ВОСЕНІ ЗВОНКАЕ РЭХА

Культура

  У трэці раз раённы цэнтр культуры сабраў юных аматараў эстраднай песні на фестываль-конкурс “Звонкае рэха”. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці сельскіх клубных устаноў завіталі ў Валожын, каб на раённай сцэне прадэманстраваць свае вакальныя здольнасці.

    У рэпертуары выканаўцаў ад 6 да 16 гадоў былі песні з любімых і папулярных мультфільмаў, песні аб Радзіме, роднай Беларусі, творы з рэпертуару вядомых эстрадных спевакоў. Большасць удзельнікаў падышла да конкурсу сур’ёзна: зрабілі якасныя фанаграмы мінус адзін, творча папрацавалі над сцэнічным вобразам, касцюмамі. У малодшай групе (6-12 гадоў) журы выдзеліла Іллю Нойкіна з гарпасёлка Івянец. “Песенка о капитане” і “Кудесники” прынеслі яму перамогу, дыплом за першае месца і падарунак. Яшчэ адна ўдзельніца – Ала Ванслаў з Дорскага СДК і вольнага часу – падзяліла з Іллёй першае месца. Так высока былі ацэнены яе песні “Беларусь” і “Дарога”. Дыпломам за другое месца ў гэтай падгрупе адзначана прадстаўніца Каменскага сельскага клуба Алеся Дзеніс. Вельмі артыстычна і цікава выканала песні “Черный кот” і “Песню Красной Шапочки” Юлія Яновіч з Сівіцкага СДК і атрымала дыплом глядацкіх сімпатый.

    У старэйшай падгрупе першае месца вырашана было не прысуджаць. Другое і трэцяе занялі Кацярына Кулік, якая прадстаўляла Гародзькаўскі сельскі клуб, і Ксенія Гурбан, якая абараняла гонар Падбярэзскага СДК.

    Шчырымі апладысментамі падтрымлівалі юных выканаўцаў удзячныя гледачы. Сярод іх былі бацькі, спецыяльныя групы падтрымкі з ліку землякоў, а таксама вучні гарадскіх школ з настаўнікамі. Журы адзначыла ўзросшы ўзровень выканання юных артыстаў, а кіраўнікам, якія рыхтавалі іх да конкурсу, пажадала больш уважліва ставіцца да падбору рэпертуару, ускладняць яго ў залежнасці ад узросту спевакоў. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў, а падарункі пераможцам прадаставіў аддзел па справах моладзі райвыканкама.

Ірына МАНДРЫК,

метадыст раённага цэнтра культуры.



Добавить комментарий