Наташына крыўда

Культура

Школу Наташа ўспамінае часта…

Наташа не вучылася выдатна, не перамагала ў спартландыях і не вызначалася іншай якой актыўнасцю, але гэта быў залаты час жыцця. Ва ўсякім разе яе тады хвалілі і ставілі ў прыклад.

“Якая старанная дзяўчынка!” – паўтаралі настаўнікі, гледзячы з замілаваннем на выхаваную, паслухмяную вучаніцу.

Часам Наташа зайздросціла сваім аднакласнікам, якія лёгка запаміналі доўгія вершыкі, хутка давалі правільныя адказы на пытанні настаўнікаў, умелі рашаць хімічныя ўраўненні. Але гэтыя разумныя і таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі іншы раз дазвалялі сабе тое, ад чаго Наташа ўхілялася: прагульвалі ўрокі, шумна сябе паводзілі там, дзе трэба было спакойна пасядзець, спрачаліся і нават “агрызаліся” з дарослымі. Ім рабілі заўвагі, зніжалі адзнакі па паводзінах, бывала, што і да дырэктара вадзілі або выклікалі бацькоў у школу. Бачачы такое, Наташа радавалася ў душы: “Як добра, што я ніколі не акажуся ў такой сітуацыі! Сораму ж не абярэшся!”.

А тое, што кантрольныя і дыктанты ёй не ўдаюцца, перажыць можна: добрыя настаўнікі заўсёды бал “накінуць”, калі ў сшытку акуратна.

“Галоўнае – не  перамога, а ўдзел!” – часта чула пра сябе Наташа. Ішла, куды ёй гаварылі: фальшывіла ў школьным хоры, маршыравала з атрадам, стараючыся трапляць у такт, малявала плакаты і бегала кросы.

Неяк у пятым класе гулялі ў “Зарніцу”. “Сінія” змагаліся з “Зялёнымі”, бралі палонных, шукалі схаваны сцяг і карту. Як толькі гульня пачалася, Наташа непрыкметна прабралася ў кусты і затаілася. Назірала з засады, як мітусяцца равеснікі. Пра Наташу ніхто і не ўспомніў. Дзяўчынку перапаўняла шчасце: “У палоне ўсе пабывалі, толькі не я!”. Схованку пакінула, як гульня скончылася.

Тады яна адчувала сябе пераможцай, цяпер жа, праз трыццаць гадоў, Наташы здаецца, што прайграла якраз яна, бо так і засталася сядзець у засадзе: на яе вачах людзі радуюцца, хвалююцца, робяць памылкі, дасягаюць поспеху, кахаюць, пакутуюць. А яна толькі і робіць, што назірае.

Старанне, галоўная рыса яе характару, дапамагло скончыць фінансава-эканамічны тэхнікум і трохі прыпадняцца па службовай лесвіцы, але ва ўсіх іншых праявах жыцця – поўнае фіяска.

Наташа перастала вітацца са сваімі настаўнікамі, бо ўсю віну за свой няўдалы лёс ускладае на іх. Яны заахвочвалі да стараннасці, а трэба было вучыць смеласці, хітрасці!

Былы класны кіраўнік з сумам гаворыць: “Не перастаю здзіўляцца – часта двоечнікі і хуліганы вырастаюць добрымі людзьмі. Наведваюцца ў госці, не забываюцца павіншаваць са святам. А дысцыплінаваны ціхоня пройдзе і галаву адверне…”

Чарговую сустрэчу аднакласнікаў Наташа праігнаруе, бо не ўмее радавацца чужым поспехам ці спачуваць няўдачам. З кожным годам у яе сэрцы разрастаецца крыўда: чаму адным усё, а ёй – нічога…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий