Паклоннiкi Ван Гога

Молодежный курьер

Часцей у дзіцячых выяўленчых студыях сярод вучняў колькасць дзяўчынак дамінуе над колькасцю хлопчыкаў. Не выключэнне і клас выяўленчага мастацтва Валожынскай школы мастацтваў. Асновы малюнка, жывапісу і кампазіцыі тут вывучаюць 27 юных мастачак. Але з не меншым захапленнем малююць нацюрморты і 12 хлапчукоў.

Каб атрымаць пасведчанне аб заканчэнні мастацкага класа, дзецям трэба вучыцца 5 гадоў. Тут займаюцца школьнікі рознага ўзросту – і малышы-другакласнікі, і падлеткі з дзясятых класаў. Вопытны педагог Вольга Мікалаеўна Прыёмка вучыць юных фантазёраў адчуваць аб’ём і фактуру, святлацені і перспектыву прадметаў.

Не пад прымусам, не па строгаму бацькоўскаму загаду тут знаёмяцца з мастацтвам 12-гадовы Федзя ПАТАПЧАНКА і 10-гадовы Вадзім ЖАМОЗДЗІК з Валожынскай СШ № 1.

Федзя, напрыклад, марыць стаць шэф-поварам альбо дызайнерам. Дапамагае маме прыгожа афармляць стравы, сервіраваць святочны стол, вывучае карвінг – мастацкую рэзку па агародніне і фруктах. Захапляецца тынэйджар і творчасцю Ван Гога. Асабліва падабаюцца хлопчыку “Сланечнікі”, “Начное кафэ” і “Аўтапартрэт з люлькай”.

Постімпрэсіянізм галандскага жывапісца прыцягвае і Вадзіма Жамоздзіка. Юны мастак у сваіх малюнках стараецца выкарыстоўваць вангогаўскія дынамічныя мазкі і яркія колеры. Але прызнаецца, што больш усё ж любіць маляваць не фарбамі, а алоўкам. Мастацкія здольнасці хлопчыка ацэнены шматлікімі дыпломамі на конкурсах дзіцячых малюнкаў. Вадзім не сумняваецца: жывапіс развівае мысленне, і, несумненна, спатрэбіцца ў прафесіі ваеннага ці міліцыянера, адну з якіх ён абярэ ў будучыні.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий