Лiмонны дух

Культура

Экзатычная для нашай мясцовасці расліна лімон адчувае сябе ў Забрэззі, як у родных субтропіках. Глядзіць сабе на сонца, снег ці дождж праз акно ды сокамі наліваецца.

Дар’я Васільеўна Грыбоўская, гаспадыня гэтай цытрусавай культуры, год назад парастак заказала па пошце. Падабрала для саджанца аб’ёмны гаршчок, засыпала спецыяльны грунт ды і пачала даглядаць: не забывалася пра паліў, турбавалася, каб дрэўца атрымлівала дастатковую колькасць сонечных промняў. Лімон увачавідкі ўмацоўваўся, хутка зацвіў.

У пакоі, дзе ў вазоне красуе заморскі госць, стаіць лёгкі цытрусавы водар. Гэты пах радуе і хвалюе. Здаецца, і Новы год не заўтра, а настрой ужо святочны…

Ды і немагчыма стрымаць усмешку, гледзячы на бучмасты, бліскуча-залацісты плод, які важна прымасціўся сярод лістоты. Справа ад гэтага вітаміннага волата падрастае яго малодшы “брат” – зусім яшчэ зялёны, памерам з курынае яйка, а злева ва ўсю цвіце бела-ружовая кветка з новай завяззю. У халадзільніку, на талерцы, ляжаць духмяныя нарэзаныя скрылёчкі да чаю: тыдзень назад знялі першы ўраджай.

Ну і смачная ж штука – уласна вырашчаны лімон! Не салодкі, вядома, але крамяны, сакавіты, пахучы. Ды і памерам – гігант у параўнанні са стандартнымі, магазіннымі. Сапраўдную ж асалоду ад расліны атрымліваюць вочы: у той момант, калі ў поле зроку трапляе дзівосны, з пладамі “тры на адным” вазон.

Падчас гутаркі высветлілася, што ў доме брата Дар’і Васільеўны, Уладзіміра Васільевіча Гасціловіча з Валожына, таксама рос лімон. За трыццаць гадоў выгадаваўся вялізны, аж пад столь, і лічыўся ледзь не членам сям’і, так прывыклі да яго дзеці і ўнукі. І толькі адну хібу меў той разложысты прыгажун – нічым, акрамя зялёных лісцяў, не выдзяляўся. Так і зышоў у нябыт, пакінуўшы пасля сябе загадку: якія кветкі і плады былі наканаваны яму прыродай…

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий