Наваселле справіў суд

Официально

На цырымонію адкрыцця новага будынка суда Валожынскага раёна прыбыло шмат гасцей з вобласці і раёна. Падзея і сапраўды выдалася знамянальная для ўсёй Валожыншчыны: гэта трэці будынак у краіне, узведзены па ініцыятыве Вярхоўнага Суда.

Яго агульная плошча – 2 тысячы квадратных метраў. Будаўніцтва пачалося ў 2011 годзе, на ўказаныя мэты з рэспубліканскага бюджэту згодна з інвестыцыйнай праграмай было выдзелена 30 мільярдаў рублёў. Генеральным падрадчыкам выступіла ААТ “ПМК-188”. Вынік асваення такой унушальнай сумы відавочны. У прасторных, аснашчаных тэхнікай апошняга пакалення, памяшканнях размесцяцца некалькі залаў судовых пасяджэнняў, пакояў для правядзення нарадаў. Прадугледжаны і месцы для ўтрымання абвінавачваемых. У будынку будуць працаваць работнікі трох арганізацый – раённага суда, аддзела прымусовага выканання пакарання і юрыдычнай кансультацыі.

У сваёй прамове старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала адзначыў не толькі эстэтычную, але і практычную карысць ад узвядзення падобных будынкаў. “Гэта сапраўдны храм правасуддзя, дзе будуць панаваць закон і справядлівасць. Спадзяюся, кожны наведвальнік гэта адчуе і зразумее”, – сказаў чыноўнік. А пасля ўручыў ганаровыя граматы і падарункі тым людзям, якія найбольш адзначыліся на будаўніцтве новага аб’екта. Сярод узнагароджаных – майстар ААТ “ПМК-188” Аляксандр Міхалевіч, комплексная будаўнічая брыгада пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мурэнкі, тынкоўшчыкі Ніна Аноп і Ганна Зяневіч, муляр Руслан Зянькоў і іншыя.

Падтрымаў прамоўцу і старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра. Кіраўнік вобласці парадаваўся, што з кожным днём у нас усё менш “доўгабудаў”, што падобныя буйныя аб’екты ўзводзяцца без спазненняў і парушэнняў тэрмінаў здачы, а таксама расказаў прысутным пра іншыя маштабныя задачы, якія паспяхова вырашаюцца на прасторах Міншчыны.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий