Свята для дзяцей

Общество

У рэспубліцы стартавала навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая будзе доўжыцца да 15 студзеня будучага года.

Маштабнае мерапрыемства праводзіцца ў Беларусі з 1995 года і накіравана на аказанне дапамогі і падтрымкі дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы і грамадства.

У ходзе акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, канцэрнаў, банкаў, грамадскіх аб’яднанняў наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і інш.

Цэнтральнай падзеяй традыцыйна становіцца навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі. На яго запрашаюцца пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідары грамадскіх аб’яднанняў, сіроты, дзеці са шматдзетных сем’яў і іншыя.

Аналагічная акцыя пройдзе і ў нашым раёне. З бюджэту выдзелена 40 мільёнаў рублёў для набыцця дзецям падарункавых набораў цукерак.

Рашэннем райвыканкама зацверджаны графік святочных мерапрыемстваў. Прадпрыемствы, арганізацыі замацаваны за ўстановамі адукацыі, апякунскімі, прыёмнымі сем’ямі, дзіцячым домам сямейнага тыпу і інш. Раённыя навагоднія святы пройдуць у Доме культуры, ва ўстановах адукацыі і дзіцячых садках, гарадская дабрачынная ёлка збярэ юных жыхароў 1 студзеня на плошчы Свабоды. Радасць зімовага свята адчуюць і дзеткі, якія знаходзяцца на лячэнні ў бальніцы.

У час рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” прыедуць у раён і шэфы са сталіцы.



Добавить комментарий