна, што ўжо больш не працуюць у калектыўнай сельскай гаспадарцы. Хаця ніхто з нашых траіх субяседнікаў не пайшоў на пенсію адразу. 42 гады аддаў механізатарскай справе Анатоль Ягоравіч Кулік. Не раз ён узнагароджваўся за сваё старанне Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Асабліва ганарыцца ён ордэнамі Знак Пашаны і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Разам з жонкай яны выгадавалі траіх дзяцей. Аўтарытэтная гэта сям’я не толькі ў роднай вёсцы.

Крыху меншы працоўны стаж і ў яго блізкага суседа, таксама ў былым  калегі – Мікалая Антонавіча Радзюка. А яго другая палавінка Тамара Ягораўна сваё прафесіянальнае жыццё  таксама звязала з родным калгасам, які ў недалёкія часы называўся “Чырвоны сцяг”. Тамара Ягораўна працавала ў бухгалтэрыі.  У гэтай гаспадарцы дынастыя Радзюкоў прадаўжаецца. Дыспетчарам,  цяпер ужо дорскага вытворчага ўчастка ТАА “Тарасава”, працуе іх дачка Алена.

…Лавак пры плоце ў Сярэднім Сяле цяпер адзінкі. Вёсачка паціху пусцее. Для старасці няма закрытых веснічак. На кожнай сядзібе яна сёння, на жаль, паўнапраўная гаспадыня.

Раней у гэтым населеным пункце на прыватных падворках налічвалася 35 кароў, а цяпер статак змізарнеў да дзвюх. А  пенсіянеры менавіта немагчымасць больш трымаць кароўку-карміцельку якраз цяпер і перажываюць з найвялікшым болем у сэрцы. Бо кароўка ў хляве – гэта  заўсёды яскравы паказчык сялянскага дабрабыту. Затое працы на зямельцы па-ранейшаму яны не здрадзілі. Грады ў руплівых гаспадароў выглядаюць нібы дагледжаныя вазоны ў гарадскіх кватэрах. Ды і астатнія надзелы ля сядзібы не пустуюць: то канюшынка расце, то збажына каласіцца, ці ў крайнім выпадку наліваецца сокамі сенажаць.

Шкада, што адыходзіць пакаленне людзей сялянскай закваскі. Мазолістыя, жылістыя рукі іх можна лічыць найлепшай натурай для рэалістычнага палатна, якое ўпотайкі стварае мастак па імені Час… Хоць ты здаецца вазьмі і папрасі гэтага мастака: “Найдзі сабе іншую натуру! Няхай лаўкі ля плоту стаяць яшчэ доўга! І не пустуюць… Няхай на іх вядзецца мудрая і простая бяседа. Гэтым людзям ёсць што прыгадаць. Ды і адпачываць ім раней прыходзілася вельмі рэдка”.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий