У працы чэрпала задавальненне

Культура

…Спешка, тэрміновыя разгляды прававых нюансаў разнастайных судовых спраў, рабочыя клопаты – усё гэта засталося за сцяной мінулых гадоў гадоў. Узамен прыйшлі багаты жыццёвы вопыт, мудрасць, уменне знаходзіць выйсце з самых няпростых сітуацый. Цяпер Тамара Якаўлеўна ТРОЦКАЯ зжылася з роллю клапатлівай і любячай бабулі – гэта дадае асаблівай асалоды і душэўнага камфорту яе кіпучай, творчай натуры.

Усё пачалося з таго, што ўраджэнка Забрэззя першая на Валожыншчыне паступіла і паспяхова закончыла юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Кемлівай дзяўчыне вучоба давалася дастаткова лёгка. Атрыманыя веды, праўда, рэалізаваць на практыцы ўдалося далёка не адразу.

Тамара Якаўлеўна выйшла замуж за марака – і па сямейных абставінах пакінула Беларусь. Іх вымушанае падарожжа-пераезд скончылася ў авеяным легендамі горадзе Ізмаіл на ўзбярэжжы магутнага Дуная. Уладкавалася і працавала на цэлюлозна-кардонным камбінаце. Т. Я. Троцкай пашанцавала там і з працадаўцам: дырэктарам прадпрыемства быў наш суайчыннік. Радуючыся людзям з Радзімы, ён даваў адказныя і працаёмкія, але кожны раз цікавыя заданні, якія прымушалі расці прафесіянальна. Арбітражныя паездкі ў Адэсу, Маскву і іншыя буйныя гарады на прасторы былога Савецкага Саюза, пабачыла, што называецца, свет. А потым – некалькімі гадамі пазней – сям’я вярнулася ў Беларусь.

Тамара Якаўлеўна ўладкавалася і некалькі гадоў працавала юрысконсультам пры ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Потым – інструктарам райкама партыі. А з 1982 года, калі на Валожыншчыне адкрылася юрыдычная кансультацыя і прайшло рашэнне пашырыць штат на аднаго супрацоўніка, стала працаваць у гэтай структуры. Прычым, з вялікім поспехам – ужо праз два гады Т. Я. Троцкая ўзначаліла калектыў і была яго нязменным кіраўніком аж да ліпеня 2012 года.

Сёння прафесіяналу ёсць што ўзгадаць. Праца, хоць і была дастаткова напружаная, прыносіла Тамары Якаўлеўне сапраўднае задавальненне. Калі раней даводзілася мець справы больш з дакументамі гаспадарча-прававой групы, то цяпер у гэты спіс уключылася і крымінальнае права. Разумеючы, што ад умення абараніць законныя інтарэсы невінаватага чалавека ў судовых спрэчках залежыць усё будучае яго жыццё, спецыяліст не шкадавала ўласных сіл і часу, каб вывучыць юрыдычныя тонкасці Крымінальнага кодэксу. А ўлічваючы, што кожная справа патрабавала свайго падыходу, патрабавалася вялікая практыка…

Да гэтай пары Тамара Якаўлеўна памятае, як не згадзілася з рашэннем прысуду спачатку раённага, а потым і абласнога судоў у адносінах да аднаго з жыхароў нашага раёна. І на адным з пасяджэнняў даказала-такі яго невінаватасць! Вось тады і ўмацаваўся аўтарытэт аднаго з лепшых адвакатаў раёна.

За час працы ў Т. Я. Троцкай падобных спраў было незлічона шмат. Скарбонка яе ўзнагарод поўніцца Ганаровымі граматамі ад абласных і рэспубліканскіх калегій адвакатаў, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Мае жанчына і ганаровы нагрудны знак “Ветэран працы”. Але асабліва шчыра радуецца яна тым, што выхавала сабе дастойную змену юрыстаў. У ліку яе “выпускнікоў” – і два суддзі раёна. Пра яе неацэнную дапамогу на шляху прафесіянальнага станаўлення сённяшняе пакаленне адвакатаў не забывае. Гэты чалавек здолеў стаць для іх не толькі ўзорным начальнікам, але і надзейным сябрам. Менавіта таму Тамара Якаўлеўна заўсёды жаданы госць у невялікім калектыве “Юрыдычнай кансультацыі”.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий