Флiкер – абярэг пешахода

Закон и порядок

З пачатку года на тэрыторыі вобласці адбылося 248 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, у якіх 60 чалавек загінулі, 200 – пакалечаны. У большасці выпадкаў ДТЗ з загінуўшымі адбыліся ў цёмны час сутак, калі разгледзець пешахода на праезнай частцы вельмі складана.

Як паказвае практыка, пешаходы часта ігнаруюць выкананне Правілаў дарожнага руху і падвяргаюць небяспецы ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Правапарушальнікі рызыкуюць і пераходзяць дарогу па-за пешаходным пераходам, раптоўна выбягаюць на праезную частку, не падпарадкоўваюцца папераджальным сігналам светлафора, лавіруюць на аўтатрасах паміж машын. Здараецца і такое, што дзяржаўтаінспектарам даводзіцца падымаць п’янага чалавека, які сеў або нават лёг на дарогу «адпачыць».

З наступленнем зімы абстаноўка на дарогах рэзка пагаршаецца: кароткі светлавы дзень, галалёдзіца, золкасць, дрэнная бачнасць з-за снегу. Таму ўсім удзельнікам дарожнага руху неабходна быць асабліва пільнымі і ўважлівымі.

Штодня напамінайце дзецям, што зімой транспарт больш неўпраўляемы, чым летам, што нельга гуляць там, дзе паблізу ездзяць машыны. Абавязкова праверце, ці абазначана адзенне і школьны ранец вашага дзіцяці святлоадбіваючымі элементамі. Флікер каштуе танна, але можа засцерагчы ад бяды самае дарагое.

Для дарослых нашэнне флікера таксама абавязковае ў цёмны час сутак, асабліва на неасветленых участках і там, дзе няма пешаходных пераходаў.

Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе вадзіцелям не перавышаць хуткасць, трымаць дыстанцыю, быць уважлівымі падчас руху ў населеных пунктах, а пешаходам быць дысцыплінаванымі і прыкметнымі на дарогах.

Андрэй ЖУДРЫК,

старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ 



Добавить комментарий