Насустрач працоўнай рэадаптацыi

Общество

На тэрыторыі Мінскай вобласці праводзіцца прафілактычная акцыя па выкананні патрабаванняў заканадаўства аб працоўнай рэадаптацыі грамадзян. У рамках гэтага праходзяць пасяджэнні Саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку ў Валожыне і пассельвыканкамах. Рэадаптацыя – гэта комплекс дзяржаўных і грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на прыстасаванне чалавека да канкрэтных умоў працы.

Аналіз крымінагеннага становішча сведчыць пра тое, што грамадзяне, якія ўчыняюць рознага роду злачынствы, звычайна нідзе не працуюць. У вобласці сёлета гэта праслойка насельніцтва, на жаль, павялічылася на 7,7% і склала 4480 чалавек. Не трэба нікому даказваць, што менавіта п’янства, наркаманія лічацца асноўным спрыяльным асяродкам, дзе развіваецца злачыннасць. Таму не выпадкова асноўнай мэтай дзейнасці створаных Саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку з’яўляецца матывацыя грамадзян да грамадска- карыснай працы. На праходзячых цяпер пасяджэннях Саветаў ГПАП скрупулёзна аналізуецца крымінагенная сітуацыя ў рэгіёне, намячаюцца меры, якія паспрыяюць зніжэнню злачыннасці. На пасяджэнні Саветаў запрашаюцца беспрацоўныя, а таксама грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напіткам, асобы, якія згодна з Дэкрэтам № 18 абавязаны пагашаць расходы дзяржавы на ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей у сацыяльных прытулках.

У Валожыне,  Івянцы і на тэрыторыях усіх сельсаветаў раёна праходзяць пасяджэнні Саветаў ГПАП. У іх прымаюць удзел старшыня раённага Савета ГПАП, намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, супрацоўнікі пракуратуры, раённага аддзела ўнутраных спраў. Згодна з графікам у нашым раёне абласная акцыя завершыцца 12 снежня ў Вішнеўскім сельсавеце. Але зразумела, што распачатая работа не страціць сваёй актуальнасці і ў далейшым. Бо здароўе грамадства, дзе няма расткоў злачыннасці, беспрацоўя – гэта аснова яго стабільнасці і паспяховага развіцця.



Добавить комментарий