Платон у планшэце

Молодежный курьер

Раней было так: чым больш кніг прачытаў, тым мацнейшай стала твая энцыклапедычная памяць. Людзей ахопліваў кніжны азарт. Многія валодалі мастацтвам хуткачытання. Да прыкладу, Бальзак за паўгадзіны прачытваў раман у дзвесце старонак. М. Горкі чытаў з хуткасцю чатыры тысячы слоў у хвіліну, а Т. Эдысан схопліваў адразу 2-3 радкі і запамінаў тэкст ледзь не старонкамі.

Зараз неабходнасць старанна штосьці запамінаць быццам бы адпала – усё аб усім распавядзе глабальная электронная сетка. Аднак на інтэрнэт-усёзнайку безаглядна не спадзяецца нават пакаленне “next”. Сёстры ПЕТРЫЧЭНКІ, напрыклад, па-даросламу заўважылі: літаратура вучыць думаць, аналізаваць, ды і граматным стаць, а значыць, і больш паспяховым. Ёсць у дзяўчынак смартфоны і планшэт: у гаджэты закачваюць электронныя кнігі. Аднак сястрычкі перавагу аддаюць усё ж папяровым выданням.  

Кнігалюбы Петрычэнкі займаюць верхнія радкі ў рэйтынгу лепшых чытачоў дзіцячай бібліятэкі. 8-гадовая Віка, напрыклад, у гэтым годзе паспела прачытаць 113 дзіцячых кніг і часопісаў. У 12-гадовай Каці спіс меншы – 38 выданняў, аднак кнігі яна чытае больш важкія – любіць раманы, асабліва аўтарства Ірыны Шчагловай.

Шлях да ведаў у прамым сэнсе не лёгкі. Дзяўчынкі вучацца ў СШ № 2 райцэнтра. Пасля ўрокаў – заняткі ў музычнай школе, якая знаходзіцца ў цэнтры горада. У “музыкалку” часцей дабіраюцца пешшу – а гэта палова тэрыторыі горада. Пасля ўрокаў музыкі – Віка іграе на фартэпіяна, а Каця на цымбалах – сёстры абавязкова ідуць у дзіцячую бібліятэку, цікавяцца кніжнымі навінкамі. Затым дахаты – а гэта, калі спазніцца на гарадскі аўтобус, ізноў некалькі кіламетраў пешшу. Нярэдка дзяўчынкі вяртаюцца дахаты ў пяць гадзін вечара, затым садзяцца за ўрокі.

У раскладзе Каці і Вікі ёсць заняткі вакалам, любяць яны і маляваць, знаходзяць час на догляд за папугаем Сёмам. Жыццё ў рэжыме нон-стоп сястрычак не напружвае. Сучасны мэйнстрым ім па душы. Веды насіць не цяжка. Нездарма ж кажуць на ўсходзе: тое, што спазнаў у дзяцінстве, застаецца з табой назаўсёды.

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий