Па шляху на «Еўрабачанне»

Общество

Усяго некалькі гадоў таму Таццяна Стахоўская, калі вучылася ў Ракаўскай сярэдняй школе, марыла стаць зоркай беларускай эстрады. Удзельнічала ў школьных і раённых конкурсах, паспяхова займала прызавыя месцы. Свой творчы шлях пачала з фальклорнага ансамбля «Гасцінец».

Таццяна прызнаецца, што вельмі ўдзячная кіраўніку гурта Лізавеце Станіславаўне Пятроўскай за тое, што яна прывіла любоў да беларускай песні. У 2009 годзе Таццяна паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут культуры і мастацтваў на кафедру народна-песеннай творчасці па спецыяльнасці харавая музыка (народная). За гады навучання ўдзельнічала ў розных музычных і тэлевізійных конкурсах: «Дэльфійскія гульні», украінская «Фабрыка зорак», але з апошняга праекта прыйшлося сысці па ўласным жаданні, паколькі сумяшчаць вучобу ў Беларусі і конкурс за мяжой – цяжкая задача.

Таццяна праявіла сябе як мадэль у прызнанага сусветнага дызайнера Любові Туманавай, удзельнічала ў паказе тыдняў моды BFW і MSK (Minsk Fashion Week). Пасля заканчэння ўніверсітэта дзяўчына па размеркаванні трапіла ў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Церніца». Акрамя таго, стала фіналісткай рэспубліканскага конкурсу «Спяваючыя гарады». Але гэта яшчэ не ўвесь спіс дасягненняў маладой спявачкі. У гэтым годзе Таццяна паспяхова прайшла кастынг, які ладзіў Аляксандр Рыбак, пераможца міжнароднага песеннага конкурсу «Еўрабачанне- 2009». Аляксандр шукаў па ўсёй Беларусі таленавітых дзяўчат для стварэння гурта, які будзе змагацца за прадстаўленне Беларусі на “Еўрабачанне-2015”. Конкурс пройдзе ў маі ў Аўстрыі. У ліку пяці ўдзельніц групы апынулася і наша зямлячка. «Гэта грандыёзная падзея! – каментуе Таццяна. – Маё жыццё ператварылася ў карусель. Кожны дзень рэпетыцыі, візажысты, інтэрв’ю на радыё і тэлебачанні, фотасесіі».

Цяпер гурт «MILKI», у якім спявае Таццяна, старанна рыхтуецца да фіналу адборачнага тура “Еўрабачанне- 2015” з песняй «My accent». Ну а мы жадаем нашай зямлячцы поспехаў і, вядома ж, перамогі!

Кацярына ЗАБЕЛА



Добавить комментарий