Аднапакаёўка – аазiс творчасцi

Общество

Што вы робіце з перагарэўшымі электрычнымі лямпачкамі? Нядзіўна, калі выкідваеце як непатрэбную рэч, што адслужыла сваё. Аднак ёсць людзі, якія лямпачкі збіраюць і прымушаюць іх ізноў выпраменьваць цеплыню і святло. Напрыклад, Наталля ХАРЧАНКА з вуліцы Гагарына райцэнтра асвоіла з іх выраб эксклюзіўных ёлачных упрыгажэнняў.

Навагодняя ёлка ў сям’і Харчанка стракаціць цацкамі ручной работы.  Асновай для кожнай з іх паслужыла электрычная лямпачка. На зялёных лапках калышуцца сімпатычны вожык-вандроўнік у капелюшы, цёпла апрануты пінгвін, нявеста-несмяяна ў пышнай сукенцы, пасяліліся тут і мачо-мексіканец, засмучаны нечым снегавік, Ямеля, працавітая пчолка з двума вядзерцамі мёду і іншыя яркія персанажы.

Працэс стварэння цацкі нескладаны, калі валодаеш фантазіяй і цягай да творчасці. Для пачатку лямпачкі пакрываюцца белай водаэмульсійнай фарбай, некалькі сутак сохнуць. Затым цаццы малююць твар і ў бяздушнага шкла раптам з’яўляецца характар. Наталля стварае для будучай лялькі гардэроб: вяжа мініяцюрныя шапкі, шалікі, рукавічкі, шкарпэткі, шые сукенкі, кофтачкі, штонікі, камізэлькі і іншае моднае адзенне.

Ператвараць лямпачку ў эксклюзіўнае ўпрыгажэнне надзвычай займальна. Наталля захапляецца хэнд-мэйдам не адна. Ёй ахвотна дапамагае муж Віталій, які не саступае жонцы ў майстэрстве. Напрыклад, пчолка, вожык, пінгвін, якіх вы бачыце на фота, – адмысловая работа яго мужчынскіх рук. За творчасцю бацькоў з цікавасцю назірае трохгадовая дачка Маргарыта.

Колькі стварылі такіх цацак – ужо і з ліку збіліся. Іх цэлымі камплектамі дарылі сваякам і сябрам, якія прыходзілі ў захапленне ад такога нечаканага сюрпрызу.

Але яшчэ больш дзівішся, калі даведваешся, што Наталля і Віталій – ваеннаслужачыя мясцовай воінскай часці. Здавалася б, што агульнага паміж мастацтвам, паэтычнасцю і пяшчотай і армейскімі буднямі? Аж не. Дзіўныя людзі жывуць побач з намі.

Усе, хто бывае ў гасцях у аднапакаёвай кватэрцы Харчанкаў, атрымліваюць масу пазітыўных эмоцый ад убачанага. Наталля здолела ператварыць маленькую жылплошчу ва ўтульны куток. На кухні, напрыклад, яна распісала частку сцяны ў яркія кветкі. Дэкор на шпалеры наносіць гуашшу. Упрыгожваюць кухню і некалькі пано, якія гаспадыня напісала маслам. У зале на сцяне таксама роспіс – дрэўца з ружовымі кветкамі. Віталій, гледзячы на творчасць жонкі, таксама ўзяўся маляваць карціну-фэнтазі.

Наталля піша маслам не толькі пейзажы, партрэты, але і іконы. Яна ўмее вязаць, вышываць, плесці з саломкі, рабіць арыгінальны манікюр, размалёўваючы пазногці арабескамі, і нават рэзаць па дрэве. За плячамі ў таленавітай мастачкі – Вілейскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча з чырвоным дыпломам і спецыяльнасцю разьбяра па дрэве. Другая адукацыя Наталлі – вышэйшая: скончыла Гуманітарна-эканамічны інстытут кіравання.

Агульнае хобі прыўнесла ў сямейныя адносіны яшчэ больш гармоніі і шчырасці.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий