Знайсці сваю пару

Культура

Маё дзяцінства прайшло ў бабулі. Шмат цікавага пачула я ад яе. Асабліва ўразіла гісторыя пра тое, што аж дванаццаць жаніхоў прыязджалі сватацца да прыгажуні і модніцы Марыі. Па колькасці жадаючых узяць з ёй шлюб дзяўчына абышла ўсіх нявест наваколля. Я слухала бабулю з цікавасцю, але і з нейкім недаверам.

На двары 80-я гады! Якія сваты? Чаму хлопец, якога прывялі да цябе знаёміцца, адразу – жаніх? Я любіла свайго дзядулю, ды і жылі Марыя Мікалаеўна з Пятром Міхайлавічам нядрэнна. Але не магла зразумець, як гэта можна, абапіраючыся толькі на думку чужых людзей і ўласную інтуіцыю, адразу, амаль з першага позірку, вырашыць, даеш згоду сватам ці не. А як жа каханне, спатканні, так званы букетна-цукерачны перыяд? Не, адназначна сватаўство выклікала ў маёй юнай душы пратэст. Але прайшлі гады, і ў жыцці адной,  блізкай мне жанчыны адбылася гісторыя, якая карэнным чынам змяніла мой светапогляд.

…Кацярына нарадзілася ў шматдзетнай сям’і. Будучы старэйшай, прыглядала за малымі, дапамагала бацькам па гаспадарцы. Расла не беларучкай, добра вучылася. Пасля школы скончыла медвучылішча. Вось толькі доўга не магла здзейсніць сваю запаветную мару – стаць урачом. Але ж упартасці хапала  з года ў год падаваць дакументы ў  ВНУ. Атрымалася на пяты(!) раз. Каці на той момант споўнілася ўжо 25 гадоў. Стаўшы студэнткай, на доўгі час  аб асабістым жыцці забылася. Заняткі з раніцы да вечара. А побач аднакурснікі, якім па 17-18 гадоў. Вядома, прыгожую дзяўчыну заўважалі. І ранейшыя ўхажоры першы час  тэлефанавалі, на спатканні запрашалі. Але атрымлівалі адмову за адмовай. Новыя, калі і здараліся, хутка расчароўваліся ў дзяўчыне, заклапочанай экзаменамі, залікамі, дзяжурствамі ў клініцы.

Дыплом урача, як вядома, проста так не даецца. Вучыцца трэба аж шэсць гадоў. Ды і вучоба  не простая. На 5-6-х курсах Кацярына адчула, што вучыцца ўжо не так цяжка. Вось тады і задумалася аб тым, што чакае яе далей. Няўжо векавухай быць? Але, чалавек плануе, а Бог жыццё яго сартуе.

Дзесьці ў гэты ж час лёс звёў у адной бальнічнай палаце дзвюх жанчын. Новыя сяброўкі, перагаварыўшы ўсё аб сабе і сваіх справах, як звычайна, перайшлі на радню і знаёмых. Адна паскардзілася, што любімаму пляменніку ўжо 33 гады, а ён усё яшчэ халасцякуе. А другая адразу прыпомніла аб незамужняй суседцы з добрай сям’і. “Давай іх пажэнім!” – амаль у адзін голас усклікнулі “свацці”. “Але ж мой прыедзе аж праз год”, – пашкадавала цётка “жаніха”. “І што? Мая якраз інстытут скончыць”, – адказала другая.

“Галя! – тэлефануючы суседцы, “свацця”  не магла стрымаць эмоцыі. – Я тваёй Кацюшы жаніха знайшла! Вяселле – праз год!”. Усе, хто чуў пра планы спрытных кабет, смяяліся. А Каця засмучалася. Вось не хапала толькі аб’ектам плётак стаць. Але праз год той самы голас крычаў з той жа трубкі: “Галя! Ён прыехаў! Заўтра чакай сватоў!” Што заставалася рабіць беднай Галі, якая добра ведала – актыўная суседка слоў на вецер не кідае. Бянтэжыла толькі рэакцыя дачкі. “Не прыеду!” – катэгарычна заявіла тая, і… прыехала. Родныя падбадзёрвалі дзяўчыну: “Ты не хвалюйся, яны ж інтэлігентныя людзі. Будуць рабіць выгляд, што проста міма праязджалі, у госці зазірнулі.  З’явіліся ж сваты самым належным чынам – з караваем на даматканым ручніку, з кветкамі, падарункамі і прымаўкамі. “У вас – тавар, у нас – купец!” – прагучала з парога. “Маладая” мянялася ў твары, бянтэжыўся і “малады”. Але вясёлая кампанія, добрае застолле і пачуццё гумару ўсіх удзельнікаў тых падзей зрабілі сваю справу. Прайшла нейкая гадзіна і сталічны госць (жаніх з Масквы прыехаў) адчуў сябе сярод шматлікай радні сваёй “нарачонай”, як дома.

“Дык што, Кацярына, пойдзеш за мяне замуж?” – запытаў, развітваючыся Алег. “Пайду, напэўна,” – ці то жартам, ці то ўсур’ёз адказала тая. А далей былі пісьмы, рэдкія сустрэчы. І прыйшло …каханне. Вяселле згулялі, як кажуць, без шыку, але ад душы.

Гісторыя гэтая, якой, відаць, наканавана стаць сямейнай легендай, з вытрымкай. 20 гадоў прайшло з той пары. Дачка Кацярыны і Алега ужо нявеста… На жаль, няма  сярод нас тых спрытных сваццяў. Але два любячыя чалавекі, сэрцы  якіх з лёгкай рукі нераўнадушных людзей б’юцца ва ўнісон, успамінаюць жанчын з вялікай і шчырай удзячнасцю.

Цяпер усё часцей людзі сталі шукаць спадарожнікаў жыцця праз сусветную павуціну. Я ўспрымаю гэта з цяжкасцю. Але, назіраючы за сваім дарослым сынам, пляменнікамі, разумею, што юнакам і  дзяўчатам, якія не бавяць час у клубах, барах, не п’юць піва ў скверах, і пазнаёміцца няма дзе. Увогуле, інтэлігентныя людзі, як маладыя, так і сталыя, знайсці сваю пару ў наш час могуць толькі ў трох выпадках: калі яны калегі, вучацца разам; калі пазнаёміліся ў інтэрнэце; ці… калі аб гэтым паклапаціліся нераўнадушныя да іх лёсу родзічы або сябры. Я нават нядаўна выказала думку аб тым, што калі б якісьці прадпрымальнік распачаў справу па стварэнні шлюбнага агенцтва ў нашым раёне, то, магчыма, не прагарэў бы. (Заўвага: імёны герояў зменены)

Валянціна Краўневіч



Добавить комментарий