Ратаваць гатовыя

Общество

Ратаваць гатовыя: валожынскія вадзіцелі выдатна праявілі сябе ў час сумеснай акцыі МНС і ДАІ

Якая лагічная сувязь паміж медыцынскім манекенам, бляшаным паддонам, каністрай з маторным маслам і пажарнай аўтацыстэрнай? Усё проста: гэта былі неабходныя атрыбуты для правядзення сумеснай акцыі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўтаінспекцыі, якая прайшла нядаўна ў Валожыне.

На самай справе, агульнае мерапрыемства аб’яднала ў сабе ажно дзве акцыі. Кіруючыся дэвізам “Жыццё даражэйшае за шыны”, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выбарачна спынялі вадзіцеляў і правяралі, як выконваецца патрабаванне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху”. Нагадаем, што згодна з гэтым дакументам кожны аўтамабіліст абавязаны з 1 снежня па 1 сакавіка эксплуатаваць на транспарце колы з зімовай рызінай. А работнікі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і РАНС у гэты ж час праводзілі акцыю “Будзь гатовы”: запрашалі ўладальнікаў спыненага аўтатранспарту прадэманстраваць уменне аказаць умоўна пацярпеламу ў ДТЗ (у ролі якога і выступаў згаданы вышэй манекен) першую дапамогу, а таксама правяралі, як чалавек умее карыстацца аўтамабільным вогнетушыцелем.

Як толькі “інвентар” быў размешчаны на плошчы Свабоды райцэнтра, акцыям далі старт. Першым спыніўся вадзіцель-валожынец. Прапанову паўдельнічаць у “выратаванні” манекена Максіма, у якога па ўмовах задання “спынілася сэрца”, ён успрыняў лёгка, з усмешкай. І, трэба сказаць, адказна падышоў да пастаўленай задачы, дзейнічаў дастаткова ўпэўнена. Штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца – вось першая дапамога ў падобнай сітуацыі. Тым больш, што пад прафесіянальным кіраўніцтвам медыка з МНС яшчэ і адтачыў навыкі. Жадаем, вядома, маладому мужчыну, каб ніколі не надарылася магчымасць скарыстацца імі пры рэальных абставінах, але, з іншага боку, любыя веды лішнімі не бываюць.

Як і папярэдні ўдзельнік, аўтаўладальнік-мінчанін свой транспартны сродак утрымлівае ў поўным парадку. Законапаслухмянасць ён праявіў і ў адносінах да выкарыстання зімовых шын. Супрацоўнікі МНС, пацікавіўшыся, ці возіць ён з сабой вогнетушыцель, і атрымаўшы станоўчы адказ, прапанавалі прадэманстраваць, як ён будзе дзейнічаць у выпадку магчымага загарання. Для гэтага ў бляшаным паддоне расклалі невялікае вогнішча. Не марудзячы, вопытны вадзіцель сарваў пломбу, выцягнуў фіксатар і націснуў на гашэтку вогнетушыцеля. Агонь адразу ж патух, а мінчанін атрымаў вусную падзяку і сувенір-падарунак ад ДАІ і МНС.

Такія ж падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі акцыі – 6 чалавек, сярод якіх былі адна жанчына і адна наведвальніца аўтакурсаў. Як адзначыў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Андрэй Жудрык, кожны са спыненых меў на аўтамабілі зімовую рызіну – а гэта ўжо не выпадковасць. Значыць, аўтаўладальнікі сапраўды ведаюць цану бяспекі на дарогах, разумеюць і падтрымліваюць неабходнасць прыняцця Указа. Увядзенне ў жыццё данага дакумента прадыктавана і сумнай статыстыкай. За 11 месяцаў бягучага года на дарогах раёна зарэгістраваны 24 ДТЗ, у якіх 6 чалавек загінула і 21 быў паранены. Прычынай многіх з гэтых трагедый сталі парушэнні правілаў абгону, пры якіх вадзіцелі не змаглі справіцца з кіраваннем. І даволі часта на машынах, якія траплялі ў аварыі ў зімовы перыяд, былі ўстаноўлены летнія шыны. Такая рызіна не здольна забяспечыць добрае шчапленне колаў з дарогай, асабліва ва ўмовах заснежанасці і галалёду.

Начальніка ж цэнтра прапаганды і навучання пры Мінскім абласным упраўленні МНС Валерыя Вайцяховіча і іншых арганізатараў праведзенага мерапрыемства парадаваў высокі ўзровень уменняў аказання першай медыцынскай дапамогі і выкарыстання першасных сродкаў пажаратушэння, праяўлены ўдзельнікамі акцыі. Сапраўды, штучна створаная сітуацыя паказала, што нашы вадзіцелі здольны ў аварыйнай сітуацыі паклапаціцца пра сябе і навакольных, якія трапілі ў бяду. Прычынай загарання аўтамабіля можа стаць замыканне праводкі, падцёкі ў паліўнай сістэме, курэнне ў салоне. А каб агонь поўнасцю знішчыў транспартны сродак, дастаткова 5-10 хвілін. Таму прадстаўнік МНС дадаткова падкрэсліў: ліквідаваць агонь у пачатковай ступені загарання эфектыўна дапаможа спраўны вогнетушыцель і іншыя падручныя сродкі і матэрыялы – тэнт, пясок, снег. Галоўнае – не панікаваць.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий