Шыць i не тужыць…

Культура

Нават гады не сцерлі з яе твару жаночай прывабнасці. У яе простым абліччы і сёння ёсць звабны сялянскі шарм. І  яркая квяцістая хустка, і трыкатажнае паліто міжволі сведчаць, што цётцы Уладзі і ў 77 гадоў яшчэ хочацца прыбірацца. У яе ёсць добры густ. Таму і ўборы з гардэробу дачкі, якія маці звычайна даношвае, міжволі малодзяць гэту жанчыну. Такая вопратка носіцца звычайна ў будні. Ёсць і святочныя строі. Хоць пенсія і невялікая, але Уладзіслава Браніславаўна Пудакевіч (да замужжа Завадская) з вёскі Гірбіняты ўсё роўна стараецца справіць хоць нейкую абноўку. Хочацца, як кажуць, трымаць фасон. Вось нядаўна выдавала замуж любімую ўнучку, таму хацелася бабулі выглядаць адпаведным чынам: купіла для вясельнага застолля прыгожы касцюм…

Сачыць за сваім знешнім выглядам – гэта, відаць, у крыві. Дзядуля Уладзіславы жыў пад Крэвам. Колькі сябе памятае дзяўчынка, ён дні навылёт засяроджана сядзеў за машынкай “Зінгер” і старанна страчыў розныя абноўкі. Заказаў ад аднавяскоўцаў, ды і жыхароў наваколля паступала нямала. Гэтым і зарабляў дзед Кастусь на пражыццё. А калі заводзілася лішняя капейчына, абавязкова спраўляў абноўкі дамачадцам. Шыў ён і кажушкі з аўчынак, і папулярныя ў той далёкі час бурносы. Дажыў здольны кравец амаль да 90 гадоў. А калі дзядулі не стала, швейная машынка не пылілася на гарышчы. Гэты сямейны рарытэт у справу пусціла  прадпрымальная ўнучка Уладзіслава. Яна – адзіная і ўжо апошняя прадаўжальніца швейнага радаслоўнага рамяства. Праўда, жыла яна ўжо не пад Крэвам у бацькоў, а на Валожыншчыне ў вёсцы Гірбіняты, куды выйшла замуж. У Гірбінятах таксама былі мясцовыя аўтарытэтныя майстры швейнай справы. У іх ліку і Вандзя Клачко, якая таксама з ахвотай перадавала свой вопыт дапытлівай і кемлівай маладой краўчысе Уладзіславе Пудакевіч.

У недалёкія часы пашыў адзення па індывідуальных заказах быў звыклай з’явай. Атэлье і прыватныя майстрыхі мелі шмат заказаў. Але паступова модныя тэндэнцыі сталі фарміраваць магазінныя тавары. Паставіла ў далёкі закутак і  Уладзіслава Браніславаўна Пудакевіч сваю рарытэтную машынку “Зінгер”. У той час, калі гэта жанчына гадавала сваіх 4 дзяцей, яна таксама часта эканоміла сямейныя грошы, спрактыкавана шыючы для дочак і сыноў розныя жаданыя абноўкі. Працавала паляводам у саўгасе. Заробкі мела сціплыя.

А цяпер час зусім перамяніўся. Пра пашытыя абноўкі яе 9 унукам і 9 праўнукам лепш увогуле не заікацца… Былі б грошы – усё купіш у крамах і на рынках.

…Нягледзячы на  вялікую беднасць сям’і Завадскіх, яшчэ з маленства Уладку бацькі стараліся апранаць прыгожа, з густам. Можа таму, што з выгляду гэта дзяўчынка была надзвычай мілая. Невыпадкова ў вайну здарыўся з ёй такі казус. Іх дом у вёсцы на Смаргоншчыне быў самы вялікі. Яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны пры лесе доўгі час пуставаў агромісты будынак былой нямецкай кухні. У Завадскіх былі чатыры сыны. Таму фізічнай сілы хапіла, каб разабраць тую нямецкую кухню і перавесці ў вёску, абсталяваць пад жылы дом. У вёсцы за гэтай сядзібай нават замацавалася характэрная назва – “кухня”. Таму, калі ў саракавыя гады ў Гірбінятах у Вялікую Айчынную вайну спыніліся на кароткі час байцы Чырвонай Арміі, то адразу выбар размяшчэння кухні прыйшоўся на сядзібу Завадскіх.

Кучаравая чарнявая Уладка часта круцілася каля пліты, дзе апетытна пахла рознымі стравамі, хаця найчасцей, вядома, ж сталаваліся рознымі кашамі. Афіцэр сярэдняга ўзросту не спускаў вачэй з гэтай гарэзлівай, сімпатычнай дзяўчынкі. Глыбокі сум чытаўся ў яго вачах. Нейкі ўнутраны боль хаваў гэты чалавек, выкурваючы ў хвіліны адпачынку ні адну цыгарэту. Неяк гаспадару сядзібы ён прызнаўся, што ў Расіі загінула ад рук фашыстаў уся яго сям’я, страціў і любімую дачушку, амаль што равесніцу Уладкі.

Ён любіў гэту маленькую прыгажуню гушкаць на руках, неаднойчы балаваў яе кубікамі цукру. Дзяўчо міжволі асмялела і адчувала сябе на салдацкай кухні, як сярод родных людзей. Таму, відаць, і села даверліва ў машыну з афіцэрам, які, набраўшы хуткасць, стаў паспешліва пакідаць вёску Гірбіняты. Калі бацькі спахапіліся, што няма дачкі ў двары, кінуліся шукаць. Суседкі падказалі, што бачылі, як Уладка радасна смеючыся ехала ў машыне, якой кіраваў той афіцэр. Бацька на кані дагнаў іх за вёскай. Афіцэр вінаваціўся за свой учынак і не ўтойваў, што хацеў украсці дзяўчынку, хацеў выгадаваць яе як любімую дачку. Слёзы віны і сораму перамяшаліся ў яго вачах. Бацька разумеў, як няпроста гэтаму яшчэ маладому чалавеку навучыцца знайсці сэнс у жыцці, калі назаўсёды страчана самае каштоўнае – любімая сям’я. Хоць столькі смерці ён пабачыў на працяглай жахлівай вайне, але з такім горам ніколі не звыкнуцца…

Бацька Уладкі адчуваў, што нядаўняя вялікая злосць у яго душы спадае, як пар. Ён глядзеў з ранейшым  калючым дакорам на афіцэра, але чамусьці не змог у той момант упікнуць яго нават словам за гэты ўчынак. Ён разумеў яго гнятлівы боль. Бацька радасна падхапіў на рукі сваю прыгажуню Уладку, моцна-моцна прытуліў да сэрца. А яно, здавалася, гатова было выскачыць з грудзей ад таго, што дачушка нарэшце знайшлася…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий