Працавiтыя людзi – багацце зямлi!

Официально

Працавiтыя людзi – багацце зямлi!

У мінулую пятніцу ў Палацы культуры горада Маладзечна прайшло абласное святочнае мерапрыемства, на якім былі ўшанаваны каля 400 заслужаных работнікаў аграпрамысловага комплекса Міншчыны. Дэлегацыю нашага раёна прадстаўлялі 14 ветэранаў працы, якіх па праву можна назваць багаццем Валожынскай зямлі.

Мінская вобласць – адзіная з шасці абласцей нашай краіны, узнагароджаная двума ордэнамі Леніна. Узнагароды ёй здабывалі людзі – працавітыя, сумленныя, старанныя, усёй душой аддадзеныя любімай справе, свайму народу і роднай Бацькаўшчыне. Менавіта такія і сабраліся ў той дзень у зале. Напачатку ўрачыстага мерапрыемства прысутным была паказана дакументальная хроніка – ад часу, як у 1934 годзе ствараліся калгасы і як працавалі нашы дзядулі і бабулі, як у 50-60-я гады прыходзіла на вёску тэхніка, як павышаўся ўзровень прафесіяналізму, – да дня сённяшняга, калі на змену вёскам прыйшлі аграгарадкі з усёй адпаведнай інфраструктурай. У цітрах былі ўзгаданы славутыя імёны сельскагаспадарчай галіны: сярод 23 прадстаўнікоў Міншчыны пачэснае месца было адведзена і нашай зямлячцы – Герою Сацыялістычнай Працы Зоі Макараўне Задоры.

Сваё вітальнае слове старшыня Мінаблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра пачаў з падзякі ветэранам сельскай гаспадаркі за тое, што яны зрабілі і навучылі цаніць хлеб і жыццё. Не так даўно ва Уздзе прайшлі абласныя “Дажынкі”, куды былі запрошаны шмат заслужаных людзей аграпрамысловага комплексу. “Мы многа гаварылі пра тых, хто вырошчваў хлеб, араў зямлю, атрымліваў прадукцыю жывёлагадоўлі, – адзначыў губернатар Міншчыны. – Цяпер маем магутную тэхніку, адбудаваныя вёскі, мадэрнізаваныя малочнатаварныя фермы, высокі ўзровень механізацыі жывёлагадоўчых працэсаў, і гэта ўсё дзякуючы трывала закладзенаму фундаменту, які з’яўляецца асновай і ў наш час. Сабраць усіх разам – і ветэранаў, і цяперашніх перадавікоў – не змаглі. Таму прыйшлі да высновы, што ўсе прафесійныя святы будзем праводзіць у два этапы: напрыклад, 1 верасня, мы ўшануем настаўнікаў, а напярэдадні запросім на сустрэчу тых людзей, якія вучылі нас, – ветэранаў. І гэтак па ўсіх галінах і сферах. Я думаю, ды і вы нас некалі гэтаму вучылі, звычайная ветлівасць, увага, дабрыня каштуюць капейкі, але цэняцца вельмі дорага. Спадзяюся, такімі мерапрыемствамі мы пакладзём пачатак добрай традыцыі: калі гаворым аб нашых дасягненнях, павінны памятаць і тых, хто стаяў ля вытокаў”.

Старшыня Мінаблвыканкама выканаў і прыемную місію – уручыў Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі самым заслужаным ветэранам вобласці, у ліку якіх была і наша З. М. Задора. Не засталіся без падарункаў і ўсе запрошаныя на ўрачыстасць: кожны павёз дадому мяккі і плед, які не толькі сагрэе ў халоднае надвор’е, але і праз гады нагадае пра цёплую сяброўскую сустрэчу напрыканцы 2014-га.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий