У кожнага свая палавiнка

Культура

Дзень у Галіны прайшоў звычайна. Вечарам наведала сына з нявесткай і ўнукамі. Добра склалася жыццё ў Мікалая, Людміла клапатлівая і любячая жонка, маці і гаспадыня. А нявестка — і казаць няма чаго…

Галіна на хвіліну задумалася, успомніла, як усё пачыналася. Сын кахаў Люду яшчэ са школы. Маладыя сустракаліся, марылі пра сумеснае жыццё… Неўзабаве Мікалай пайшоў у армію. За гэты час дзяўчына выйшла замуж. Вярнуўшыся, сын перажываў, потым неяк супакоіўся. А праз нейкі час прывёў Людмілу дадому і сказаў, што цяпер яна ягоная жонка… Як тады ныла сэрца ў Галіны, чаго толькі яна не перапрабавала, каб выжыць нявестку са сваёй кватэры і з жыцця Мікалая.

Але ўсё склалася па-іншаму. Сын атрымаў кватэру, і маладыя пераехалі туды. Неўзабаве нарадзіліся адзін за адным двое ўнукаў, а нявестка Люда паступова стала для Галіны найлепшай сяброўкай і дарадчыцай. Дня не бывае, каб яны не сустрэліся…

А вось у старэйшага сына Барыса жыццё склалася зусім няўдала. Доўга ён не жаніўся, не мог адшукаць сваю адзіную, пакуль Галіна не пазнаёміла яго з добрай дзяўчынай з інтэлігентнай сям’і. Кацярына была прыгожая, разумная, мела вышэйшую адукацыю. Але цяпер яна ўвесь час нечым незадаволена, заўсёды ёй нечага не хапае, сына ўсё цвічыць, і для свекрыві рэдка калі добрае слова знойдзецца. А таму нячаста жанчына бывае ў іх у гасцях.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий