Смачная страва – гаспадынi слава

Общество

Жадаючых кухарыць, нягледзячы на сучасную аснастку дамашніх кухняў, з кожным годам становіцца ўсё менш: бутэрброды і іншы фаст-фуд выцясняюць бліны, распараную ў чыгунку капусту, зацірку…  

Між тым, збалансаваць свой штодзённы рацыён можна без асаблівай напругі. Дастаткова зазірнуць у любы з трынаццаці аб’ектаў грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Існуюць кулінарныя аддзелы, дзе можна набыць як паўфабрыкаты, так і прадукты ўжо гатовыя для ўжывання: смажаную рыбу, разнастайныя салаты, мясныя стравы, кандытарскія вырабы. Гандаль імі ідзе актыўна.

Калі за месяц тавараабарот прывазнымі таварамі ў аддзеле грамадскага харчавання складае 1 мільярд 100 мільёнаў рублёў, то ўласнай прадукцыі – 1 мільярд 380 мільёнаў.

У якасці сваёй прадукцыі загадчыца аддзела грамадскага харчавання В. У. Шакун упэўнена. Штодня адпраўляюцца пробы на лабараторны кантроль, раз у паўгода робіцца экспертыза на пацвярджэнне стандарта прыгатавання. Уся сыравіна паступае толькі з прадпрыемстваў, дзе прадугледжаны строгія аналізы на ўтрыманне шкодных элементаў і бактэрый. Вядзецца ў цэхах грамадскага харчавання і работа па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні. Нядаўна набылі сучасную печ, булачкі з якой выходзяць асабліва пышныя і апетытныя. Асартымент таксама пастаянна абнаўляецца. Рэцэпты бяруцца з інтэрнэту, спецыяльных часопісаў, потым складаецца калькуляцыя, вывучаецца попыт.

Не забываюцца і пра стравы беларускай кухні. Сёння ў меню – больш за трыццаць найменняў. Гэта і брэндавыя “дранікі”, і бульба ў гаршчочках па-вясковаму, разнастайныя мачанкі, смажанкі, катлеты, кілбасы. Дарэчы, схільнасць пакупнікоў да традыцыйных прадуктаў яскрава пацвярджаецца ў “Мясной лаўцы”: калі ялавічына, свініна і бараніна на прылаўках не залежваюцца, то страусяціна і тушкі перапёлак ажыятажу не выклікаюць.

Любяць сваю прафесію і па-майстэрску з ёй спраўляюцца кандытар Наталля Ісачанка, работніца мяснога цэха Галіна Каранік, повары-кулінары Антаніна Садоўская і Майя Стасяловіч, повары Тамара Табунова і Данута Пасека.

У канцы лістапада повар рэстарана “Іслач” Ірына Іода ўдзельнічала ў 30-м абласным конкурсе прафесійнага майстэрства, які праходзіў у Стоўбцах. І хоць прызавога месца нашаму майстру не дасталося, але сярод 36 канкурсантаў яе заўважылі і высока ацанілі. Асабліва Ірыне ўдаўся карвінг – мастацкая нарэзка. У яе ўмелых руках кабачок цукіні ператварыўся ў ружу.

Апошні месяц года заўсёды напружаны для работнікаў грамадскага харчавання. Калі ў іншы час аддзел працуе ў дзве змены, то перад Калядамі і Новым годам – у тры. Святочных страў гатуюць з запасам, дэфіцыту ні ў чым быць не павінна.

Алена ЗБІРЭНКА,

 фота аўтара



Добавить комментарий