Агляд падзей у раённай газеце за снежань 1969 года

Культура

ВЫСОКАЯ АЦЭНКА

За дасягнутыя поспехі ў барацьбе за высокі ўраджай збожжавых культур у 1969 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР узнагародзіў Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР вялікую групу работнікаў сельскай гаспадаркі. У тым ліку па нашым раёне:

Аляксандра Пятровіча Анціпенку – дырэктара саўгаса “Ракаўскі”;

Андрэя Васільевіча Бартоша – брыгадзіра калгаса “Краіна Саветаў”;

Мацвея Аляксандравіча Бартоша – калгасніка калгаса імя Чапаева;

Івана Якаўлевіча Ганько – брыгадзіра калгаса “1 Мая”;

Зою Макараўну Задору – начальніка вытворчага ўчастка саўгаса “Падбярэззе”;

Серафіма Іосіфавіча Міхалоўскага – брыгадзіра калгаса “Верны шлях”;

Пятра Іванавіча Нарушэвіча – трактарыста саўгаса “Ракаўскі”;

Антона Антонавіча Рубацкага – старшыню калгаса імя М. Горкага;

Уладзіміра Антонавіча Сікорскага – трактарыста Калінаўскага аддзялення “Сельгастэхнікі”;

Міхаіла Іванавіча Уласіка – старшыню калгаса імя Леніна;

Уладзіміра Пятровіча Цішэвіча – трактарыста калгаса “Праўда” і многіх іншых слаўных працаўнікоў нашых гаспадарак.

САМАЯ “АКУРАТНАЯ”

Падведзены вынікі сацыялістычнага спаборніцтва на лепшы населены пункт.

Сёлета пасаджана амаль дваццаць тры тысячы дэкаратыўных і пладовых дрэў, дваццаць тысяч кустоў, закладзена пяць сквераў і паркаў. У раёне прыбавілася трыста васемнаццаць новых дамоў, адрамантавана – васемсот сорак. Выкапана каля двухсот студняў. Лепшых вынікаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў дабіліся выканкамы Падневіцкага, Багданаўскага, Сакаўшчынскага сельскіх, Івянецкага пасялковага Саветаў дэпутатаў працоўных.

У сацыялістычным спаборніцтве на лепшы населены пункт і вуліцы перамаглі вёскі Падневічы (старшыня селькама У. М. Гарох), Дзясятнікі (старшыня селькама А. А. Барахоўская), Сівіца, Стайкі, вуліца імя Дзяржынскага ў Івянцы (старшыня вулічкама К. І. Ліпніцкі). Селькамы гэтых пунктаў узнагароджаны граматамі райвыканкама.

НЯМА ЧЫМ ПАХВАЛIЦЦА

У калгасе імя Чарняхоўскага паказчыкі мяса-малочнага напрамку маглі б быць куды вышэйшыя, калі б не адставала кармавая база.

У параўнанні з 1965 годам вытворчасць малака на сто гектараў сельгасугоддзяў вырасла больш чым удвая і сёлета складае 332 цэнтнеры.

Племянныя каровы не атрымліваюць тую колькасць корму, якая ім патрэбна. Нават тыя кармы, што ёсць, выкарыстоўваюцца дрэнна. Для раздачы іх няма патрэбнага памяшкання. Сечка выдаецца на вуліцы і часам разносіцца ветрам. Не хапае сіласу. Зараз сутачны надой на ферме крыху больш як два кілаграмы малака ад каровы. Адкормачная жывёла слаба прыбаўляе ў вазе.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Як лепшага каваля райаб’яднання “Сельгастэхнікі” Івана Сямёнавіча Залескага паслалі на абласное спаборніцтва, якое адбылося ў горадзе Нясвіжы. Сябры далі яму наказ – вяртацца з перамогай. Іван Сямёнавіч выканаў наказ.

Чыгуначнікі станцыі Багданаў змагаюцца за эфектыўнае выкарыстанне рухомага саставу. За мінулы месяц сярэдні прастой вагона скараціўся на адну гадзіну. Лепшых паказчыкаў у спаборніцтве дабіваюцца дзяжурны па станцыі Канстанцін Сцяпанавіч Краскоўскі і стрэлачнік Мікалай Мацвеевіч Амельяновіч.

