Служба днi i ночы…

Общество

У вёсцы Дайнава Вялікая прозвішча Ліштван носяць калі не ўсе, то большая частка жыхароў. Род Ліштванаў налічвае шмат дастойных людзей. Сярод іх ёсць урачы і настаўнікі, вучоныя і хлебаробы, вайскоўцы і музыканты. У кагорце слаўных імён не апошняе месца займае начальнік аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС, маёр міліцыі Міхаіл Міхайлавіч ЛІШТВАН, які першым сярод землякоў падняўся на такую прыступку ў праваахоўных органах.

У будучым годзе Міхаіл Міхайлавіч адзначыць 25 гадоў прафесіянальнай дзейнасці. Службу нёс заўсёды сумленна, за што неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам: мае званне “Выдатнік ДАІ”, медаль “За бездакорную службу”, шматлікія Падзякі і Ганаровыя граматы.

М. М. Ліштван пагадзіўся расказаць чытачам газеты пра службу і пра сябе.

– Каб пазнаёміцца бліжэй, хацелася б нешта даведацца пра пачатак Вашага жыццёвага шляху.

– Дзяцінства, як і ў большасці вясковых дзяцей, праходзіла часцей у працы, чым у гулянні. У пятнаццаць гадоў, калі пакідаў родны дом, каб прадоўжыць вучобу ў Валожынскім ПТВ-208, мог нараўне з дарослымі выконваць любыя сельскія работы.

Гарадскі ўклад уразіў найперш кароткімі раніцамі: устаў, хуценька прывёў сябе ў парадак і праз дзесяць хвілін ужо сядзіш у аўдыторыі, слухаеш выкладчыка. Дома ж падымаліся яшчэ зацемна: рупіліся па гаспадарцы, снедалі ўсёй сям’ёй, потым не блізкая дарога ў школу-васьмігодку, якая размяшчалася ў суседняй вёсцы. Найбольшую ўвагу бацькі ўдзялялі таму, каб я і старэйшыя сёстры былі дысцыплінаванымі і паслухмянымі вучнямі.

Пасля заканчэння вучылішча служыў у арміі, ва ўнутраных войсках Маскоўскага гарнізона. Жыццё па раскладу, выкананне субардынацый, фізічныя нагрузкі спачатку падаліся складанымі, але хутка прыйшло разуменне, што парадак і дысцыпліна – залог поспеху. Ужо як быў салдатам, пачаў задумвацца аб тым, каб звязаць лёс калі не з ваеннай службай, то з міліцэйскай. І ў 1990 годзе стаў інспектарам дарожна-патрульнай службы.

– Пра ДАІшнікаў існуе шмат анекдотаў. Як Вы ацэньваеце такі гумар?

– Анекдоты слухаю, не перабіваю, смяюся, калі гумар дасціпны. Але сам не расказваю. Усё ж такі служба наша складаная, адказная і вясёлага ў ёй мала. Часцей даводзіцца сутыкацца з трагедыямі на дарогах, правапарушэннямі і праблемамі, якія ў выніку гэтых правапарушэнняў наступаюць.

– Які эпізод са службы быў самым жахлівым?

– Гадоў дзевяць назад у Валожыне, па вуліцы Камарова, пад лесавоз трапіла легкавушка з шасцю маладымі людзьмі. Усе яны загінулі. Жахлівае відовішча, ды самае балючае, што той аварыі магло бы і не быць. Тым хлопцам і дзяўчатам цяпер бы было гадоў па трыццаць. Самы росквіт…

–А дарожныя здарэнні са шчаслівым канцом бываюць?

– Вядома. Вось учора, напрыклад, па дарозе Валожын-Вішнева, у раёне Адамоўскага лесу, дзяўчына з невялікім вадзіцельскім стажам пайшла на абгон, не ўлічыла сітуацыю і ледзь не адбылося лабавое сутыкненне. Добра, што вадзіцель, які ехаў насустрач, своечасова зрэагаваў і з’ехаў у кювет. Машыны сутыкнуліся, разбіліся люстэркі бакавога бачання, але людзі не пацярпелі.

– Ці даводзіцца ДАІшнікам самім парушаць Правілы дарожнага руху?

– У час аператыўнай работы – так.

– Няўжо на бязлюднай вуліцы, калі няма машын, пойдзеце на пешаходны пераход, а не там, дзе зручней?

– Абавязкова. І любы прадстаўнік службы ДАІ паступіць таксама. Мы ніколі не забудзем пра рамяні бяспекі, калі едзем за рулём. А як жа інакш? Калі нешта строга патрабуеш ад людзей, то з сябе запытанне павінна быць у разы большым.

– А бывала так, што Вы не на службе, і бачыце, што нехта парушае Правілы. Як сябе тады адчуваеце?

– У такіх выпадках шкадую, што не маю права зрабіць заўвагу. Напэўна, кожны чалавек ведае, што як толькі ў полі зроку вадзіцеля ці пешахода знаходзіцца прадстаўнік ДАІ, то ўсе робяцца больш дысцыплінаванымі. Даводзіцца часам разводзіць ад бяссілля рукамі. Але гэта звычайна ў Мінску ці ў якім іншым населеным пункце, дзе мяне не ведаюць. У нашым раёне ў падобныя сітуацыі не трапляў.

– Міхаіл Міхайлавіч, на Вашу думку, што трэба зрабіць, каб правапарушальнікаў станавілася менш? Можа, караючыя меры ўзмоцніць?

– Лічу, што заканадаўства ў нас дастаткова суровае. І, як казаў вядомы расійскі адвакат Міхаіл Баршчэўскі, праблемы не рашаюцца прыняццем законаў. Галоўнае, каб кожны правапарушальнік адчуваў і ведаў, што будзе абавязкова пакараны. А для гэтага мы і пастаўлены, каб пільна кантраляваць усе сітуацыі на дарогах, своечасова рэагаваць і дакладна прымяняць заканадаўства.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий