Народу раздаваў ад Бога ласкі

Культура

…За вёскай на старых ракаўскіх каталіцкіх могілках стаіць капліца св. Ганны. Уваход у яе вядзе праз браму, на якой самотна вісіць невялікі звон. Унутраная прастора храма сціплая. У вочы кідаецца невялікі абраз у бакавым алтары. На ім – святы з усмешкай на твары, вакол якога шмат моладзі і дзяцей. Безумоўна, гэта Ян Боска, апостал пакінутай моладзі. Гэты абраз быў замоўлены Янам Такарскім SDB, верным сынам святога Яна Боска.

Гісторыя гэтага салезіяніна, які ахвярна служыў на беларускай зямлі, багатая і насычаная. Ян нарадзіўся ў Польшчы 12 красавіка 1900 года, выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. Сям’я Такарскіх жыла з невялікага надзелу зямлі і дзякуючы заробку бацькі-каваля. Казімір сваёй кавальскай працай упрыгожваў мясцовы касцёл, які быў у стане будоўлі. З-пад яго молата выйшлі і крыжы на вежы, і баляскі ў прэзбітэрый.

Маленькі Ян з дзяцінства адрозніваўся незвычайнай пабожнасцю і гарачай любоўю да св. Імшы. Змалку ён прыслугоўваў у касцёле міністрантам. У святыню хадзіў басанож, бо сям’я была бедная. Равеснікі Янкі ў касцёле часта жартавалі з босага хлопчыка і падчас Імшы казыталі яму пяткі.

У васямнаццаць годоў Ян уступіў у польскую армію, якая ў тыя часы ваявала за сваю незалежнасць. З 1919 па 1923 гады ён удзельнічаў у бітвах на Украіне. Будучы на львоўскай зямлі, даведаўся Ян пра манахаў-салезіянаў. Сэрца юнака загарэлася даўнім жаданнем стаць слугою Хрыста. Ён звярнуўся да салезіянаў, і яны з ахвотай прынялі пабожнага маладога чалавека.

Клерыцкія гады Яна Такарскага былі пазначаны чорным знакам Другой сусветнай вайны. Клерыкамі з усходніх зямель займаўся кс. Станіслаў Плывачык SDB. Ён разам з іншымі святарамі патаемна рыхтаваў маладых сабратоў, якія прагнулі жыць жыццём святара. Рэшту тэалогіі Ян Такарскі адбыў у літоўскім Сальдуціскісе.

16 сакавіка 1941 года Ян Такарскі атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне, якое было ўдзелена яму Мітрапалітам у прыватнай капліцы ў Вільні.

Пасля атрымання святарскага сану кс. Ян застаўся працаваць у Вільні, дапамагаючы пры салезіянскім касцёле св. Стэфана.

Мітрапаліта Ялбжыкоўскага нястомна турбаваў стан духоўнага жыцця ўсходняй Беларусі. Парафіі існавалі без пастыраў, а большасць святынь былі зачынены альбо знішчаны. Біскуп Рамуальд не раз звяртаўся да віленскіх салезіянаў з просьбай аб дапамозе ў душпастырстве на ўсходзе. Звярнуўся біскуп і да прэзбітара Такарскага. Атрымаўшы дазвол ад манаскіх улад, кс. Такарскі накіроўваецца на Міншчыну, у Гарадзею Нясвіжскага раёна. Ксёндз Такарскі прабыў там амаль пяць месяцаў. У 1944 годзе Ян едзе ў асірацелую парафію ў вёсцы Дуброўна. У вёсцы стаяў прыгожы велічны храм у гонар Нараджэння Маці Божай. Кс. Ян з вялікім энтузіязмам распачаў уваскрашаць душпастырства на гэтых землях. З Дуброўны таксама даязджаў  і да парафій св. Юрыя ў Пяршаях і Маці Божай Ружанцовай у Ракаве.

…Кс. Такарскі быў арыштаваны як палітычна небяспечны вораг і асуджаны на 25 гадоў лагераў. 16 чэрвеня 1948 года яго вывезлі ў Вілейку. 20 лістапада таго ж года яго асуджаюць на 10 гадоў турмы і вывозяць у Віцебск, а ўжо адсюль яго высылаюць у лагер каля Інты (200 км ад Варкуты). У 1949 годзе перавозяць у мясцовасць Обіс, дзе  садзяць у турэмную камеру з 30-ю вязнямі. Там знаходзіўся кс. Ян да 1951 года. У гэтым годзе яму патрэбна было вярнуцца ў Маладзечна на паўторны суд. Прыгавор прагучаў так: “Кара смерці заменена на 25 гадоў прабывання ў лагеры”. Прычына такога жорсткага прысуду гучала наступным чынам: “Упарты ў веры: вучыў дзяцей рэлігіі, а не пераканаўшы, прывабліваў іх цукеркамі…”

Разам з кс. Такарскім у лагеры адбывалі тэрмін яшчэ 30 каталіцкіх святароў, у тым ліку і літоўскі біскуп Францішак Раманаўскас. Кс. Ян цяжка працаваў на карчаванні лесу. Там на месцы патаемна адпраўляў святую Імшу. Тэкст Імшы перапісаў у свайго калегі бп. Францішкі. Металічны кубак служыў за келіх, гостыю і віно прысылала Браніслава Эйсмант з вёскі Краснае (Маладзечанскі раён). У лагеры кс. Такарскі арганізоўваў для вязняў набажэнствы першых пятніц месяца, запісваў сваіх калег па няшчасці ў Жывы Ружанец і ў шкаплернае брацтва. За гэта не раз кс. Ян вельмі цярпеў ад назіральнікаў. Святую Камунію, схаваную пры грудзях, насіў увесь дзень і нават ноччу, каб, калі будзе такая патрэба, удзяліць яе паміраючаму, што ў тых рэаліях было рэчаіснасцю кожнага дня.

Усяго кс. Такарскі адсядзеў 6 гадоў і 8 месяцаў. У лагерах пагоршылася здароўе, з’явіўся дыябет, які прыносіў яму вялікія пакуты аж да смерці. У 1954 годзе па амністыі кс. Яна вызваляюць. Ён прыязджае ў Беларусь…

Касцёл у Дубраве быў зачынены. Не маючы куды вяртацца ў Дубраве, кс. Ян год жыў у плябаніі кс. Юзафа Марсангера ў Красным Маладзечанскага раёна. Кс. Такарскі патаемна адпраўляў Імшы ў ваколіцах Краснага і Валожына. Затым яго святарская біяграфія звязана з Ракавам.

У той час у Ракаве мясцовы неагатычны касцёл Маці Божай Ружанцовай быў прыстасаваны для гаспадарчых мэтаў. Спачатку ў храме арганізавалі майстэрню па рамонце машын, пазней тут ссыпалі збожжа. Але існавала капліца св. Ганны на могілках, у якой кс. Ян і распачаў сваю пастырскую місію.

Праца ў Ракаве не была простая. 9 лютага 1957 года ён атрымлівае  афіцыйны дазвол на правядзенне рэлігійнай дзейнасці ў Ракаве. Капліца была ў жахлівым стане: пашкоджаныя сцены, дах, адсутнічаў інтэр’ер і літургічныя прадметы. Былі зруйнаваны  брама-званіца і агароджа. Распачаліся рамонтныя работы, разам з тым і аднаўленне душаў людзей. Невялікая капліца не магла змясціць усіх, хто, нібы пілігрымы, прыязджаў у Ракаў. Вялікі наплыў вернікаў быў са сталіцы. Аднойчы падчас гаміліі кс. Такарскі пракаментаваў падзею, якая ўзрушыла ўвесь Савецкі Саюз, – палёт Гагарына ў космас.

Вечарам таго самага дня прыехалі прадстаўнікі ўлад і кс. Яну забаранілі адпраўляць у капліцы літургію на 5 гадоў. Увесь гэты час ён знаходзіўся ў Ракаве, прыватна цэлебруючы Эўхарыстыю дома. Пасля заканчэння тэрміну пакарання ён зноў вяртаецца да службы ў капліцы, у якой карміў спрагненых людзей жывым Хлебам і Словам.

…Кс. Ян цяжка захварэў. Нялёгкая душпастырская праца, гады сібірскіх лагераў зрабілі сваё. Настаяцелі ордэна прапануюць яму выехаць у Польшчу падлячыцца. Кс. Такарскі адпісвае ў лісце: “Як я магу пакінуць маіх вернікаў? (…) Працы і хлеба мне хапае, кавалак неба гэтым заслужу… Спаўняю свой абавязак, які абяцаў перад Маці нашай Кангрэгацыяй… Пры гробе нашага айца, ксяндза Боска, прашу памятаць пра выгнанніка, які далёка ад сям’і пхне тачку жыцця”.

Дыябет, сардэчныя недамаганні і проста стомленасць з’ядалі кс. Такарскага. 29 лістапада 1974 года кс. Ян ішоў да капліцы, каб адправіць набажэнства. Па дарозе страціў прытомнасць. На машыне хуткай дапамогі ксяндза павезлі ў шпіталь у Мінск, дзе зрабілі аперацыю. Здароўе, здавалася, пайшло на папраўку…

Аднак, на жаль, 15 снежня 1974 года кс. Ян Такарскі адышоў у вечнасць…

Забраўшы з Мінска цела свайго пробашча, вернікі прывезлі яго ў Ракаў. У складзеныя далоні памёршага ўклалі абразік з выявай св. Яна Боска – настаўніка і яго вернага сябра ў гады працы на беларускай зямлі. Пра абразік ксёндз прасіў яшчэ пры сваім жыцці… Пахавалі святара ў Ракаве на могілках каля капліцы.

Клерык Артур ЛЯШНЕЎСКІ



Добавить комментарий