У раёне звыш васьмісот мнагадзетных маці, з іх 292 узнагароджаны ордэнам “Мацярынская слава” і “Медалём мацярынства”. Гэта рабочая саўгаса “Падбярэззе” Яўгенія Рыгораўна Ляшкевіч, якая нарадзіла і выхавала сямёра дзяцей, даярка калгаса “Чырвоная гвардыя” Алімпіяда Аляксандраўна Станкевіч, даярка саўгаса “Багданаўскі” Элеанора Рафалаўна Аксёнава і іншыя.

Серыя копій работ У. І. Леніна паступіла ў Івянецкі музей Ф. Э. Дзяржынскага з Дзяржаўнага музея рэвалюцыі ў Маскве. Яна ўключае ў сябе шэсцьдзясят восем экземпляраў, сярод якіх – “Дзве тактыкі сацыял-дэмакратыі ў дэмакратычнай рэвалюцыі”, “Чарговыя задачы Савецкай улады”.

ЛЕПШЫЯ КУЦЮР’Е

Сярод прадпрыемстваў Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання па праву лічыцца перадавым калектыў Вішнеўскага павільёна.

Ён настойліва змагаецца за паляпшэнне прадукцыі, за зберажэнне і эканомію матэрыялаў. У ленінскі фонд эканоміі ўнесена 500 рублёў.

Работнікі філіяла камбіната паспяхова выконваюць сацыялістычныя абавязацельствы. У лік 1970 года працуюць майстры па індывідуальным пашыве Іосіф Пятровіч Карзюк, Валянціна Станіславаўна Рагачэвіч. Яны ўдзельнічалі ў абласным аглядзе. За свае вырабы індывідуальнага пашыву закройшчыкі І. П. Карзюк і В. С. Рагачэвіч атрымалі выдатныя адзнакі.

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

У рамонтнай майстэрні калгаса “1 Мая” стараюцца своечасова паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці. Прыклады ўзорнай працы паказваюць на рамонце слесар М. А. Куцук, каваль І. Ю. Янцэвіч, электразваршчык П. Г. Гаспарэвіч. У калгасе “Чырвоны сцяг” на рамонце тэхнікі вызначыліся трактарысты Ф. С. Макей, Я. Г. Новік, В. М. Більдзюк, А. І. Дзянісік.

У вёсцы Родзеўшчына Сугваздаўскага сельсавета з’явіўся водаправод, пракладзены на сродкі калгаса “Праўда” ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі – вёскі Даманоўшчына. Да паслуг жыхароў – тры воданапорныя калонкі.

Работнікі аўтабазы № 14 клапоцяцца пра эканомію гаручага і змазачных матэрыялаў. Больш за 530 літраў за мінулы квартал зэканоміў Іван Качынскі, 301 літр – Фёдар Рай, каля трохсот літраў – Аляксей Дабралёт, Пётр Хількевіч і іншыя. За дасягнутую эканомію атрымліваюць дадатковую аплату. За трэці квартал на аўтабазе эканомія гаруча-змазачных матэрыялаў склала 12.000 літраў.

Датэрмінова выконвае абавязацельствы, прынятыя на год ленінскай работы, калектыў Валожынскага галаўнога масласырзавода. За апошнія 15 дзён тут выпушчана 69 звышпланавых тон масла. Пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва на гэтым прадпрыемстве з’яўляецца калектыў Ракаўскага нізавога сырзавода. Вызначыліся правафланговыя – М. Ксенафонтаў, С. Богдан, М. Бубневіч, Э. Янкоўскі і іншыя.

ЛЁС КУПАЛАЎСКАГА ПАРТРЭТА

На ўскрайку Налібоцкай пушчы стаіць вёска Заберазь. Многа гора зведалі сяляне гэтай вёсачкі. Свайго хлеба тут не хапала спрадвеку. Батрачылі, ішлі ў плытагоны на Бярэзіну.

Відаць, таму і каваўся тут люд моцны, раслі змагары за народнае шчасце. У 1927 годзе сяляне Заберазі дабіліся дазволу на адкрыццё беларускай бібліятэкі. Сабралі каля трохсот кніжак і размясцілі іх у хаце Н. С. Пратасевіч. Адзін з падпольшчыкаў, членаў КПЗБ, паехаў у Вільню і там дамовіўся з мастаком-самавукам, каб той намаляваў партрэт Янкі Купалы. Неўзабаве партрэт вісеў у бібліятэцы, якую назвалі Купалаўскай. Сюды бурлівымі ручаінамі пацяклі людзі. Многія неслі свае падарункі бібліятэцы. Хутка яе кніжны фонд вырас да тысячы экземпляраў. Была тут і забароненая літаратура, якая чыталася патаемна.

