Пяціканцовая зорка іх шчасця

Общество

Шчаслівыя сем’і падобныя паміж сабой, бо ў іх пануюць узаемаразуменне, узаемадапамога, узаемапавага і г. д. Усе гэтыя “ўзаема” прысутнічаюць і ў сям’і Сяргея Іосіфавіча і Наталлі Вітальеўны Макарэвічаў.

Жылі Сяргей і Наталля ў адным горадзе, а пазнаёміліся выпадкова на дыскатэцы. Праз нейкі час зноў выпадкова сустрэліся і неяк паступова прыйшло каханне. Ажаніўшыся, марылі пра добрую сям’ю, пра свой дом, пра дзетак. Хацелася дваіх: дзяўчынку і хлопчыка. Што стануць шматдзетнай сям’ёй і не думалі…

Цяпер у сям’і растуць тры прыгажуні-дзяўчынкі: Карына, Крысціна і Караліна. Бацькі на большых дачок не нарадуюцца: вучацца добра, выдатна спяваюць, наведваюць розныя гурткі і факультатывы. Крысціна вучыцца ў музычнай школе. Маленькай Караліне 2 гады, але яна таксама, як і сёстры, любіць спяваць. На пытанне, адкуль такія вакальныя даныя ў дзяўчынак, бацькі адказваюць, што напэўна пайшлі ў бабулю, Тамару Сяргееўну Макарэвіч, якая з’яўляецца ўдзельніцай народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы”.

Сяргей Іосіфавіч працуе дальнабойшчыкам. У кожны свой прыезд бацька стараецца пабольш часу ўдзяліць сям’і, дзецям. Разам яны наведваюць цікавыя гістарычныя і культурныя мясціны. Дочкі хваляцца, што з бацькамі пабывалі ў Хатыні, на “Лініі Сталіна”, на Кургане Славы, у Мірскім замку, Нясвіжы, Станькаве. Наведваюць музеі, нядаўна былі ў Музеі акеаналогіі. Пабывалі ва ўсіх Мінскіх парках не адзін раз. Сяргей Іосіфавіч плануе пасля Новага года звазіць сям’ю на Якуцкія горы, што ў Дзяржынскім раёне, пакатацца на лыжах, снегаходах, квадрацыклах.

У сям’і склалася традыцыя святкаваць Новы год дома. Рыхтуюцца загаддзя, прадумваюць, што лепш купіць на святочны стол, дзяўчаты займаюцца падрыхтоўкай конкурсаў, гульняў. Сумна не бывае ніколі. Уся сям’я чакае цудаў ад Новага года, а дзеці падарункаў ад Дзеда Мароза. Крысціна распавядае, што ён ніколі не абмінае іх кватэру, і на раніцу, 1 студзеня, яна і сястрычкі знаходзяць пад ёлкай падарункі. У гэтым годзе яны, як і звычайна, напісалі пісьмы Дзеду Марозу, а бацька адвёз іх на пошту. Цяпер дзяўчынка з нецярпеннем чакае атрымаць у падарунак гітару. 1 студзеня Макарэвічы ўсей сям’ёй ходзяць на гарадское свята для дзяцей.

Караліну ўсе песцяць, бо яна самая меншая, асабліва бацька, які не спускае яе з рук. Сяргей Іосіфавіч не крыўдуе на лёс, што ў сям’і ён адзіны мужчына, бо акружаны любоўю чатырох самых лепшых жанчын у свеце.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий