Уласны хлеб саладзейшы за мёд

Общество

Уласны хлеб саладзейшы за мёд, – сцвярджае старажытная лацінская прымаўка. І пра гэта, як нідзе лепш, ведаюць у аддзеле прамысловасці райспажыўтаварыства

Валожынскі хлеб – адзін з найсмачнейшых ва ўсёй асартыментнай групе, якая прапануецца ў гандлёвых кропках і аўтамагазінах раёна. Пра гэта сведчаць шматлікія водгукі спажыўцоў. У чым сакрэт пакупніцкай прывабнасці галоўнага прадукту на нашых сталах, колькі хлеба выпускаецца для патрэб гандлёвай сеткі, наколькі шырокі асартымент прадукцыі, мы даведаліся непасрэдна ў прафесіяналаў хлебапечнай справы Валожыншчыны.

У валожынскім аддзеле прамысловасці прытрымліваюцца даўнейшых тэхналогій замесу цеставай масы і выпечкі. У суткі выпускаецца 5 тон хлебабулачных вырабаў, у тым ліку 2 тоны здобна-булачнай прадукцыі. Гэтага дастаткова, каб загрузіць цалкам 6 фургонаў і адправіць іх па гандлёвых кропках горада і раёна. Возіцца наш хлеб і ў Маладзечна, выйграны штогадовы тэндар на пастаўку прадукцыі ў воінскія часці сталіцы і некаторых іншых гарадоў. Эканамічна апраўданыя маркетынгавыя хады дазваляюць прадпрыемству заставацца “на плыву”. Але і ў гэтай бочцы з мёдам аказалася лыжка дзёгцю. Да прыкладу, валожынскім хлебапёкам незразумелая і ў нечым крыўдная сітуацыя, якая склалася з завозам хлеба на “Еўраопт”. Магазін размешчаны па-суседску, асартымент прадукцыі, прапануемай аддзелам прамысловасці райспажыўтаварыства, дастаткова багаты (для даведкі – тут выпускаецца фармавы і 8 відаў падавога хлеба, а таксама больш як 65 відаў кандытарскіх вырабаў), а аб’ём паставак няўхільна падае. Калі напачатку работы супермаркета заказ на валожынскі хлеб дасягаў 12 тон, то цяпер гэта лічба напалову меншая. Магчыма, кіраўніцтву магазіна варта было б дадаткова прапрацаваць данае пытанне, бо пакупнікі часта шукаюць на паліцах менавіта валожынскі хлеб. Пад вечар, як правіла, яго ўжо няма, і гэта выклікае незадаволенасць.

Аддзел прамысловасці райспажыўтаварыства пастаянна распрацоўвае новую рэцэптуру і пашырае асартымент. Сярод прапануемага – хлеб “Дэпутацкі з семкамі” і “Панскі” з кавалачкамі фруктаў, батон “Сонечны”, пляцёнка “Малышка” з семкамі, хлябец “Івянецкі фруктовы” з павідлавым начыннем. Плануецца ўзнавіць выпуск хлебнай  прадукцыі з разынкамі, а таксама наладзіць выпуск хлеба цёмнага з семкамі. Радуюць пакупнікоў і кандытары. Напрыклад, асвоена вытворчасць лаваша з цыбуляй. Гэты прадукт гатуецца ў адносна невялікай колькасці, але на яго ёсць дастатковы попыт. Зрабілі тут і стаўку на выпуск булак з тварагом. Як сведчыць маніторынг, добра раскупляецца рулет шакаладна-лікёрны. Гэткім жа чынам даведаліся, што наведвальнікі валожынскіх магазінаў былі б не супраць мець больш багаты выбар тортаў. Таму ў бліжэйшых планах – аднавіць выпуск пясочнай “Есэніі”, тортаў-суфле “Славуціч”, а таксама прадоўжыць паляпшаць рэцэптуру “Бісквітнага з арэхамі” на аснове бялкова-заварнога крэму. Распрацоўваецца новая этыкетка, якая будзе больш падрабязна інфармаваць пакупнікоў пра характэрныя асаблівасці тортаў.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Сачыць за якасцю выпускаемай прадукцыі – адно з асноўных патрабаванняў прафесіі Рымы Іванаўны ПЛЯВАКІ. Яна тэхнолаг, на гэтай пасадзе ўжо 8 гадоў. Калі казаць пра працу, то яе ў Рымы хапае: штодзень яна наладжвае кантроль за належнымі харчовымі характарыстыкамі трох тон чорнага хлеба і двух тон бела-булачных вырабаў. Закончыўшы Маладзечанскі тэхнічны каледж, спецыяліст вырашыла і далей спасцігаць тэарэтычныя мудрасці прафесіі. Цяпер яна завочна вучыцца на інжынера-тэхнолага ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання.



Добавить комментарий