Радкі з гісторыі раёна

Культура

У мясцовым ганчарстве на працягу XVIXVIIIстагоддзяў фарміруецца традыцыя роспісу. Сустракаюцца маляўнічыя завіткі, кропкі, выявы расліннага свету і тэкставыя надпісы, а таксама вырабы, адціснутыя ў формах, гліняныя цацкі і паліваная дэкаратыўная скульптура. Увогуле, дэкаратыўная кераміка злучае традыцыйнае ганчарства з мясцовай вытворчасцю кафлі.

У 1889 годзе 29 майстэрняў рэалізавалі тавару на 2490 рублёў, а за 1901 г. толькі ракаўскія ганчары атрымалі 3700 рублёў.

Адметнай рысай мясцовага ганчарства становіцца новая форма рэалізацыі тавару праз пасрэднікаў. Структура ўзаемаадносін выканаўца – пасрэднік – спажывец больш нідзе так шырока не выкарыстоўвалася іншымі ганчарамі Беларусі і Літвы (у Польшчы падобны продаж забараняўся цэхавымі статутамі). Кошт адной капы вырабаў залежаў ад іх віду посуду і якасці. Паколькі некаторыя рамеснікі (І. Раслеўскі, В. Янчэўскі) рабілі лепш посуд, то кошт іхняй прадукцыі ўзрастаў на 25-30 працэнтаў.

Нягледзячы на агульныя рысы, сялянскія павіннасці ў розных уладаннях мелі свае асаблівасці. Сяляне в. Скіпароўцы, якой валодалі Салагубы, у 1766 г. павінны былі адбываць чатыры дні паншчыны ў тыдзень і два гвалты ў год. Адпраўляць кожны дзень аднаго селяніна на начную варту, а кожную суботу – на чыстку комінаў у панскім двары.

Сяляне фальварка Карабанаўшчына, які належаў Агінскім, у 1794 г. неслі больш складаныя павіннасці. Акрамя трох дзён паншчыны, ад усходу да заходу сонца, яны былі абавязаны плаціць чынш, грашовы аброк, зімой адбываць падводную павіннасць (на адлегласць 20 міль), 16 разоў у год выходзіць на гвалты. Штогод прывозіць на панскі двор па чатыры фуры дроў, па чарзе хадзіць у начную варту, аддаваць феадалу палову сабранага з кожнага вулля мёду, а таксама спрасці за год па чатыры маткі пражы.

Усяго ў 1938 г. ў Івянцы было 574 дамы, з іх мураваных – 10. У 1936 г. пабудавана школа па вул. Закляштарнай (цяпер – Пушкіна). У большасці вуліцы былі брукаваныя, да некаторых падведзена электрычнае асвятленне. Дарэчы, першым электрафікаваў лесапільню, тартак і сваю сядзібу ў Новым двары па цяперашняй вуліцы Прамысловай, 33 яшчэ ў 1920 г. апошні ўладальнік івянецкіх зямель, мешчанін Пётр Дарагунцаў. У музеі захаваліся дакументы, у якіх засведчаны продаж Дарагунцавым зямель  Калісту Дамброўскаму на пабудову цагельні, Юзэфе Мікалайціс на пабудову сядзібы і кузні па вуліцы Надрэчнай.

Месцы і спосабы рыбнай лоўлі строга абумоўліваліся і ахоўваліся як старадаўнімі звычаямі, так і законам. Асноўнымі прыладамі рыбнай лоўлі служылі разнастайныя сеткі, невады, а таксама восці. Выкарыстоўваліся і спецыяльныя лавушкі. У адным з дакументаў канца XV ст. паведамляецца пра лоўлю рыбы ў ставе каля Івянца “на малы венцер”.

Пасля вайны (1945) каля рэчкі Гальшанка выпальвалі вапну з мясцовых вапнякоў.

Пуд нягашанай вапны (а прадавалі тады толькі нягашаную вапну) каштаваў 1 пуд жыта. Вапну прадавалі ў Ракаве, Івянцы, Пяршаях. Яе тут і выпальвалі (на рэках Іслач, Волма, Пяршайка). Выпальвалі вапну ў Захажэве – седлішча над рэчкай Бушлянка Пяршайскага сельсавета.



Добавить комментарий