Хачу ўлюбiцца!

Молодежный курьер

Калі ваша мара пазітыўная і шчырая, то яна абавязкова здзейсніцца! Але марыць трэба вельмі моцна і беззапаветна, як у дзяцінстве, – тады ўвесь Сусвет будзе вам дапамагаць.

У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы знайшлі спосаб, які паскарае працэс выканання жаданняў. Каб мара ажыццявілася, трэба не проста ўвесь час думаць пра яе – лепш запісаць жаданне на паперцы-шарыку, які затым прымацаваць на чароўную ёлку. І памятаць, што пад Новы год адбываюцца цуды!

Колькасць папяровых шароў на ёлцы з кожным днём расце. На рознакаляровых кружочках юныя наведвальнікі кніжнай скарбніцы занатоўваюць свае жаданні. Ёсць сярод іх матэрыяльныя: хтосьці марыць пра планшэт, айфон, сабаку, цацку “Літл пэт шоп”. Можна сустрэць надпісы па-дзіцячаму наіўныя і прастадушныя – “Галоўнае – каханне, а ўсё астатняе дадасца”; дзелавітыя – “Зычу вам дасягнуць усіх пастаўленых мэтаў”; пазітыўныя – “Каб ва ўсіх быў добры настрой”, “Жадаю ніколі не сумаваць. Усе дні з усмешкі пачынаць!”, “Пабольш сонца ў жыцці, каб кожны дзень быў светлы!”, “Зычу ўсім здароўя!”; кранальныя – “Жадаю Яне выздаравець”; замілавальныя – “Хачу ўлюбіцца!!!”.

Няхай так усё і будзе!

Алена ПАШКЕВІЧ

 

    Сямігадовая Марыя Жамоздзік на Новы год спадзяецца знайсці пад ёлкай новыя дзіцячыя часопісы, а вось дзяўчынкі-падлеткі мараць пра першае спатканне з сімпатычным хлопчыкам.



Добавить комментарий