У 1931 годзе польскія ўлады закрылі бібліятэку, усе кніжкі былі канфіскаваны. Дарагі для ўсіх партрэт Янкі Купалы ўдалося схаваць. У перадваенны час Наталля Сямёнаўна аддала партрэт на захаванне сваёй дачцэ Марыі. Хутка наступіла вайна. На вёску штораз наляталі нямецкія карнікі. Яны спалілі дом Марыі, але партрэт песняра ўдалося выратаваць. Марыя Махніцкая змагла схаваць партрэт, нават калі іх сям’ю гналі ў Нямеччыну.

У пасляваенны час М. Махніцкая аддала партрэт Янкі Купалы ў гістарычны музей Бакштаўскай СШ. Вось такая цікавая гісторыя гэтай рэліквіі.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ     

На Валожыншчыне 15543 чалавекі атрымліваюць дзяржаўныя і калгасныя пенсіі. За дзесяць месяцаў сёлета выплачана 2.388.402 рублі. Звыш чатырох тысяч пенсіянераў працягваюць працаваць у сваіх арцелях. Член сельгасарцелі “17 верасня” мнагадзетная маці Марыя Іванаўна Ванслаў, стаўшы пенсіянеркай, па-ранейшаму працуе ў калгасе. Яна атрымала права на пераразлік і зараз памер яе пенсіі перавысіў трыццаць сем рублёў.

У лясніцтве, створаным пры Пяршайскай СШ, налічваецца дзвесце сорак чалавек. Узначальвае лясніцтва вучань дзясятага класа Уладзімір Вярцінскі. Вясною школьнікі ачысцілі ўчастак плошчай у дваццаць гектараў пад гадавальнік, летам праводзілі праполку гадавальнікаў Пяршайскга лясніцтва, штогод робяць шпакоўні. Немалую дапамогу аказалі леснікам па збору шышак Міхаіл Анціпаў, Фёдар Карэтнікаў, Уладзімір Шакун, Віктар Маліцкі. У вясковым парку школьнікі высадзілі каля ста дрэўцаў.

На працягу дзесяці дзён у вёсцы Крыніца Сакаўшчынскага сельсавета адсутнічала электрычнае святло. Электралінія была пашкоджана моцным ветрам. Пасля скаргі жыхароў вёскі, дасланай у “Працоўную славу”, электралінію адрамантавалі і ў дамах калгаснікаў гарыць святло.

МУЖНЫ ЎЧЫНАК

Дарослыя былі на працы. Вася Гуль, Гена Палаўкоў і Ала Лапуцкая ўзялі канькі і пайшлі катацца да замёрзлага вадаёма, які знаходзіцца непадалёку ад завулка Пушкіна ў Івянцы.

Першыя маразы тонкім слоем пакрылі сажалку, і лёд у асобных месцах трашчаў пад нагамі. Увайшоўшы ў азарт, малышы забыліся пра тое, што кожную хвіліну іх чакае небяспека.

Раптоўна лёд пад нагамі праламаўся, і дзеці аказаліся ў халоднай вадзе. Іх крык аб дапамозе пачулі праходзячыя па вуліцы жанчыны, а таксама бабуля Алы Лапуцкай. Яна кінулася ратаваць дзяцей, але сама пачала тануць. Паблізу аказаўся Іосіф Турэмскі. Камсамолец не разгубіўся і адразу ж паспяшаўся на дапамогу. Становішча аказалася надзвычай складанае: трое бездапаможных дзяцей і старэнькая бабуля гублялі ў сцюдзёнай вадзе апошнія сілы. Вырашалі секунды… Не раздумваючы, Іосіф Турэмскі кінуўся ў ваду і выратаваў дваіх дзяцей і бабулю. На жаль, спробы адратаваць Гену Палаўкова аказаліся беспаспяховымі…

Іосіф Турэмскі працуе будаўніком і адначасова займаецца ў дзявятым класе Івянецкай сярэдняй школы рабочай моладзі. Калі спатрэбілася, камсамолец, не задумваючыся, рызыкаваў сваім жыццём, каб прыйсці на дапамогу людзям.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий