Якіх цудаў чакаеце на Новы год?

Молодежный курьер

Яна СІВАЯ, 5 гадоў:

– Хачу, каб нарэшце ўдарылі моцныя маразы. Тады пайду на каток. Я з бацькамі ў мінулым годзе часта на каньках коўзалася – было вельмі весела. Ад Дзядулі Мароза ў падарунак чакаю канькі. Нядрэнна было б, каб ён прынёс мне і лыжы. Але больш за ўсё мару пра жывое пушыстае кацянё. Хаджу разам з татам на ёлачны кірмаш. Дапамагаю выбіраць жывое дрэўца. Потым удваіх яго ўпрыгожваем. Калі наша ёлка Дзядулю Марозу спадабаецца, ён будзе шчодры на падарункі.

Максім КЛАЧКО, 6 гадоў:

– Сюрпрызу чакаю ад Снягурачкі, мне здаецца, яна больш шчодрая. Мару пра машынку на пульце кіравання. А вось мая малодшая сястра Віялета любіць толькі цукеркі і лялькі, астатнія ж падарункі адразу ломіць. Спачатку сваю мару тату расказваю, а ён ужо, як дарослы, перадае яе Дзеду Марозу. Мама на свята заўсёды пячэ для нас смачны торцік. Я для яе таксама падрыхтаваў сюрпрыз – паштоўку, а для таты – рыбку з рознакаляровай паперы, ён у нас – рыбак.

Паліна ГІЛЬ, 5 гадоў:

– Маім бацькам Дзядуля Мароз не патрэбен. Яны дораць падарункі адзін аднаму. Мама тату – адзенне, а тата маме – духі. Мы ж, дзеці, не можам абысціся без Дзеда Мароза. Аднак я яго ніколі не бачыла. Ён, на жаль, заўсёды прыходзіць, калі мы гуляем на вуліцы. Спадзяюся, на Новы год прынясе мне ляльку “Барбі”. А ў садку на свяце Дзядуля несапраўдны, у казачны чырвоны касцюм апранаецца нейкі дзядзечка, які дорыць нам толькі цукеркі.

Пеця НАХАЙ, 5 гадоў:

– Я ніколі не быў на Месяцы, таму папрашу ў Дзядулі Мароза, каб, калі вырасту, стаць лётчыкам: буду лётаць на ракеце. Летам мару павандраваць на паветраным шары. Нядрэнна будзе, калі і самакат з’явіцца. На Новы год я ніколі не сумую: у мяне ёсць родныя браты і сёстры – Мірон, Яфрэм, Марыя і Валя. Мы высветлілі, што Дзед Мароз трапляе ў дом праз дымавую трубу. Калі ж у вас трубы няма, трэба сядзець ціха, каб пачуць, як казачны госць пастукае ў дзверы, і хуценька адчыніць яму. 



Добавить комментарий