Мелодыя восеньскiх лiсцяў…

Общество

Нядаўна па просьбе дзяцей і ўнукаў у ЗАГС былі запрошаны “залатыя” юбіляры з Валожына – Аляксей Аляксеевіч і Леакадзія Сямёнаўна Вінаградавы. Супрацоўнікі ўстановы распрацавалі сцэнарый з віншаваннямі, сюрпрызамі і падарункамі. Адпаведны настрой стварала музыка. А маладажоны, як і патрэбна на вяселлі, былі ў цэнтры ўвагі.

Роўна паўстагоддзя назад Аляксей Аляксеевіч і Леакадзія Сямёнаўна сталі мужам і жонкай. Падзея адбылася сціпла, без маршаў і бакалаў з шампанскім: дзядзька жаніха, тагачасны старшыня Даўбенеўскага сельсавета, зайшоў вечарком з журналам уліку актаў грамадзянскага стану і распісаў маладых. І толькі праз пяцьдзесят гадоў гэтай пары давялося і на вышываны ручнік ступіць, і закружыць у вальсе, і прымаць ад родных людзей пышныя букеты.

Не забыўся павіншаваць залатых юбіляраў і калектыў Валожынскага лясгаса, у якім Аляксей Аляксеевіч працаваў майстрам. Ад імя былых калег цёплыя пажаданні выказалі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Сяргей Мікеня і інжынер Людміла Чэрнік. Дарэчы, Вінаградавы змаглі захаваць вернасць не толькі адно аднаму, але і выбраным прафесіям.

У той час, калі муж клапаціўся пра ахову і прымнажэнне лясоў, Леакадзія Сямёнаўна гатавала абеды і кулінарыла ў аддзеле грамадскага харчавання райспажыўтаварыства.

У райцэнтр маладажоны перабраліся амаль адразу, як распісаліся. Купілі дом па вуліцы Пушкіна, у якім праз год звінеў ласкавым званочкам галасок іх першага дзіцяці – дачкі Наталлі. Праз чатыры гады Аляксей і Леакадзія зноў сталі бацькамі. На гэты раз на свет з’явіліся адразу дзве дзяўчынкі. Назвалі іх Нэлай і Жаннай. Тата хоць спадзяваўся на сына, але і такі расклад прыняў, як падарунак лёсу.

…Немагчыма святкаваць залатое вяселле і не акунуцца ва ўспаміны! А што можа больш парадаваць, чым вяртанне думкамі ў пару маладосці? Напрыклад, як любілі ўсёй сям’ёй глядзець перадачу “Клуб кінападарожжаў” па першым, яшчэ чорна-белым тэлевізары. Хіба думалася тады, што іх дочкам і ўнукам выпадзе лёс жыць у заморскіх краінах? Што давядзецца ад адной чакаць  вестак аж з ЗША, а ад другой – з Арабскіх Эміратаў?

На залатое вяселле пастараліся сабрацца ўсе нашчадкі. Яны і сталі ініцыятарамі правядзення святочнай урачыстасці ў ЗАГСе. Работнікі гэтай установы Т. У. Яныш і В. У. Цялеўка ахвотна пайшлі насустрач і пастараліся зрабіць так, каб кожны, хто прысутнічаў на сямейным юбілеі, таксама захацеў шчасліва адзначыць пяцідзясятую гадавіну ўжо свайго шлюбу.

А дапамагчы павінен сакрэт, якім падзяліліся Аляксей Аляксеевіч і Леакадзія Сямёнаўна: “Не абражайце сямейнае жыццё брыдкім словам, дрэнным учынкам, злосным поглядам!”

Алена ЗБІРЭНКА,

фота Вольгі ЦЯЛЕЎКІ



Добавить комментарий