Першая прыступка на Алiмп

Спорт

Дзюдо, футбол, лёгкая атлетыка, настольны тэніс – такія аддзяленні дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Валожынскага раёна наведваюць 334 чалавекі. 72 школьнікі – з сельскай мясцовасці, 262 – дзеці і падлеткі райцэнтра.

Навучальна-трэніровачныя заняткі, медыка-аднаўленчыя, аздараўленчыя мерапрыемствы, прыём кантрольных нарматываў на пачатак і канец навучальнага года, удзел у спаборніцтвах – асноўныя формы навучальна-трэніровачнага працэсу.

У фаварытах у тынэйджараў – настольны тэніс, на аддзяленні якога займаюцца 120 вучняў. Затым ідуць футбол – 82 школьнікі, лёгкая атлетыка – 72 чалавекі, дзюдо – 60 вучняў.

У ДЮСШ– 13 трэнераў-выкладчыкаў. На аддзяленні футбола працуюць Генадзь Пермякоў, Уладзімір Барладзян, Андрэй Пракаповіч, Эдуард Гардынец. Майстэрству гульні ў настольны тэніс школьнікаў вучаць Аляксей Лях, Дзмітрый Пазднякоў, Дзмітрый Ажарэльеў, Аляксей Шапашнікаў.

З лёгкай атлетыкай дзяцей знаёмяць Анастасія Паталей і А. С. Чарняўскі – трэнер першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Аляксандр Станіслававіч працуе ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ўжо 20-ы год. Яго вучні дасягаюць высокіх вынікаў у спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

У 2012 годзе выхаванцы А. С. Чарняўскага сталі пераможцамі на Міжнародных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, летась удзельнічалі ў Чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы.

Напачатку лістапада гэтага года 14 юных лёгкаатлетаў раёна ўдзельнічалі ў адкрытым Першынстве СДЮШАР “БЕЛАЗ” у Жодзіне. Удалай для нашых маладых спартсменаў стала дыстанцыя на 800 метраў. Па выніках спаборніцтваў юныя лёгкаатлеты Валожыншчыны паднімаліся 4 разы на п’едэстал для ўзнагароджання. 1-е месца заняла Дыяна Сакалоўская, 2-е – Яўгеній Мойса і Ігар Князевіч, 3-е – Аляксей Сцяпко.

Аддзяленне барацьбы дзюдо – ноу-хау для раёна. Сакрэты старажытнай барацьбы хлопчыкам і дзяўчынкам райцэнтра адкрывае трэнер Аляксей Садоўскі, выпускнік Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Я. Коласа.

Сёлета вучні ДЮСШ удзельнічалі ў 52 спаборніцтвах рознага ўзроўню: у 25 раённых, 18 абласных і 9 рэспубліканскіх.

Асноўная дзейнасць нашай ДЮСШ – падрыхтоўка спартыўнага рэзерву. Штогод школа перадае аднаго вучня ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі – рэспубліканскае альбо абласное вучылішчы алімпійскага рэзерву. Летась у Мінскай дзяржаўнай абласной сярэдняй школе-вучылішчы алімпійскага рэзерву пачаў вучыцца Уладзімір Княжэвіч, у гэтым годзе – Дыяна Сакалоўская.

Сёлета трэнерска-выкладчыцкім саставам ДЮСШ падрыхтавана 50 навучэнцаў юнацкага разраду.

Для дзяцей і падлеткаў ДЮСШ 2 разы на год праводзіцца ўрачэбна-медыцынскі кантроль спецыялістамі Маладзечанскага дыспансера спартыўнай медыцыны. Улетку нашы вучні аздараўляюцца ў дзіцячых лагерах. Сёлета 89 юных спартсменаў адпачылі ў палатачным лагеры “Алімпіец”.

Ларыса САДОЎСКАЯ,

інструктар-метадыст ДЮСШ Валожынскага раёна



Добавить комментарий