Тэлефон міліцыі — 102

Закон и порядок

ЗАСТАЛІ “НА ГАРАЧЫМ”

Пенсіянерка з Мінска звярнулася да супрацоўнікаў праваахоўных органаў з заявай аб крадзяжы з дачнага дома, размешчанага каля вёскі Бузуны. На месцы здарэння міліцыянеры ўстанавілі: каля 12 гадзін дня, разбіўшы акно, у веранду прабраўся беспрацоўны, раней судзімы жыхар вёскі Гярвелі. У матэрыялах адзначана, што чалавек знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Ён спрабаваў украсці прадукты харчавання на агульную суму 69 тысяч рублёў, але па незалежных ад яго абставінах свой злачынны замах давесці да канца не паспеў. Цяпер вінаваты знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

ЧУЖЫЯ ГРОШЫНЕ ВЯДУЦЬ ДА РАСКОШЫ

…Калі пенсіянерка з вёскі Рудзеўшчына вярнулася дадому, яна адразу заўважыла, што там пабываў нехта чужы. Дадатковым пацвярджэннем гэтым здагадкам стаў узламаны замок шафы, дзе жанчына хавала свае зберажэнні. Падышоўшы да схованкі, пераканалася: 1,5 мільёна рублёў, якія тут ляжалі, зніклі. Пенсіянерка адразу ж заявіла пра гэту непрыемнасць у РАУС. Вінаватага шукаюць.

Прыкладна такая ж гісторыя здарылася і з жыхаркай Ракава. Толькі сума была 600 тысяч і прапала яна з сумачкі. Абакралі і мужчыну з Галімцаў – у гэтым вінаватай аказалася раней судзімая аднавяскоўка пенсіянера. Пакуль той спаў, яна выцягнула грошы з кішэні яго пінжака. Праўда, супрацоўнікі міліцыі, якія хутка раскрылі гэту справу, абавязалі яе вярнуць грошы з бліжэйшай пенсіі.

З-ЗА АЛКАГОЛЮ –БЕЗ ПРАВОЎ

Супрацоўнікі Следчага камітэта разгледзелі матэрыялы праверкі ў адносінах да раней судзімага жыхара Вішнева, якога сёлета пазбавілі права кіраваць транспартнымі сродкамі. Гэтага чалавека нядаўна зноў затрымалі дзяржаўтанспектары ў той час, як ён у стане алкагольнага ап’янення ехаў на мотаблоку па вуліцы. Прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Нават атрымаўшы 20-мільённы штраф і пастанову суда аб забароне кіравання транспартнымі сродкамі, малады жыхар Багданава не зрабіў належнай высновы. Яго зноў затрымалі “на падпітку” за рулём матацыкла. Цяпер пакаранне будзе яшчэ больш суровае.

ЧУЖОЕ ЯК СВАЁ…

Супрацоўнікі міліцыі шукаюць злодзея, які выкраў з-пад навесу на тэрыторыі дачнага ўчастка ў садовым таварыстве “Каласок” бетонамяшальнік коштам амаль 2,5 мільёна рублёў. Аб прапажы заявіў гаспадар інструмента – пенсіянер-мінчанін.

Яшчэ ў аднаго сталічнага жыхара, які мае дачу ў Туркаўшчыне, невядомы ўкраў з гаража будаўнічы інструмент, прычыніўшы матэрыяльны ўрон у памеры больш за 24 мільёны рублёў.

Напалову меншай у грашовым эквіваленце аказалася страта маёмасці з дачы ў вёсцы Станюшкі: рабаўнік, пранікшы ў дом праз разбітае ім жа акно, выцягнуў адтуль 2 веласіпеды, воданагравальны бойлер і мабільны тэлефон.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий