Прылёты бусла

Культура

Калі да цёткі Яні з’язджаліся дзеці, то на вуліцы і прылягаючым да дома завулку было цесна ад легкавушак. Ды і не дзіва: дзесяць сыноў, тры дачкі, унукі ўжо свае сем’і маюць. Суседкі не-не, ды і пазайздросцяць: “Табе, Яня, нічога самой і рабіць не выпадае! Што ні выхадныя, то абавязкова нехта прыедзе, і маладая кампанія з усім лёгка справіцца!”

Шматдзетная жанчына пагаджалася: “Так, мне цяпер добра! Толькі чаму ж вы мне не зайздросцілі тады, як дзеці малыя былі? Самі, нябось, па двое-трое мелі. На мяне пальцам паказвалі…”

Гэта і сапраўды так. Памятаю, не раз чула ад вясковых жанок такія разважанні: “Яня дзяцей водзіць і водзіць кожны год. І ўсе ж выраслі, ні адно не прапала…” Слухаць такія словы было сорамна: быццам не пра людзей гаворка, а пра нейкіх куранят.

Хаця, па праўдзе кажучы, і сама цётка Яня, і яе муж у нечым і сапраўды былі падобныя да курачкі і пеўня: абое невысокія, збітыя, але рухавыя і вечна капошацца ў двары. Нягледзячы на вялікую сям’ю, дом іх заўсёды вызначаўся дагледжанасцю і парадкам, дзеці таксама выглядалі не горш за іншых. Цётку Яню медыкі вельмі настрашылі, што пры такой скучанасці дамачадцаў розныя хваробы і інфекцыі могуць нарабіць шмат бяды. Не ведаю, як удавалася вясковай жанчыне ўручную абмываць такую “хеўру”! Круглы год у іх садзе калыхалася на вяроўках пасцельная бялізна, штонікі і кашулькі розных памераў, світары і ручнікі.

На гэтых нацягнутых “парусах” сямейны карабель удала пераадольваў год за годам. Лік намытага адзення пакрысе змяншаўся: хтосьці пайшоў у армію, хтосьці ўладкаваўся на працу ў горадзе, а хтосьці і вучыцца паступіў.

Не менш, чым колькасць дзяцей, уражвала і іх “якасць”. Ніхто не ўлягаў у гарэлку, нават не памятаю, каб хто цыгарэтамі балаваўся, быў няветлівы са старэйшымі ці непаслухмяны бацькам. У начальнікі, праўда, ніхто не выбіўся, але за жыццё ўсе зачапіліся трывала. Нават кааператыўныя кватэры ў Мінску і Маладзечне менавіта выхадцы з гэтай сям’і пачалі першыя будаваць.

Цікава, што спачатку ў сям’і нараджаліся праз кожны год-два сыны, потым на свет адна за адной з’явіліся дзве дзяўчынкі. А праз чатырнаццаць гадоў, ужо будучы на пенсіі, Яня раптам адчула, што нешта з ёй не тое. Зачасціла да дактароў, але ніхто не мог сказаць, чаму жанчына млее і адчувае слабасць. Ехала яна з чарговага прыёму і скардзілася субяседніцы, акушэрцы з Вішнева, на страту здароўя. Вопытная акушэрка пачала распытваць, унікаць, што ды як. Потым засмяялася і кажа: “Вось пабачыш: хутка бацян да цябе прыляціць!”

Яня спачатку і рукамі замахала: “Пабойся Бога! У мяне ўжо ўнукі вялікія. Ды і бусел даўно забыўся да нас дарогу – старыя мы ўжо…” Але праз які месяц было яскрава відаць, што прычына Яніных недамаганняў – чарговая цяжарнасць. Жанчына і сама дзівілася: “Гэта ж трэба, дванаццаць разоў нараджала, а тут не распазнала што да чаго!”

Мы сябравалі з той трынаццатай у сям’і дзяўчынкай, вельмі прыгожай і разумнай, да смешнага падобнай да бацькі. І вельмі ёй зайздросцілі, што яна “цётка”, і што на дзень нараджэння ёй дастаецца цэлая гара падарункаў…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий